Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спорт — адна зь нешматлікіх галінаў, дзе Беларусі ёсьць чым ганарыцца»


Пра што сьведчыць допінгавы скандал з пазбаўленьнем беларускай лёгкаатлеткі Надзеі Астапчук залатога алімпійскага мэдаля? Як можна ацаніць выступ беларускіх спартоўцаў на Лёнданскай Алімпіядзе — як правал ці як цалкам нармальны вынік? Чаму кіраўніцтва краіны ставіла перад спартоўцамі загадзя нерэальныя арыенціры, і як ацэньваюць вынікі Алімпіяды шараговыя заўзятары?

На гэтыя пытаньні адказваюць аглядальнік агенцтва «БелаПАН» Руслан Бацянкоў і карэспандэнт газэты «Народная воля» Алесь Сівы.

«Спартовец ведае, за што змагаецца».


Цыганкоў: «Разважаючы пра пазбаўленьне беларускай лёгкаатлеткі Надзеі Астапчук залатога алімпійскага мэдаля, якую з двух наступных вэрсій вы больш схільныя падтрымаць: ці вы лічыце, што „ўсе спартоўцы ўжываюць допінг, але ня ўсе трапляюцца“, альбо рэч у тым, што беларускія спартоўцы больш за іншых схільныя да выкарыстаньня допінгу? Альбо беларуская фармацэўтычная спартовая навука ня самая лепшая і ня можа схаваць тое, што, магчыма, хаваюць спартовыя навукоўцы ў іншых краінах?»

Руслан Бацянкоў: «Тут сышліся ўсе гэтыя чыньнікі, пра якія вы казалі. Спартовец ведае, за што змагаецца. У Беларусі гэта 150 тысяч даляраў за „золата“, гэта грошы, якіх у беларускіх умовах хапае надоўга. Я ня думаю, што беларускія спартоўцы тут нечым адрозьніваюцца ад іншых. Бо на допінгу трапляюцца спартоўцы зь любых краінаў, і Беларусь тут ня ў першых шэрагах. Проста мы гэта балюча ўспрымаем, бо гэта нашы.

Улічваючы, што выступ у Лёндане найгоршы за ўвесь час беларускай самастойнай каманды, страта аднаго з трох залатых мэдалёў — гэта даволі балючы ўдар».

Цыганкоў: «Дзяржаўная беларуская прэса, камэнтуючы розныя правалы беларускіх спартоўцаў на Алімпіядзе, увесь час тлумачыць гэта тым, што беларусаў засуджваюць, што існуюць розныя змовы супраць беларускай каманды».

«Трэнэры дзеля высокіх вынікаў гатовыя з маленства прывучаць да дасягненьня перамогі любымі мэтадамі»


Алесь Сівы: «Я ня думаю, што тут ёсьць нейкія змовы. На Алімпіядзе было дастаткова іншых допінгавых скандалаў, куды траплялі і прадстаўнікі заходніх краінаў.

Іншая справа, што тая ж Астапчук магла і ня ведаць, што яна ўжывала. І тут трэба праверыць усе факты, правесьці расьсьледаваньне. Бо допінгавыя скандалы сталі ўжо звычайнай справай, да якой мы ўсе прызвычаіліся.

Самае страшнае зараз, што трапляюцца на гэтым шмат беларускіх маладых спартоўцаў, якія яшчэ нічога ня выйгралі. Але іхнія трэнэры дзеля высокіх вынікаў гатовыя ісьці на тое, каб з маленства прывучаць да дасягненьня перамогі любымі мэтадамі. Натуральна, што пакуль за руку ніхто ня злоўлены, абвінавачваць нікога нельга».

Цыганкоў: «Давайце ўдакладнім. Спартоўцы, якія злоўленыя на допінгу, часта гавораць у сваё апраўданьне, што гэта былі лекі ад кашлю, лекі ад астмы і гэтак далей. Вы сапраўды верыце, што магчымы такі варыянт, што трэнэры, лекары могуць нешта падсунуць, а сам спартовец ня ведаў, што ён прымаў?»
Ведаючы Надзею Астапчук, я ня веру, што яна б пайшла на такое

Сівы: «Я кажу пра канкрэтны выпадак. Ведаючы Надзею Астапчук, я ня веру, што яна б пайшла на такое»

Цыганкоў: «Як у цэлым варта ацаніць выступ беларускіх спартоўцаў на Лёнданскай Алімпіядзе — як правал ці як цалкам нармальны вынік? Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік НАК, гаварыў пра 25 мэдалёў, але на папярэдніх Алімпіядах беларусы атрымлівалі 15, 19, што бліжэй да сёньняшняга выніку. Як вы ацэніце выступ беларусаў?»

«Большасьць заўзятараў лічыць, што гэта нармальны вынік»


Бацянкоў: «Я схіляюся да таго, што нашы спартоўцы выступілі ў сваю сілу. Ня трэба пасыпаць галаву попелам — што маем, тое маем. Задача атрымаць 25 мэдалёў ставіцца ўжо ня першы алімпійскі цыкль, але мы наблізіліся да яе толькі аднойчы, у Пэкіне ў 2008, калі заваявалі 19 мэдалёў. Зараз, напрыклад, выстралілі іншыя віды спорту — напрыклад, тэніс. Іншыя „замаўчалі“ — бокс, дзюдо, барацьба.

Шкада, што за гэтым вынікам ужо могуць пайсьці кадравыя рашэньні. Дарэчы, гэта першая Алімпіяда, калі яшчэ да яе пачатку ўжо ў кулюарах абсмоктвалі, хто з чыноўнікаў куды вылеціць, каго накіруюць у адстаўку. І гэта вельмі прыкра».

Цыганкоў: «То бок, спартовыя дасягненьні сталі падставай для міжуладных разборак?»
Спорт — вялікая палітыка, і тут закладнікі і спартоўцы, і чыноўнікі, і нават вышэйшае кіраўніцтва краіны

Бацянкоў: «Спорт — вялікая палітыка, і тут закладнікі і спартоўцы, і чыноўнікі, і нават вышэйшае кіраўніцтва краіны. Бо спорт — гэта адна з тых нешматлікіх галінаў, дзе Беларусь можа хоць нечым ганарыцца. Лукашэнка калісьці казаў, што спартоўцы — найлепшыя дыпляматы, і ў дадзеным выпадку зь ім можна пагадзіцца».

Цыганкоў: «Калі я сачыў за Алімпіядай, то складалася ўражаньне, што беларусы выступілі ў сваю сілу, узялі тыя мэдалі, які маглі. Акрамя некалькіх правалаў, наўрад ці магло быць больш нават пры лепшым раскладзе. Адкуль тады ўзялася лічба 25 мэдалёў?»

Сівы: «Гэта звычайная савецкая практыка плянаваньня. Чаму б не паставіць плян сто мэдалёў, як ЗША? Трэба ж рэальна ацэньваць сытуацыю. Я згодны з Русланам, што спартоўцы выступілі нармальна, і гэта даволі прыстойны вынік.

Калі паглядзець галасаваньне на сайце газэты „Прессбол“, то амаль 35 працэнтаў заўзятараў кажуць, што гэта нармальны вынік, каля 29 працэнтаў, што гэта прыстойны вынік, і толькі 6 працэнтаў кажуць, што гэта ганебны вынік. Спартоўцы выступаюць дзеля заўзятараў, і яны якраз і далі рэальную ацэнку выступу нашых алімпійцаў».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG