Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцэ-прэм’ер распавёў, на якую кампэнсацыю ад Расеі разьлічвала Беларусь


Ілюстрацыйнае фота

Віцэ-прэмʼер Беларусі Ігар Ляшэнка 14 сьнежня распавёў, што ў жніўні-лістападзе паміж Беларусьсю і Расеяй праходзілі перамовы наконт «разьлікаў» за падатковы манэўр. Пазьней расейскі бок заняў «крайнюю пазыцыю» і адмовіўся ад абмеркаваньня, піша Interfax.by.

Ляшэнка заявіў, што Беларусь разьлічвала на кампэнсацыю «роўна на элемэнт падатковага манэўру». Пры цане 60 даляраў за барэль гэта каля 310–315 мільёнаў даляраў.

Ляшэнка заявіў, што пасьля размовы зь Дзьмітрыем Мядзьведзевым 13 сьнежня стала «абсалютна зразумела» пазыцыя расейскага ўраду.

«На жаль, яна не супадае з разуменьнем нашага пытаньня. Нашае разуменьне справядлівае. Можна ўзяць эўразійскую дамову і прачытаць усе яе пункты, што ўмовы не павінны пагаршацца, пра тое, што павінны стварацца ўмовы для роўнага разьвіцьця», — сказаў Ляшэнка.

Намесьнік Мядзьведзева Дзьмітры Козак 11 сьнежня не захацеў абмяркоўваць нафтагазавыя пытаньні зь беларускай дэлегацыяй, якая ўжо прыбыла ў Маскву. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Козак не палічыў магчымым абмяркоўваць эканамічныя пытаньні да «прыняцьця прынцыповых рашэньняў аб руху ў кірунку далейшай інтэграцыі Расеі і Беларусі ў рамках саюзнай дзяржавы». Прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў 14 сьнежня акрэсьліў патрабаваньні да інтэграцыі: агульныя валюта, суд, мытня і падліковая палата.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр — зьмена спагнаньня экспартнага мыта на падатак на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Раней і да канца 2018 году ў Расеі экспарт сырой нафты абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны.
  • Мыта не спаганялася зь паставак у Беларусь на 18-20 мільёнаў тон у год.
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала 3 мільярды 600 мільёнаў даляраў, а за наступныя 4 гады недаатрымае 11 мільярдаў пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч казаў, што агульныя страты ад падатковага манэўру ацэньваюцца ў 8–12 млрд даляраў.
  • Віцэ-прэмʼер Беларусі Ігар Ляшэнка заявіў, што Беларусь разьлічвала на кампэнсацыю каля 310–315 мільёнаў даляраў.
  • У якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля 405 млн даляраў. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG