Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ва ўмовах няспынных рэпрэсій, — праваабаронцы пра вынікі чэрвеня-2020 


Затрыманьні ў Горадні
Затрыманьні ў Горадні

Выбарчая кампанія ў Беларусі праходзіць на фоне бесьперапынных рэпрэсій і ў атмасфэры запалохваньня, гаворыцца ў штомесячнай справаздачы Праваабарончага цэнтру «Вясна».

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

У дакумэнце адзначаецца, што ў чэрвені назіралася рэзкае пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека ў краіне. Колькасьць палітвязьняў вырасла да 22, што супастаўна з найбольш цяжкім крызісам з правамі чалавека ў 2010–2011 гадах. Эўразьвяз і ЗША запатрабавалі вызваліць затрыманых і правесьці сумленныя і справядлівыя выбары.

Праваабарончая арганізацыя Amnesty International распаўсюдзіла заяву аб прызнаньні новых беларускіх зьняволеных вязьнямі сумленьня.

Як адзначаюць праваабаронцы, адбываліся шматлікія затрыманьні ў рамках крымінальнай справы за падзеі 29 траўня ў Горадні паводле ч. 1 арт. 342 КК (групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Абвінавачваньні прад’яўленыя Сяргею Ціханоўскаму, Дзьмітрыю Фурманаву, Вяргілію Ушаку, Аляксандру Арановічу, Васілю Баброўскаму, Арцёму Сакаву, Уладзімеру Навуміку, Андрэю Новікаву.

Пасьля правядзеньня ў шэрагу гарадоў мірных акцый па краіне пракацілася хваля затрыманьняў блогераў у межах крымінальнай справы па ч. 1 арт. 342 КК. Так затрымалі Аляксандра Кабанава, Уладзімера Цыгановіча, Ігара Лосіка, Сяргея Пятрухіна, Уладзімера Няронскага. Таксама зьмешчаны ў СІЗА № 1 Менску Мікола Статкевіч.

Рэзананс атрымала зьмяшчэньне ў СІЗА КДБ патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і кіраўніка яго ініцыятыўнай групы — сына Эдуарда. Затрыманьню папярэднічалі публічныя пагрозы ад шэрагу высокапастаўленых асобаў, у тым ліку і Лукашэнкі. Таксама затрыманыя сябры ініцыятыўнай групы Бабарыкі, накладзены арышт на сродкі выбарчага фонду.

Занепакоенасьць праваабарончай супольнасьці выклікаюць факты парушэньня правоў палітвязьняў, якія ўтрымліваюцца ў СІЗА, ЦІП і ІЧУ: сыстэматычны нядопуск да іх адвакатаў, а таксама негуманнае абыходжаньне.

18, 19 і 20 чэрвеня ў Менску і іншых гарадах прайшлі акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі. Нягледзячы на мірны характар сходаў, супрацоўнікі міліцыі затрымалі зь непрапарцыйным ужываньнем фізычнай сілы больш за 360 чалавек амаль у двух дзясятках месцаў, пішуць праваабаронцы.

Усяго ад пачатку выбарчай кампаніі да адміністрацыйнай адказнасьці прыцягнута каля 600 чалавек: 101 арыштаваны, звыш 200 аштрафавана на агульную суму больш за 180 тысяч рублёў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG