Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб не Лукашэнка, мы б даўно жылі ў сапраўднай «саюзнай дзяржаве» — Арсень Сівіцкі


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін сустрэліся ў Сочы 23 жніўня 2018 году
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін сустрэліся ў Сочы 23 жніўня 2018 году

Госьць «Інтэрвію тыдня» — кіраўнік беларускага Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Арсень Сівіцкі. Ён лічыць, што Менску трэба рыхтавацца да сур’ёзнай канфрантацыі з Расеяй, дзе магчымыя ўсе сцэнары, у тым ліку сілавыя, заяўляе, што для крамлёўскіх стратэгаў Беларусь — «самы просты варыянт», і сьцьвярджае, што адзіны чыньнік, які не дазваляе Маскве валодаць Беларусьсю — «гэта ўлада Аляксандра Лукашэнкі, які праводзіць самастойную палітыку».

Фармат раўнапраўных адносінаў Расею больш не задавальняе

— Арсень, вы гэтымі днямі, напэўна, жывяце ў рэжыме «я ж казаў» — маецца на ўвазе, што апошнія падзеі, магчыма, даюць пацьверджаньне вашым прагнозам і папярэджаньням аб узмацненьні палітычнага ды эканамічнага ціску Расеі і зьмяненьні Масквой фармату адносінаў зь Беларусьсю. Ці ўспрымаеце вы апошнія падзеі ў гэтым ракурсе — кардынальных зьменаў у расейска-беларускіх адносінах? Ці гэта ня зьмены, а традыцыйныя рытарычныя гульні?

— Так, сапраўды, сыгналы, якія ідуць з Крамля апошнімі днямі — па сутнасьці, гэта пацьверджаньне тых прагнозаў, якія даваў я і наш цэнтар. Мы сапраўды бачым узмацненьне ціску на Беларусь — і гэта ня толькі палітычны і эканамічны ціск, але і вайсковы і інфармацыйны. Гэта зьвязана з тым, што Расея пераглядае характар адносінаў зь Беларусьсю.

Арсень Сівіцкі
Арсень Сівіцкі

Масква спрабуе перафарматаваць характар адносінаў такім чынам, каб стварыць «саюзную дзяржаву» паводле прынцыпаў асымэтрычнага партнэрства. Калі дамова 1999 году прадугледжвала стварэньне саюзу паводле прынцыпу раўнапраўных бакоў, то відавочна, што цяпер Расею такі фармат не задавальняе. І Крэмль спрабуе з дапамогай ціску прымусіць Беларусь да такой несправядлівай і асымэтрычнай інтэграцыі з адзіным цэнтрам прыняцьця рашэньняў.

— А што нелягічнага ці неадпаведнага падпісаным раней дакумэнтам у цяперашніх патрабаваньнях ці прапановах Крамля? Усё гэта існуе ў падпісаных Менскам дакумэнтах.

— Гэта так. Але ў 2000-х гадах, калі да ўлады прыйшоў Пуцін, гэты праект быў пастаўлены на паўзу абодвума бакамі. Па сутнасьці, сэнс дамовы зьвёўся да таго, што Беларусь прымае ўдзел у інтэграцыйных працэсах разам з Расеяй, не імкнецца ўступіць у Эўразьвяз і НАТО — а ўзамен атрымлівае пэўныя дывідэнды з боку Расеі. Гэта інтэграцыйныя зьніжкі на энэрганосьбіты, доступ на расейскі рынак і фінансавая падтрымка. Цяпер мы назіраем, што Расея гэтыя прывілеі вельмі сур’ёзна пераглядае і скарачае.

Пры тым, што Беларусь як заставалася, так і застаецца ў інтэграцыйных структурах з Расеяй — Менск ня мае ніякіх плянаў выходзіць адтуль. Тым больш няма плянаў уступаць у Эўразьвяз ці НАТО. То бок мы ў сытуацыі, калі Беларусь выконвае свае абавязаньні, а Расея перастае іх выконваць. Таму паўстала пытаньне перагляду «саюзнай дамовы». Тое, на чым цяпер Расея настойвае, якраз зьвязана з канстатацыяй новай рэальнасьці.

Ёсьць таксама праблема 2024 — праблема транзыту ўлады ў Расеі, калі скончыцца прэзыдэнцкі тэрмін Пуціна. Згодна з адным з сцэнараў прадугледжваецца стварэньне саюзнай дзяржавы з адзіным цэнтрам у Маскве, на чале з Уладзімерам Пуціным або ягоным пераемнікам. На жаль, гэта ўсё сур’ёзна, і трэба рыхтавацца да сур’ёзных раўндаў канфрантацыі з Расеяй, дзе магчымыя самыя розныя сцэнары, у тым ліку і сілавыя.

Для крамлёўскіх стратэгаў Беларусь — «самы просты варыянт»

— Як бы вы ацанілі сёньняшнюю рэакцыю Лукашэнкі — наколькі яна была рашучай ці ўсё ж досыць дыпляматычнай? У 2002 годзе, калі Ўладзімір Пуцін прапанаваў Беларусі ўступіць у РФ шасьцю губэрнямі, рэакцыя Лукашэнкі была больш жорсткая.

— Нягледзячы на эмацыйную сутычку паміж Лукашэнкам і Пуціным некалькі дзён таму, відавочна, што Менск карэктуе сваю рыторыку і пазыцыю. Перш за ўсё гэта зьвязана з тым, што мы ня ведаем, чаго чакаць ад Расеі. Выключаць нельга ніводнага сцэнару. Гэта дыктуе неабходнасьць рэагаваць дыпляматычна і збалянсавана.

— А чаму Масква вырашыла пайсьці ў наступ? Ці яны адчулі, што пазыцыі Лукашэнкі аслаблі, ці яны адчулі, што сацыяльна-эканамічнае становішча ў Беларусі аслабла?

— У Расеі скарачаецца рэсурсная база. Гэта зьвязана з даволі жорсткімі геапалітычнымі абставінамі і структурным крызісам расейскай эканомікі. На гэтым фоне аб’ектыўна, што магчымасьці Расеі даваць інтэграцыйныя субсыдыі скарачаюцца. Але паралельна з тым ва ўнутранай палітыцы адбыўся пераход да мілітарысцка-мабілізацыйнай мадэлі, якая патрабуе дэманстрацыі пэўных посьпехаў, перш за ўсё замежнапалітычных. Празь Беларусь расейскія эліты хочуць вырашыць свае ўнутрыпалітычныя праблемы.

Пратэсты ў Маскве, 22 верасьня 2018 году
Пратэсты ў Маскве, 22 верасьня 2018 году

Відавочна, што з гледзішча крамлёўскіх стратэгаў Беларусь — гэта самы просты варыянт. І рэйтынг узьняць, і прадэманстраваць новыя посьпехі. Але ёсьць адзін чыньнік, які блякуе рэалізацыю гэтай глыбокай вайскова-палітычнай інтэграцыі. Гэта фігура Аляксандра Лукашэнкі, які выступае гарантам незалежнасьці і сувэрэнітэту і які не зьбіраецца ісьці на такія саступкі, якія прывялі б да страты незалежнасьці. І гэта нараджае напружанасьць, якая выражаецца ў розных формах — нават вайсковы ціск, калі казаць пра разгортваньне расейскіх войскаў на мяжы зь Беларусьсю. Усё гэта накіравана на тое, каб падарваць волю Лукашэнкі і беларускіх элітаў, накіраваную на абарону сувэрэнітэту.

Таму ў Маскве адкрыта кажуць пра самыя розныя сцэнары, у тым ліку і сілавыя. І той факт, што яны абмяркоўваюцца даволі адкрыта, кажа пра вельмі сур’ёзныя зьмены ў адносінах паміж Менскам і Масквой, пра тое, што ўспрыняцьце Беларусі вельмі сур’ёзна зьмянілася ў расейскім грамадзтве. У Крамлі падлічылі ўсе субсыдыі і думаюць, што яны ўсю Беларусь ужо купілі. І адзіны чыньнік, які не дазваляе ім валодаць Беларусьсю, — гэта ўлада Аляксандра Лукашэнкі, які праводзіць самастойную палітыку.

Калі б не Лукашэнка, то быў бы больш прарасейскі палітык, які б яшчэ хутчэй інтэграваўся з Расеяй

— Хіба ня сам Лукашэнка сваёй палітыкай інтэграцыі з Расеяй усё зрабіў дзеля таго, каб Беларусь прыйшла да такога стану залежнасьці ад Расеі, які мы маем цяпер?

— З аднаго пункту гледжаньня — так. Але зь іншага — а якія былі яшчэ варыянты? Хутчэй за ўсё, калі б не Лукашэнка, то быў бы больш прарасейскі палітык, які б яшчэ хутчэй інтэграваўся з Расеяй. Мы б ужо даўно жылі ў рэальнай саюзнай дзяржаве з цэнтрам прыняцьця рашэньняў у Маскве.

Таму я б так крытычна ня ставіўся да вынікаў кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. Нягледзячы на тое, што ён сапраўды абвясьціў курс на інтэграцыю з Расеяй, яна ажыцьцяўлялася такім чынам, каб адстойваць нацыянальныя інтарэсы, сувэрэнітэт і незалежнасьць. На сёньня няма падстаў казаць, што калі б былі іншыя палітыкі ва ўладзе, то яны б здолелі адстойваць нацыянальныя інтарэсы больш эфэктыўна.

— Калі паўстае рэальная ці ўяўная пагроза незалежнасьці, звычайна ў краіне адбываюцца працэсы яднаньня ў грамадзтве. Улада робіць крок насустрач розным слаям грамадзтва. Беларуская ўлада шмат гадоў такіх крокаў насустрач найбольш незалежна арыентаванай частцы грамадзтва не рабіла. Ці можа яна зараз працягнуць руку гэтай частцы беларускай супольнасьці?

— Калі сытуацыя будзе разьвівацца па даволі радыкальным сцэнары (уявім, што адбудзецца сустрэча Лукашэнкі з Пуціным, дзе ніякай дамовы ня будзе заключана) — мне падаецца, што гэта прывядзе да таго, што Менск пачне ня толькі больш актыўна дывэрсыфікаваць замежную палітыку, але і пачне праводзіць эканамічныя рэформы. Безумоўна, гэта таксама падштурхне ўлады шукаць падмурак для новага сацыяльнага кантракту. Бо сёньняшняя сацыяльна-эканамічная мадэль у крызісе і больш ня можа выконваць свае функцыі.

Урачыстая цыпымонія прынясеньня Прысягі курсантаў першых курсаў Акадэміі МУС на Плошчы Дзяржаўнага Сьцягу
Урачыстая цыпымонія прынясеньня Прысягі курсантаў першых курсаў Акадэміі МУС на Плошчы Дзяржаўнага Сьцягу

А для новага сацыяльнага кантракту трэба шукаць тую групу насельніцтва, на якую трэба будзе абапірацца. І гэта, безумоўна, тая частка грамадзтва, якая адданая ідэі незалежнасьці, прыхільнікі рэформаў. Гэта каля 50 працэнтаў беларусаў на сёньня, калі абапірацца на незалежную сацыялёгію. Усё залежыць ад таго, наколькі эфэктыўна ўлада скарыстаецца гэтымі магчымасьцямі, зразумее «новую нармальнасьць» у адносінах з Расеяй — што мы, па сутнасьці, перастаём быць саюзьнікамі і пераходзім да «кантрактных» адносінаў. І гэта патрабуе сур’ёзнай працы, у тым ліку кадравай.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
  • Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
  • У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
  • Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн. ​
  • У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
  • 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.

Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG