Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Была каманда затрымліваць усіх датычных». У Горадні асудзілі каардынатара ініцыятыўнай групы Ціханоўскай


Зьміцер Фурманаў падчас суду 1 ліпеня (Фурманава судзілі дыстанцыйна, па відэасувязі)
Зьміцер Фурманаў падчас суду 1 ліпеня (Фурманава судзілі дыстанцыйна, па відэасувязі)

Зборшчыка подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую Зьмітра Фурманава, якога затрымалі на пікеце разам з крэслам, асудзілі за непадпарадкаваньне міліцыі. Гэта ўжо шосты фігурант крымінальнай «справы Ціханоўскага», якога асудзілі паводле адміністрацыйнай справы.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Зьміцер Фурманаў — каардынатар ініцыятыўнай групы Ціханоўскай. Ён 29 траўня на Савецкай плошчы зьбіраў подпісы за патэнцыйную кандыдатку ў прэзыдэнты, калі яго затрымалі.

Справу разгледзеў судзьдзя Юры Казакевіч. Адвакат Фурманава — Вадзім Мушынскі.

Паводле пратаколу, Фурманаў на пікеце ў Горадні 29 траўня не падпарадкоўваўся супрацоўнікам міліцыі Пацую і Хацуку пры затрыманьні.

Сваёй віны Фурманаў не прызнаў.

Падчас суду
Падчас суду

Як ён расказаў, у той дзень ён зьбіраў подпісы за Ціханоўскую на законным пікеце. Убачыў, як міліцыянт аказаўся на зямлі, але працягнуў працу. Неўзабаве да яго са сьпіны падышлі некалькі незнаёмых мужчын у цывільным адзеньні і з маскамі на тварах, падхапілі на плечы разам з крэслам і панесьлі ў невядомым кірунку.

Фурманаў спужаўся за сваю бясьпеку і пачаў клікаць на дапамогу. Тады яго адзін зь незнаёмцаў ударыў у твар. Ён страціў прытомнасьць, не разумеў, што адбылося. Ачуняў на падлозе ў мікрааўтобусе ад болевага прыёму на запясьці.

Ніякіх тлумачэньняў, патрабаваньняў, просьбаў ад тых, хто затрымліваў, не было.

Супрацоўнік АМАП Пацуй, які быў сьведкам, расказаў, што пасьля таго, як падчас тузаніны ўпаў міліцыянт, амапаўцам далі каманду затрымліваць усіх, хто датычны да інцыдэнту. Пацуй з напарнікам падышлі да Фурманава і прапанавалі прайсьці зь імі. Па словах Пацуя, той супраціўляўся, упіраўся, не хацеў ісьці. Яму заламілі абедзьве рукі за сьпіну.

Па словах Пацуя, Фурманаў хутка адыходзіў ад месца інцыдэнту. Быў прыкладна за 10 мэтраў ад міліцыянта на зямлі.

— Чаму вы вырашылі затрымаць менавіта Фурманава, якія супрацьпраўных дзеяньні ён рабіў? — запыталі ў сьведкі.

— Ён адыходзіў хуткім крокам, — адказаў Пацуй.

На хадайніцтва падсуднага ў якасьці сьведак апыталі ягоных бацькоў.

У судзе над Зьмітром Фурманавым
У судзе над Зьмітром Фурманавым

Бацька Зьмітра Аляксандар Фурманаў расказаў, што 29 траўня, калі ягоны сын Зьміцер зьбіраў подпісы за Сьвятлану Ціханоўскую, сам ён быў непадалёк. Ад Зьмітра да міліцыянта на зямлі, паводле бацькі, было каля 25–30 мэтраў. Зьмітра затрымлівалі 6 чалавек у цывільным адзеньні, перанесьлі разам з крэслам праз сквэр і закінулі ў мікрааўтобус.

«Нас гэта вельмі ўсхвалявала. Скралі, куды павезьлі, незразумела», — выказаўся Аляксандар Фурманаў.

Маці Зьмітра Вольга Фурманава засьведчыла, што сына схапілі і панесьлі ў мікрааўтобус. Яна не зразумела, што затрымліваюць яго міліцыянты, баялася, што маглі некуды вывезьці і забіць.

Суд пакараў Фурманава 10 суткамі адміністрацыйнага арышту.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG