Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Русафобскі рэвізіянізм». Што прарасейскія рэсурсы напісалі пра ўльтыматум Крамля для Беларусі


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін, архіўнае фота

Як успрынялі прарасейскія мэдыя ў Беларусі ўльтыматум Мядзьведзева і рэакцыю на яго Лукашэнкі.

Расейскі прэмʼер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў 13 сьнежня агучыў ультыматум для Беларусі: будзе агульная Саюзная дзяржава з агульнай валютай, мытняй і судом, тады будзе размова пра зьніжку на нафту і газ. Аляксандар Лукашэнка на гэта адказаў жорсткім «не». Свабода паглядзела, як на канфлікт адрэагавалі прарасейскія рэсурсы ў Беларусі і Расеі.

«Кропка ў саюзных адносінах»

Калюмніст прарасейскіх рэсурсаў «Витьбич» і «Телескоп» Аркадзь Верцязін пасьля выказваньняў Лукашэнкі і Мядзьведзева піша пра «кропку ў разьвіцьці саюзных адносінаў».

«Мне зусім ня хочацца быць прадвесьнікам дрэнных пераменаў, аднак сёньняшняя бязьдзейнасьць нам абавязкова адгукнецца. Ці будзем мы вымушаныя пасьля сыходу Лукашэнкі сутаргава спрабаваць знайсьці ў краіне русафільскія сілы, ці проста здадзім краіну нацыяналістам — вялікае пытаньне», — піша калюмніст.

Выданьне imhoclub.by, вядомае выразнай прарасейскай і антызаходняй рыторыкай, наагул праігнаравала канфлікт вакол «Саюзнай дзяржавы» і выказваньні Мядзьведзева і Лукашэнкі на гэты конт.

Прарасейскі рэсурс «Телескоп» проста перадрукаваў артыкулы з расейскага пракрамлёўскага выданьня «EADaily», якое найбольш напісала пра канфлікт вакол «Саюзнай дзяржавы». А выданьне «4esnok.by» абмежавалася аглядам меркаваньняў з прэс-канфэрэнцыі Лукашэнкі для расейскіх СМІ, прычым цытуючы незалежныя мэдыя.

«Саюзнае ўтрыманства»

Юры Баранчык
Юры Баранчык

Выказаўся пра канфлікт і шэф-рэдактар аналітычнай рэдакцыі Regnum Юры Баранчык, якога год таму затрымлівалі ў Маскве на запыт афіцыйнага Менску.

«Калі беларускі бок, знайшоўшы адкрыта надуманыя прычыны, ва ўкраінскім стылі адмаўляецца ад Саюзнай дзяржавы — тады іншая справа, трэба наўпрост пра гэта сказаць. Калі сапраўды раўнапраўны ў эканамічным пляне саюз афіцыйны Менск ня можа пацягнуць канцэптуальна, а затым і эканамічна — таксама трэба сказаць шчыра, Масква дапаможа. Сёньня ніхто ня можа абвінаваціць Маскву ў палітычных замахах на беларускі сувэрэнітэт. Гаворка з боку расійскага ўраду ідзе выключна пра эканамічныя фактары інтэграцыі», — напісаў Баранчык.

І паўтарыў тэзісы пра тое, што Беларусь атрымлівае ад Расеі калясальныя субсыдыі, а інтэграцыя пры гэтым «прабуксоўвае».

Юры Баранчык быў затрыманы ў межах справы трох журналістаў зь Беларусі Паўлаўца, Алімкіна і Шыптэнкі, якія пісалі для Regnum і былі асуджаныя за распальваньне нацыянальнай варожасьці ў Беларусі.

«Здаць Беларусь за бочку нафты»

Беларуска-расейскія адносіны апошніх гадоў цалкам залежаць ад нафтагазавага пытаньня, піша расейскае выданьне «EADaily». У публікацыі аўтары называюць Расею «донарам нафтаперапрацоўчай галіны Беларусі».

У матэрыяле даводзіцца, што «Расея не зьбіраецца інкарпараваць» Беларусь, а заявы Лукашэнкі сьведчаць пра пошук прыхільнікаў перад новай сустрэчай з Пуціным, якая мае адбыцца яшчэ да Новага году.

Бо з заявамі пра «непахісны сувэрэнітэт» Лукашэнка паедзе да Пуціна як «абаронца незалежнасьці краіны».

Адзін з калюмністаў гэтага рэсурсу Максім Самойлаў наагул піша, што «русафобскі рэвізіянізм стаў мэйнстрымам беларускага афіцыёзу».

«Крэмль чакае саступак у вайсковай сфэры»

Нежаданьне разьмяшчаць расейскую вайсковую базу — асноўная прычына канфлікту вакол Саюзнай дзяржавы, на такой думцы сыходзяцца суразмоўцы «EADaily» — калюмніст Кірыл Авярʼянаў-Мінскі і прэзыдэнт расейскага Інстытуту нацыянальнай стратэгіі Міхаіл Рэмізаў.

«Я думаю, што сёньня Масква зацікаўленая ў вырашэньні пытаньня аб фармаваньні вайсковай базы на тэрыторыі Беларусі. Гаворка пра гэта ідзе досыць даўно. Аднак перамовы аб стварэньні базы ЗША ў Польшчы павышаюць актуальнасьць гэтага пытаньня для Масквы», — кажа Міхаіл Рэмізаў.

Зь ім пагаджаецца Кірыл Авярʼянаў-Мінскі, аўтар шавіністычных расейскіх рэсурсаў, якога ў 2015 годзе пазбавілі беларускага грамадзянства.

«Думаю, што Крэмль гэтая сфэра расейска-беларускай інтэграцыі турбуе ў найбольшай ступені. Аднак там ніякіх зрухаў няма. Лукашэнка ўпарта адмаўляецца разьмяшчаць расейскую вайсковую базу, хоць указ аб пачатку перамоваў зь беларускім бокам з гэтай нагоды быў падпісаны Ўладзімірам Пуціным яшчэ некалькі гадоў таму».

Рэакцыя Аляксандра Лукашэнкі

Аляксандар Лукашэнка адрэагаваў на ўльтыматум Мядзьведзева пра Саюзную дзяржаву з агульнай валютай, мытняй і судом на сустрэчы з расейскімі журналістамі 14 сьнежня. Ён заявіў, што Беларусь «застаецца пасьлядоўнай прыхільніцай інтэграцыі». Але, на думку Аляксандра Лукашэнкі, пад «глыбокай інтэграцыяй» Масква разумее ўключэньне Беларусі ў склад Расеі.

«Для нас, запомніце, сьвятое — гэта сувэрэнітэт, я ўжо пра гэта казаў. Гэта адносная незалежнасьць, я лічу, што абсалютна незалежных дзяржаваў няма. І вы таксама не настолькі незалежныя, але сувэрэнныя. Калі нас хочуць, як Жырыноўскі прапаноўваў, падзяліць на вобласьці і ўпіхнуць у Расею — гэтага ня будзе ніколі. І калі такімі катэгорыямі кіраўніцтва Расеі думае — гэта на шкоду самой Расеі», — сказаў Лукашэнка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG