Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць фактаў пра «залатую рыбку» Аляксандру Герасіменю, якая сышла зь вялікага спорту


Аляксандра Герасіменя з бронзавым алімпійскім мэдалём у Рыё-дэ-Жанэйра, 2016 год

Самая ўганараваная плыўчыха краіны Аляксандра Герасіменя абвясьціла пра завяршэньне кар’еры. Цяпер яна засяродзіцца на сям’і, дабрачынных праектах і сваім плавальным клюбе для дзяцей.

Свабода згадала, чым яшчэ запомнілася «залатая рыбка» беларускага спорту, акрамя высокіх дасягненьняў.

1. Найлепшая плыўчыха краіны

Аляксандры Герасімені сёлета споўніцца 34 гады, амаль 20 зь іх яна ў вялікім спорце. За сваю кар’еру заваявала два срэбныя мэдалі на Алімпійскіх гульнях 2012 году ў Лёндане (дыстанцыі 50 і 100 м вольным стылем) і бронзавую ўзнагароду на Алімпіядзе-2016 у Рыё-дэ-Жанэйра (50 м вольным стылем).

Яна таксама чэмпіёнка сьвету на дыстанцыі 100 м вольным стылем і ўладальніца залатога мэдаля ўсясьветнага першынства ў 25-мэтровым басэйне. Шматразовая пераможца і прызэрка чэмпіянатаў Эўропы.

«Рашэньне далося нялёгка, бо галоўная мара — стаць алімпійскай чэмпіёнкай — так і засталася нерэалізаванай, — сказала падчас разьвітаньня Аляксандра Герасіменя . — Я старанна трэніравалася і досыць хутка аднавілася. Але ўрэшце зразумела, што ня варта ўводзіць у зман і сябе, і іншых — наўрад ці да Гульняў змагу выйсьці на максымум формы. Проста зразумела, што не атрымліваецца прысьвячаць любімай справе па 8 гадзін штодня бяз страты для сям’і. Пасьля амаль 20 гадоў прафэсійнай кар’еры час засяродзіцца на аматарскім спорце».

Акурат два гады таму Аляксандра Герасіменя выйшла замуж за іншага вядомага плыўца з Гомля Яўгена Цуркіна — прызэра чэмпіянату сьвету і пераможцу кантынэнтальнага першынства. Летась у верасьні ў іх нарадзілася дачка Сафія — як не хавае эмоцый маладая мама, «самая важная ўзнагарода ў жыцьці».

2. Крытык мэдалёвага плянаваньня

Аляксандра Герасіменя рэзка крытыкавала спартовых чыноўнікаў за мэдалёвае плянаваньне перад важнымі міжнароднымі спаборніцтвамі.

Згадвала, што пасьля таго як выйграла чэмпіянат сьвету, каляспартовыя функцыянэры ўжо «павесілі» ёй на шыю алімпійскі мэдаль Лёндану. Апроч раздражненьня, такія авансы нічога не выклікалі, адзначала яна.

Аляксандра Герасіменя са срэбным мэдалём з алімпіяды ў Лёндане, 2012 год
Аляксандра Герасіменя са срэбным мэдалём з алімпіяды ў Лёндане, 2012 год

«Рыхтуесься да Алімпіяды, а цябе пастаянна тузаюць: „Ну што, Саша, давай, чакаем мэдаль!“. Як быццам не разумеюць, што капаньне на мазгі ні да чога добрага не прыводзіць. Так і хацелася сказаць: „Ды ўдзельнічайце самі. Скачыце ў басэйн і наперад, а мы за вас усе далонькі адпляскаем, спартоўцы зь іншых краін толькі пазайздросьцяць“. Які плян?! Гэта тое самае, што заплянаваць пэўную дату праз год, каб паехаць на шашлыкі. Ты ня ведаеш ні якое надвор’е будзе, ні што ў цябе будзе ў жыцьці — гэта непрадказальна», — кажа плыўчыха.

Па яе словах, у спорце можна заплянаваць асабісты вынік, да якога будзеш мэтанакіравана ісьці. Але пры гэтым немагчыма прадказаць, якія сэкунды пакажуць іншыя спартоўцы. І калі сёньня можаш з паказаным часам быць першым, праз паўгода з такім жа вынікам ня трапіш нават у фінал.

У 2003 годзе Аляксандру дыскваліфікавалі на 4 гады, затым тэрмін скарацілі ўдвая — у яе арганізьме падчас допінг-пробы знайшлі забароненае рэчыва норандрастэрон. Сама спартоўка і яе трэнэр адмаўлялі наўмысны прыём любых прэпаратаў, заявіўшы, што гэта была правакацыя канкурэнтаў.

3. Прыхільніца беларусізацыі

Аляксандра вядомая ня толькі спартовымі посьпехамі ў басэйне, але і выразнай грамадзянскай пазыцыяй. Была сярод ініцыятараў Першага нацыянальнага спартыўнага фэстывалю «Мова Cup», адстойвае права беларусаў на гістарычныя сымбалі.

«Спадзяюся, усё яшчэ вернецца: колькасьць школаў на беларускай мове перастане зьмяншацца, а аўтарытэт нашай мовы будзе бясспрэчны. На жаль, многія дзеці, нават якія навучаюцца на беларускай мове, у жыцьці ўсё роўна на ёй не размаўляюць. Ня ведаю, чаму так здараецца, магчыма, з-за таго, што такое склалася стаўленьне ў грамадзтве: калі хтосьці размаўляе па-беларуску, зь яго пачынаюць сьмяяцца. Гэта няправільна, гэта неадукаванасьць. Таму я спадзяюся, што будзе пэўны рух наперад».

Аляксандра Герасіменя на Алімпійскіх гульнях у Рыё, 2016 год
Аляксандра Герасіменя на Алімпійскіх гульнях у Рыё, 2016 год

У адным з інтэрвію спартоўка адзначыла, што бел-чырвона-белы сьцяг ня толькі «больш сымпатычны» з пункту гледжаньня эстэтыкі, але і багаты сваёй гісторыяй. «Ня трэба забываць, што ў свой час ВКЛ было адной з самых уплывовых дзяржаў Эўропы!» — казала яна, падкрэсьліваючы, што ў любой сытуацыі надзвычай важна мець магчымасьць выказваць уласную пазыцыю.

4. Сяброўка паэта Бураўкіна

Летась Аляксандра Герасіменя выступіла з ініцыятывай ушанаваць памяць паэта і грамадзкага дзеяча Генадзя Бураўкіна, зь якім спартоўка падтрымлівала сяброўскія кантакты. Аднак высілкі пакуль ні да чога не прывялі — Менгарвыканкам пакуль ня даў ніякага адказу.

Аляксандра Герасіменя ў гасьцях у Генадзя і Юліі Бураўкіных, архіўнае фота
Аляксандра Герасіменя ў гасьцях у Генадзя і Юліі Бураўкіных, архіўнае фота

У інтэрвію Свабодзе Аляксандра падкрэсьлівала, што Генадзь Бураўкін — надзіва сумленны і добры чалавек, які назаўжды застанецца для яе прыкладам ня толькі прынцыповасьці, але і чалавечай прыстойнасьці .

«У Генадзя Мікалаевіча быў адказ на любое пытаньне, ён заўсёды меў уласную думку, якую быў гатовы адстойваць да канца, — кажа спартоўка. — І ў той жа час заставаўся ўзорам прыстойнасьці, высакароднасьці. Мяне да глыбіні душы расчульвала, наколькі ён любіў сваю сям’ю, асабліва жонку Юленьку — толькі так пяшчотна яе называў і дзеля яе быў гатовы на ўсё. За гэта, напэўна, я і палюбіла Генадзя Бураўкіна — за цьвёрды характар і добрае сэрца».

Нягледзячы на ранейшыя заслугі, апошнія гады жыцьця Генадзь Бураўкін быў абдзелены дзяржаўнай увагай. На яго пахаваньне сабраліся найперш калегі, дзеячы культуры, мастацтва. Ад усяго беларускага спорту разьвітацца са старэйшым сябрам і ідэйным настаўнікам прыйшла толькі Аляксандра Герасіменя.

5. Пакуль не рэалізаваная бізнэсвумэн

У канцы 2018 году Аляксандра Герасіменя і яе сяброўка-біятляністка Надзея Скардзіна ініцыявалі вяшчаньне радыёстанцыі са спартовым ухілам «Спорт FM» і яшчэ дзьвюх забаўляльных — Europa+ і Energy. Хоць дзяржаўнае фінансаваньне не прадугледжвалася, прэзыдэнцкая адміністрацыя адрэагавала на гэта нэгатыўна. Міністэрствы спорту і інфармацыі, наадварот, ідэю падтрымалі.

«Пакуль мы паставілі свой праект на паўзу, — патлумачыла Аляксандра Герасіменя на пытаньне карэспандэнта Свабоды. — Калі недзе наверсе палічылі, што гэта краіне не патрэбна, то фактычна бессэнсоўна даводзіць адваротнае. Хоць і лічым, што мелі рацыю. Прынамсі, пасьля атрыманьня адмовы з прэзыдэнцкай адміністрацыі ніякіх крокаў з нашага боку не рабілася. Магчыма, нешта яшчэ зьменіцца, аднак на гэты момант у такую пэрспэктыву верыцца зь цяжкасьцю».

Выпрабаваць фармат вяшчаньня «Спорт FM» плянавалася напярэдадні ІІ Эўрапейскіх гульняў у Менску. Аднак у прэзыдэнцкай адміністрацыі праект прызналі немэтазгодным, бо ў Беларусі нібыта і так шмат радыёстанцый.

Зрэшты, нават у кулюарах Нацыянальнага алімпійскага камітэту абмяркоўвалася іншая прычына: рэклямны рынак, які шчыльна завязаны на FM-вяшчаньне, даўно падзелены, а таму зьяўленьне новых гульцоў можа адмоўна адбіцца на прыбытках.

Аляксандра Герасіменя, 2014 год
Аляксандра Герасіменя, 2014 год

***

Аляксандра Герасіменя нарадзілася ў Менску 31 сьнежня 1985 году. Трохразовая чэмпіёнка Эўропы сярод юніёраў, эўрапейская рэкардсмэнка ў плаваньні. Чэмпіёнка сьвету, чэмпіёнка і срэбная прызэрка чэмпіянату Эўропы. На Алімпіядзе-2012 у Лёндане выйграла два срэбныя мэдалі ў заплыве на 100 мэтраў вольным стылем і на дыстанцыі 50 мэтраў вольным стылем. Праз чатыры гады здабыла бронзу ў Рыё-дэ-Жанэйра. Майстар спорту міжнароднага клясу. Замужам за плыўцом зборнай Беларусі Яўгенам Цуркіным, гадуюць маленькую дачку Соню.

7 жніўня Аляксандра Герасіменя заявіла пра завяршэньне спартовай кар’еры і цяпер мае засяродзіцца на спартова-дабрачынных імпрэзах і працы ў дзіцячым клюбе плаваньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG