Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта сьмешна», — Герасіменя пра чуткі аб расейскім уплыве на ейны радыёпраект


Аляксандра Герасіменя, архіўнае фота

У камэнтары Свабодзе плыўчыха Аляксандра Герасіменя абвергла чуткі пра расейскі ўплыў на ейны радыёпраект. Але пацьвердзіла, што заяўка, адхіленая Адміністрацыяй прэзыдэнта, падавалася ня толькі на запуск радыёстанцыі «Спорт FM», але і на дзьве станцыі неспартовага напрамку: Europa+ і Energy.

«Мы гэтага і не хавалі, — тлумачыць Аляксандра Герасіменя Свабодзе. — Спартовая станцыя даволі спэцыялізаваная, дык яе трэба абслугоўваць, неяк акупіць. Улічваючы, што яна вялікай рэнтабэльнасьці не прынясе, яе трэба было неяк абслугоўваць. Дзеля гэтага мы зьбіраліся адкрыць дзьве спонсарныя станцыі, якія маглі б акупіць наш праект».

Радыёстанцыі з такімі назвамі ёсьць у Расеі: «Спорт FM» некалі звалася расейская радыёстанцыя, цяпер вядомая як Studio 21, а Europa+ і Energy і цяпер дзейнічаюць у Расеі, уваходзяць у розныя топ-10 паводле папулярнасьці.

Герасіменя падкрэсьліла, што радыёстанцыі задумваліся як беларускія, зь беларускім кантэнтам. Паводле яе, з аднайменных расейскіх станцыяў бралі б толькі музычны кантэнт.

Асноўны інвэстар — беларускі бізнэсовец Віталь Сініцкі, тлумачыць Герасіменя. Грамадзянін Расеі Ўладзімір Талер (які мае 10% у статутным фондзе «Элэсджы Мэдыя», што выступіла заснавальнікам дзьвюх «неспартовых» станцыяў) быў патрэбны для расейскага музычнага кантэнту «як чалавек, які дапамагаў, накіроўваў, садзейнічаў гэтаму з расейскага боку».

На закіды, што пачалі зьяўляцца ў камэнтарах у СМІ і ў сацсетках, аб тым, што «Герасіменю і Скардзіна выкарысталі», бо станцыі нібыта фінансуюцца «Газпрам-мэдыя», а расейская кампанія можа ўжыць радыё для «працы з насельніцтвам» у гібрыдных войнах, Герасіменя адказала: «Гэта сьмешна».

«Некалі казалі і што ў мяне жабры растуць, што яны зьяўляюцца, калі ў ваду ўваходжу, — адказвае Герасіменя. — Сьмешна і толькі. Як мы і заяўлялі, мы плянавалі і плянуем дагэтуль адкрыць нашы, беларускія радыёстанцыі. Хто нас можа выкарыстоўваць акрамя нас саміх, калі мы самі ўсё кантралюем?»

Герасіменя пераконвае: пасьля адмовы з Адміністрацыі прэзыдэнта ад ідэі «Спорт FM» не адмовіліся. Што будзе далей, яна пакуль не бярэцца казаць, але ініцыятары яшчэ будуць гэта абмяркоўваць. Проста зьмяніць назвы і паспрабаваць зноў зарэгістравацца, кажа яна, бессэнсоўна.

Грошы і час інвэстара цяпер марнуюцца (фінансы сыходзяць на арэнду ўжо арганізаванага офісу і заробкі пэрсаналу) — Герасіменя дапускае, што інвэстар можа і не захацець чакаць далей. Але «калі вырашым, што будзем змагацца далей — дык будзем змагацца, гэта наш праект».

***

Раней іншая заснавальніца «Спорт FM», біятляністка Надзея Скардзіна таксама расказвала Tut.by, што радыёстанцыі мелі быць беларускімі, а «ад расейскіх радыёстанцыяў засталіся толькі назвы». Яна казала, што была зьдзіўленая высновамі аб тым, што нібыта празь іх у Беларусь хацелі правесьці расейскія радыёстанцыі, і падкрэсьліла, што доля адзінага расейскага інвэстара – 10% у «неспартовых» станцыях, якія задумваліся як «спонсар» для «Спорт FM».

Што за гісторыя з «радыё Герасімені» і чуткамі пра ўплыў «Газпраму»

  • У канцы мінулага тыдня стала вядома, што Адміністрацыя прэзыдэнта заблякавала ідэю радыёстанцыі «Спорт FM» празь «немэтазгоднасьць». Пасьля зьявіліся чуткі, што за расейскія грошы зьбіраліся ладзіць сетку радыёстанцыяў, зьвязаных з расейскім «Газпрам-мэдыя».
  • Ідэю радыёстанцыі са спартовым ухілам летась агучылі алімпійская чэмпіёнка ў біятлёне Надзея Скардзіна і алімпійская прызэрка, плыўчыха Аляксандра Герасіменя. Фінансаваць мэдыйны праект узялася кампанія «Сігмаполюс» Віталя Сініцкага, забудоўнік камэрцыйнай нерухомасьці.
  • Прадстаўнік Міністэрства спорту і турызму Ўладзімер Несьцяровіч у гутарцы з карэспандэнтам Свабоды выказаў неразуменьне пазыцыі чыноўнікаў прэзыдэнцкай адміністрацыі: ягонае ведамства падтрымала ідэю.
  • Герасіменя ў камэнтары «Трыбуне» абуралася адмовай: казала, «нас мурыжылі некалькі месяцаў, каб сказаць „не“». Яна таксама заявіла, то ня ведае, чаму рашэньне было адмоўным: казала, няма прычынаў, каб адмаўляць. Скардзіна казала Tut.by, што не аспрэчвае рашэньне Адміністрацыі прэзыдэнта, але лічыла ідэю цікавай і чула ад спартоўцаў, што такога радыё бракуе.
  • На запуск праекту на першым этапе інвэстар быў гатовы выдаткаваць 100 тысячаў даляраў — без уліку закупаў абсталяваньня ды іншых спадарожных выдаткаў. У сярэднім утрыманьне радыёстанцыі меркавалася ў межах 500 тысячаў даляраў на год. Дзяржаўнае фінансаваньне не прадугледжвалася, кажа Несьцяровіч.
  • У ананімным Telegram-канале «Паца-Ваца» 15 студзеня зьявіліся ўрыўкі з дакумэнту, у якім нехта невядомы сьцьвярджае, што «неспартовыя» радыёстанцыі нібыта будуць фактычна расейскімі, і згадвае, што расейская Europa+ уваходзіць у групу, што належыць Уральскай горна-мэталюргічнай кампаніі, а Energy — у холдынг «Газпрам-Мэдыя». Пры гэтым сьцьвярджаецца, што «Газпрам-Мэдыя» ўжо мае ў Беларусі «RelaxFM» і «Юмор FM», якія маюць 14,6% радыёрынку Беларусі (станцыі сьцьвярджаюць, што яны беларускія — проста працуюць пад тымі ж назвамі, што расейскія). Канал прыйшоў да высновы, што ці «па Беларусі пачалі шчыльна працаваць», ці гэта проста «параноя гібрыдных войнаў».
  • Частку напісанага ў дакумэнце «Пацы-Вацы» пацьвердзіў Tut.by: іхныя крыніцы таксама казалі, што заснавальнікі «Спорт FM» зьбіраліся зарэгістраваць не адну, а тры станцыі, у ліку якіх Europa+ і Energy.
  • Паводле Tut.by і «Пацы-Вацы», у кампаніі-заснавальніку «Спорт FM» 40% мае Сініцкі, па 30% — Герасіменя і Скардзіна, а ў кампаніі, што займаецца запускам Europa+ і Energy, Сініцкі мае 40%, яшчэ 50% мае грамадзянін Беларусі А. Лапіцкі, яшчэ 10% — грамадзянін Расеі У. Талер.
  • Журналіст Зьміцер Панкавец на старонках «Нашай Нівы» паразважаў адносна рэалістычнасьці чутак пра сувязі з Расеяй. Паводле яго, сумнеўна, што бізнэсовец Сініцкі ўклаў бы поўную суму ў радыёстанцыю: «можна меркаваць, за холдынгам стаяў бы буйны расейскі бізнэс». Ён мяркуе, што FM-дыяпазон ня можа быць надта цікавы прыбыткамі (тым больш у параўнаньні з расейскім), а ідэя спартовай радыёстанцыі правалілася нават у Расеі (дзе «цікавасьць да спорту наўрад ц ніжэйшая, чым у Беларусі»). FM-станцыі цікавыя найперш вялікай аўдыторыяй, а з расейскага боку калі і не вялася б нейкая палітычная прапаганда, але «магло б весьціся пэўнае прамацваньне глебы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG