Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баскетбалістаў папярэдзілі пра недапушчальнасьць выказваньняў супраць улады 


Максім Рыжанкоў і Віктар Лукашэнка, 2019 год
Максім Рыжанкоў і Віктар Лукашэнка, 2019 год

Старшыня Беларускай фэдэрацыі баскетболу (БФБ) і першы намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Максім Рыжанкоў папярэдзіў гульцоў зборнай пра недапушчальнасьць выказваньняў пра дзейнае кіраўніцтва дзяржавы.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«Вы выступаеце за радзіму, таму неабходна памятаць, што ў сваіх учынках павінны быць сацыяльна адказнымі, — цытуе Максіма Рыжанкова супольнасьць БФБ «ВКонтакте». — Кіраўніцтва краіны дае вам усе шанцы для самарэалізацыі. Вы павінны быць арыентырам ва ўсім — ня толькі на пляцоўцы, але і ў жыцьці.

Ні ў аднаго з вас няма ні фінансавых, ні бытавых праблемаў — вы ўсім забясьпечаныя дзякуючы той палітыцы, якая рэалізуецца ў нашай краіне. І пэўным спартоўцам, у тым ліку і былым, я б параіў менавіта пра гэта падумаць, перш чым паказушна і безадказна разважаць пра рэчы, далёкія ад іх разуменьня».

22 чэрвеня мужчынская зборная Беларусі пачала трэнавацца на базе спартовага комплексу менскага клюбу «Цмокі». У складзе каманды няма Мікіты Мешчаракова. За некалькі дзён да таго спартовец крытычна выказаўся пра тое, што адбываецца ў Беларусі вакол прэзыдэнцкіх выбараў. У фэдэрацыі патлумачылі, што гэта ніяк не зьвязана зь яго заявамі, бо баскетбаліст рыхтуецца да чэмпіянату Эўропы ў складзе нацыянальнай каманды ў стрытболе.

Пра адсутнасьць выбару ў беларусаў раней таксама выказаліся былы гулец зборнай Аляксандар Куль і адна з наймацнейшых баскетбалістак краіны Алена Леўчанка.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG