Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спартоўцы заявілі, што ім забаранілі выказвацца пра палітычныя падзеі ў Беларусі


Легкаатлетка Надзея Астапчук публічна кртытыкавала беларускія ўлады. Архіўнае фота
Легкаатлетка Надзея Астапчук публічна кртытыкавала беларускія ўлады. Архіўнае фота

Спартоўцам і трэнэрам пад пагрозай «непажаданых наступстваў» забаранілі кантактаваць зь недзяржаўнымі СМІ. Гэта Свабодзе паведамілі два атлеты, якія раней выступалі ў складзе алімпійскай зборнай Беларусі. Прозьвішчы яны прасілі не называць.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«Спартоўцаў і трэнэраў паставілі перад фактам: акрамя дзяржаўных СМІ, ні з кім на палітычныя тэмы не гаварыць», — паведаміла Свабодзе ўдзельніца нацыянальнай каманды ў лёгкай атлетыцы, якая пажадала застацца ананімнай.

Паводле яе, бальшыня атлетаў лічацца на пасадах інструктараў у Міністэрстве спорту і турызму, а таму з гледзішча чыноўнікаў, любая крытыка ўладаў выглядае як «здрада» таму, хто яго «корміць».

Тое, што забарона на выказваньне ўласнай думкі ў незалежных СМІ распаўсюджваецца ня толькі на дзейных чальцоў зборнай, паведаміў Свабодзе іншы алімпійскі прызэр-легкаатлет. Ён расказаў, што гэта тычыцца і ягоных калегаў-«пэнсіянэраў», якія пасьля завяршэньня кар’еры на грамадзкай аснове далучаныя да фэдэрацый у сваіх дысцыплінах.

«Не магу нічога камэнтаваць, цэнзура, — наракае спартоваец. — Да ўсіх давялі, каб свае думкі пакінулі пры сабе, іначай будуць наступствы. Дзеля справядлівасьці, наўрад ці што могуць зрабіць, бо ў фэдэрацыі я і так амаль нічога не атрымліваю. Але жыцьцё папсуюць, гэта факт».

Беларускія футбалісты і хакеісты ня раз у адказ на просьбу пракамэнтаваць палітычныя баталіі або казалі, што яны «па-за палітыкай», або давалі зразумець, што ня маюць такой магчымасьці з прычыны «вонкавых фактараў».

Затрыманьні апанэнтаў улады, міліцэйскі гвалт, разгоны мірных акцый выклікалі рэакцыю сярод прадстаўнікоў вялікага спорту. Шэраг спартоўцаў у сацыяльных сетках і інтэрвію асудзілі жорсткія напады. Сярод іх легкаатлетка Надзея Астапчук, гімнастка Меліціна Станюта, фрыстайлістка Аляксандра Раманоўская, баскетбаліст Мікіта Мешчаракоў, баксэр Іван Баранчык, лыжнік Сяргей Далідовіч, пляжны футбаліст Валер Макарэвіч, трэнэры Віктар Дойлідаў, Уладзімер Парфяновіч, Алена Клімава ды іншыя.

У абарону дзейнай улады і з крытыкай апанэнтаў улады выказаліся спартовыя функцыянэры Максім Рыжанкоў, Дзьмітры Баскаў, Вадзім Дзевятоўскі, вясьляр Аляксандар Багдановіч, хакейны трэнэр Міхаіл Захараў, малатабоец Іван Ціхан, прадстаўніца вольнай барацьбы Васіліса Марзалюк.

«Вы выступаеце за радзіму і ў сваіх учынках павінны быць сацыяльна адказнымі, — адрэагаваў на дэмарш шэрагу спартоўцаў Максім Рыжанкоў. — Кіраўніцтва краіны дае вам усе шанцы для самарэалізацыі. Вы ўсім забясьпечаныя дзякуючы той палітыцы, якая рэалізуецца ў нашай краіне. І пэўным спартоўцам, у тым ліку і былым, я б параіў менавіта пра гэта падумаць, перш чым паказушна і безадказна разважаць пра рэчы, далёкія ад іх разуменьня».

У Міністэрстве спорту і турызму Беларусі паведамілі, што забаронаў спартоўцам наконт выкавазньняў у незалежных СМІ аб палітычных падзеях не рабілі:

«Такой забароны няма, але спартоўцы самі напалоханыя залішняй увагай і лічаць за лепшае абмежаваць кантакты з прэсай».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG