Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Легкаатлетка Надзея Астапчук: «Палітычнае балота нарэшце пачало прачынацца»


Надзея Астапчук пасьля перамогі на Алімпійскіх гульнях у Лёндане, 2012 год
Надзея Астапчук пасьля перамогі на Алімпійскіх гульнях у Лёндане, 2012 год

«Людзі павінны разумець: ня хочаш страціць голас — не хадзі на датэрміновае галасаваньне. І задача кандыдатаў у тым, каб пераканаць прыходзіць менавіта ў дзень выбараў. Гэтыя галасы падтасаваць нашмат складаней».

Шматразовая прызэрка эўрапейскіх і сусьветных першынстваў Надзея Астапчук пра закулісьсе вялікага спорту, палітычную перазагрузку і моўных штрайкбрэхераў.

Ад сярэдзіны нулявых штурхальніцы ядра Надзеі Астапчук не было роўных у сьвеце. Яна пасьлядоўна скарыла ўсе найвышэйшыя п’едэсталы — ад нацыянальнага да эўрапейскага, усясьветнага і алімпійскага.

Аднак праз тыдзень пасьля заваяваньня залатога мэдаля на Алімпіядзе-2012 у Лёндане тэсты паказалі наяўнасьць у арганізьме допінгу. Пазьней трэнэр узяў адказнасьць на сябе: прызнаўся, што дадаваў у ежу стымулятары.

Фэдэрацыя лёгкай атлетыкі Беларусі прыняла да ведама рэкамэндацыі Міжнароднага алімпійскага камітэту і зацьвердзіла чатырохгадовую дыскваліфікацыю. Спартоўку адлічылі з зборнай.

У жніўні 2016 году тэрмін забароны скончыўся, але ў штурхальніцкі сэктар Надзея Астапчук так і ня выйшла. І гэта ўжо іншая гісторыя.

«У параўнаньні з папярэднімі кампаніямі беларусы здолелі пераадолець страх»

Надзея Астапчук і раней сьмела выказвалася на грамадзка-значныя тэмы — выступала за аднаўленьне нацыянальнай сымболікі, пашырэньне беларускай мовы. За апошнія гады яе палітычная загартоўка толькі ўзмацнілася. Усьцешаная, што нарэшце землякі пакрысе выходзяць з стану самнамбулаў.

«Я вельмі радая, што наша палітычнае балота, якое зусім застаялася і толькі зрэдку «булькала», нарэшце пачало прачынацца. Людзі ўсьвядомілі, што таксама маюць правы і мусяць іх адстойваць. У жыцьці не магла ўявіць — каб паставіць подпіс за прэтэндэнта, беларусы будуць стаяць у шматгадзінных чэргах. Гэта настолькі дзіўна, што хочацца натхняцца і верыць у лепшае. Шчыра скажу: хацела ў мінулыя выходныя таксама паставіць подпіс, але ня вытрымала такой чаргі на Камароўцы, проста стамілася стаяць. Давялося паўторна выбрацца ў будзень».

Як і бальшыня людзей з чэргаў, падтрымала трох прэтэндэнтаў: Віктара Бабарыку, Сьвятлану Ціханоўскую і Валерыя Цапкалу. Гэта тыя асобы, якіх яна хацела б бачыць рэальнымі кандыдатамі ў прэзыдэнты. А тое, што ўлады ўсялякімі спосабамі спрабуюць не дапусьціць іх да вырашальнай стадыі, сьведчыць пра адно — рэальную паніку.

«Нэрвознасьць, няўпэўненасьць — усё відавочна, — лічыць былая спартоўка. — Таму ўсе брутальныя затрыманьні, крымінальныя справы, ператрусы ў кватэрах і офісах — толькі ад гэтага. Але трэба сказаць, што нават у параўнаньні з папярэднімі кампаніямі беларусы здолелі пераадолець страх. Магчыма, пабачылі наперадзе пэрспэктыву. Бо калі маеш перад сабой мэту, ідзеш да яе, не зважаючы на перашкоды. Як ні высакамоўна, нават ахвяруючы сабой. У кожным разе тое, што зьмены ёсьць і яны заўважныя, вельмі добра і дае пэўную надзею».

Этап збору подпісаў яшчэ не завершаны, а выбарчая кампанія выдала чарговую партыю палітзьняволеных. Гэта Сяргей Ціханоўскі і ягоныя паплечнікі, затрыманыя падчас збору подпісаў у Горадні за Сьвятлану Ціханоўскую. Надзея Астапчук кажа, што да пачатку сёлетняй кампаніі пра існаваньне гомельскага блогера нават не здагадвалася. Але ўлады зрабілі ўсё, каб пра яго даведалася ўся Беларусь.

«Калі на Ціханоўскага ўчынілі сапраўднае паляваньне, адмыслова зайшла на ягоны канал, паглядзела відэаролікі. Трэба ж ведаць, за што чалавека ганяюць? Ды ні за што! Зьбірае, як людзі выказваюцца пра бязьдзеяньне ўладаў, пра безгаспадарнасьць на месцах. Усё як звычайна, што новага ён адкрыў? Абсалютна нічога, за што можна перасьледаваць. Прынамсі ня той выпадак, каб падганяць пад крымінал. Не, загналі ў турму. Затое гэтай справай стварылі яшчэ большую папулярнасьць і яму самому, і ўсяму праекту «Краіна для жыцьця». Абсурд нейкі…»

«Людзі павінны разумець: калі ня хочаш страціць голас — не хадзі датэрмінова»

Надзея Астапчук кажа, што да нядаўняга часу была прыхільніцай байкоту прэзыдэнцкіх выбараў, але цяпер ёсьць сэнс пазмагацца. Вядома, калі ня здарыцца форс-мажору з рэгістрацыяй тых, хто здольны скласьці канкурэнцыю дзейнаму кіраўніку краіны.

«Спачатку дачакаемся, каго зарэгіструюць. Бо прыдумае Ярмошына адмазку, пакінуўшы толькі спарынг-партнэраў,сэнс тады ў такіх выбарах? Але калі пройдуць рэальныя канкурэнты, трэба ісьці. Калі нічога не рабіць, то нічога і ня зьменіцца. Трэба спрабаваць. Адзінае, як звычайна, шмат махінацыяў, асабліва падчас датэрміновага галасаваньня. Стабільна малююць 30-35%. Людзі павінны разумець: ня хочаш страціць голас — не хадзі датэрмінова. І праца кандыдатаў у тым, каб пераканаць прыходзіць менавіта ў дзень выбараў. Гэтыя галасы падтасаваць нашмат складаней».

Для агітацыі за Аляксандра Лукашэнку мабілізуюць ня толькі прафсаюзы ды бээрсээмаўцаў, а і цяжкую артылерыю — уганараваных спартоўцаў. Апошнім часам з патаснымі прамовамі на старонках цэнтральных і рэгіянальных выданьняў, у сацыяльных сетках «засьвяціліся» вядомыя атлеты, якія агітавалі за «стабільнасьць» і яе галоўнага архітэктара. Пры тым, што ў іншых выпадках падчас інтэрвію яны падкрэсьліваюць сваю «апалітычнасьць».

Мажліва, рэч у тым, што ў кіраўніцтве беларускага спорту ажно трое Лукашэнак, пакуль без малодшага Мікалая, які абмяжоўваецца хакеем. Аляксандар і Віктар — адпаведна прэзыдэнт і першы ягоны намесьнік у Нацыянальным алімпійскім камітэце. Дзьмітры — кіраўнік прэзыдэнцкага спартовага клюбу з шырокімі паўнамоцтвамі.

«Хто найперш выступае за дзейнага? Функцыянэры на вялікіх заробках. Зразумела, будуць «тапіць» за таго, хто іх фінансуе. Як сябе перасіліць і сказаць, што супраць? Трэба мець моцны характар. У спорце такіх адзінкі. Калі раней знаходзіліся тыя, хто не баяўся казаць праўду ў вочы, то паступова сьмеласьць выбілі. Мабыць, ёсьць ідэйныя, гатовыя памерці за Лукашэнку. Але калі размаўляеш, асноўнай масе сытуацыя не падабаецца. А потым чытаеш інтэрвію — і дзіву даесься. Бо калі думка сфармавалася, яна павінна быць усюды аднолькавая, ня гнуцца з парывамі ветру».

«Адрозна ад тэнісу ці хакею, у лёгкай атлетыцы неймаверных сумаў няма»

Для самой Надзеі апошнія гады не былі простыя. Каб вярнуцца ў строй, запатрабавалі папярэдне вярнуць Міжнароднай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі прызавыя, пачынаючы ад 2008 году — постфактум яе пазбавілі і бронзавай узнагароды Пэкіну. Агулам размова пра суму, эквівалентную 300 тысячам даляраў. Кажа, што на рукі атрымала прыкладна 60% ад названай лічбы. Астатняе зьядаюць падаткі, аплата паслугаў трэнэра, мэнэджэраў і г.д.

Спадзевы кампэнсаваць з дапамогай фэдэрацыі розьніцу паміж рэальнымі ганарарамі і грашыма, якіх ня бачыла ў вочы, выявіліся марнымі. Яе калега ў зборнай, экс-малатабоец і цяперашні старшыня Беларускай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі, які сам прайшоў міжнародныя суды, аспрэчваючы допінгавыя вэрдыкты, шмат абяцаў, але мала чым паспрыяў.

«Пару разоў сустракаліся — дапамагу, напружымся, пашукаем. Пасялілася вера, што будуць за мяне змагацца. А зь цягам часу стала падобна на кармленьне «завтраками». Магчыма, не хацеў, каб я справакавала канфлікт. Як варыянт — больш агрэсіўна пакантактаваць з IAAF, прапаноўвалі супрацоўніцтва… Цяжка аддаць тое, чаго не было. Можна нават паспрабаваць самой. Але дзеля якой мэты? Гэта вялікія грошы! Адрозна ад тэнісу, хакею, у лёгкай атлетыцы неймаверных сумаў няма, я цяжка зарабляла 10 гадоў. Улазіць у даўгі? А пасьля? Як і на што жыць?».

Паколькі пацягнуць выплаты самастойна не было як, Надзея Астапчук прасіла дапамагчы своеасаблівым крэдытам, каб потым вяртаць грошы з прызавых. Партнэрам заставалася толькі паверыць, што яна сапраўды зможа зарабіць.

«Спонсараў не знайшлі, — канстатуе яна. — Дзяржава, фэдэрацыя «крэдытаваньнем» ня маюць права займацца. Найбольш крыўдна за страчаны час. Пасьля Лёндану я фактычна пайшла з спорту. А ў жніўні 2016-га, калі скончылася дыскваліфікацыя, пазваніў Дзевятоўскі: вяртайся, пачынай рыхтавацца. Два гады адпрацавала на энтузіязьме. Ніякай дапамогі, толькі ілюзіі, што змагу вярнуцца ў спорт і патрэбная зборнай. Замест таго, каб шукаць варыянты працаўладкаваньня, паглыбілася ў трэнаваньне. І ўсё бяз сэнсу».

Сама Надзея Астапчук не выключае, што рэч нават не ў грашах, якія патрабуе вярнуць Міжнародная фэдэрацыя лёгкай атлетыкі, а ў закулісных змовах. Канкурэнцыя ў гэтай дысцыпліне надзвычай вострая. Многім вяртаньне на арэну дасьведчанай атлеткі пагражала месцам на міжнародных п’едэсталах.

«Каб дзяржаве сапраўды быў неабходны мэдаль, мне б дапамаглі. Давайце казаць аб’ектыўна: адной зь нямногіх у лёгкай атлетыцы, хто гарантавана здабываў узгнагароды, была я. Сучасны максымум штурханьня ядра — недзе раз на год стрэліць пад 20 мэтраў (у Надзеі Астапчук стабільны паказьнік больш за 21 мэтар. — РС). Узровень істотна зьнізіўся. Сумнявацца, што я не магла выйграць, — глупства. Кожны спэцыяліст пацьвердзіць, што лёгка гэта зрабіла б. Але выявілася, што ў гэтай краіне банальна нікому не патрэбная».

Пасьля выключэньня ў 2012 годзе са зборнай у Надзеі Астапчук няма ні стабільнага заробку, ні спартовых стыпэндыяў. Сёлета ёй споўніцца 40, але ня хоча верыць, што менавіта гэта было адной з падставаў, каб адправіць яе ў «тыраж». Штурханьне — досыць узроставая дысцыпліна, яе калегі ставалі чэмпіёнамі нават у 42-45 гадоў.

«Паколькі дома не патрэбная ні ў якой якасьці, давялося шукаць варыянт за мяжой»

У Надзеі Астапчук ёсьць «цывільная» адукацыя — яна выпускніца гістарычнага факультэту БДУ. Спорт ня даў спрактыкавацца ў гэтым кірунку, таму варыянт адпаведнай працы малаімверны. Каб не «замарожаная рэабілітацыя», засяродзілася б на трэнэрскай кар’еры — балазе, прапановы былі.

Надзея Астапчук дома
Надзея Астапчук дома

Страціўшы надзею на спрыяньне ад роднай фэдэрацыі, сёлета канчаткова ўзважыла «за» і «супраць» і прыняла запрашэньне паспрабаваць сілы за мяжой. Але каранавірус заблякаваў межы, ускочыць у апошні вагон не пасьпела.

«Спорт — гэта маё жыцьцё, пачынаючы зь дзяцінства. Наступным этапам хацелася паспрабаваць сябе ў якасьці трэнэра. Вучылася, наведвала трэнэрскія сэмінары, праходзіла амэрыканскія онлайн-праграмы. Цікава гэтым займацца. Але так склалася сытуацыя, што некалькі гадоў страціла марна, а цяпер, калі нібыта пачало наладжвацца, зноў апынулася бяз пэўнай пэрспэктывы. Паколькі Беларусі я не патрэбная ні ў якой якасьці, давялося шукаць варыянт за мяжой. Вяла перамовы з адной краінай. На жаль, умяшаўся каранавірус, пляны парушыліся».

Суразмоўніца спадзяецца, што пасьля нармалізацыі эпідэмічнай сытуацыі перамовы аб кантракце адновяцца. Цяперашні графік Надзеі Астапчук не перагружаны — трэнінгі толькі дзеля падтрыманьня формы. На тыдзень — дзьве-тры прабежкі плюс паход у трэнажэрную залю. З прафэсійнымі выступамі скончана, канстатуе яна.

З улікам пагрозы COVID-19 кантакты давялося абмежаваць. Што б ні казалі наверсе, навала рэальная, ніякі не «псыхоз», перакананая яна.

«Літаральна зь першых дзён, як толькі пачала разьвівацца сытуацыя, было прадказальна, што вірус да нас у кожным разе прыляціць. Таму, натуральна, уважліва сачу за навінамі, карыстаюся засьцерагальнымі сродкамі, намагаюся мінімізаваць сустрэчы. Тут жа ня ведаш, хворы ці не, а ходзіш і людзей заражаеш. Ніякай бравады, усе захады выконваю. Ну а кантакты збольшага перайшлі ў онлайн. Як ні дзіўна, больш стала часу, пашырылася і кола людзей, зь якімі ўсталяваліся ці аднавіліся зносіны».

«Спадзяюся, некаторым людзям будзе сорамна, што абражалі беларускую мову»

Надзея Астапчук нарадзілася 28 кастрычніка 1980 году ў вёсцы Вялікія Арлы на Століншчыне, у простай сям’і. Мама працавала ў Доме быту, тата ўсё жыцьцё ў ПМК на экскаватары. Там рабіла першыя крокі ў музыцы, маляваньні, пакуль сэлекцыянэры не перацягнулі ў спорт. Там пахаваныя яе родныя. Адтуль яе род. Беларускі. І ёй прыкра, калі калегі-спартоўцы дазваляюць сабе грэблівыя выказваньні ў адрас беларускай мовы, гісторыі, культуры.

«Вельмі сумна. Спадзяюся, сваю памылку калі-небудзь зразумеюць і за тое, што сказалі, будзе ім сорамна. Я магу размаўляць па-беларуску, хоць мазгі ў сілу абставінаў працуюць на расейскай. Няма практыкі, бо нашу мову мэтанакіравана выразалі, зьнішчалі. Як ад сярэдзіны 1990-х пачалі, так практычна і не засталося. У школе я гаварыла, думала на беларускай. І каб пакінулі балянс прынамсі 50 на 50, не было б праблемаў перайсьці з адной на другую. А так атрымалася русыфікацыя пад прыкрыцьцём «двуязычия». У сутнасьці, адзінае, што ў нас ёсьць адметнага, — мова. Што яшчэ, каб маглі звацца беларусамі?»

За прыклад моўнага адраджэньня Надзея Астапчук ставіць Украіну, дзе двумоўе ў свой час нарабіла хай ня столькі бяды, як у Беларусі, але ідэнтычнасьці пагражала сур’ёзна. Замест таго каб узяць на ўзбраеньне суседзкі досьвед ратаваньня — ад школьнай праграмы да стварэньня нацыянальных унівэрсытэтаў, — беларускія ўлады пайшлі шляхам капітуляцыі.

Нават пры «мяккай» беларусізацыі за чвэрць стагодзьдзя можна было выгадаваць генэрацыю білінгваў, якія аднолькава лёгка гавораць на роднай і другой дзяржаўнай. Цяпер жа беларускую мову пара заносіць у Чырвоную кнігу: яшчэ 10-15 гадоў такой палітыкі, і яе не застанецца як зьявы, наракае Надзея Астапчук.

«Чым больш ведаеш моваў, тым лепш. Толькі навошта казаць, што беларуская мова «дрэнная», «мёртвая», «непатрэбная». Не падабаецца? Але ж гэта мова нашай зямлі. Тое самае, што сказаць, што Беларусь не падабаецца, Радзіма. Пэўна, трэба, каб людзі перамаглі ў сваіх галовах «савок», які так глыбока там засеў. Складана, бо, у сутнасьці, вучылі быць рабамі. Без свабоды думкі, свабоды слова многія прызвычаіліся: сказалі, за каго галасаваць — ура, палітыка партыі, пабеглі. Больш самапавагі. Слухаеш па TV, чытаеш у інтэрнэце, газэтах — аналізуй, супастаўляй. Ламай стэрэатыпы, давярай сабе, а не прапагандыстам».

Пакуль што дзяржаўная прапаганда, не дапускаючы альтэрнатыўнага меркаваньня, адчувае сябе камфортна. Але новая генэрацыя, выхаваная ў бесцэнзурнай прасторы, вольная ад маральна састарэлых ідэалягічных путаў, падсумоўвае Надзея Астапчук.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG