Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка анансаваў дату сустрэчы з Пуціным: на Каляды


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, архіўнае фота

Паводле Аляксандра Лукашэнкі Ўладзімір Пуцін сам прапанаваў яму сустрэцца ў Крамлі 25 сьнежня.

​Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з расейскімі журналістамі 14 сьнежня заявіў, што яму даклалі: Уладзімір Пуцін прапанаваў сустрэцца 25 сьнежня ў Крамлі, каб абмеркаваць пытаньні беларуска-расейскай супрацы, піша «Інтэрфакс». Дату пацьвярджае БелТА.

«Думаю, што мы сустрэнемся і абмяркуем», – перадае словы Лукашэнкі «Інтэрфакс».

На сустрэчы, абяцаў Лукашэнка, галоўным будзе пытаньне расейскага падатковага манэўру і інтэграцыі, «каб не было, што кіраўнік здаў Беларусь за бочку нафты». Але пасьля дадаў, што сустрэча з Пуціным «можа і не адбыцца».

Да таго на сустрэчы з расейскімі журналістамі Лукашэнка жорстка адрэагаваў на ўчарашнія прапановы расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьведзева аб больш глыбокай інтэграцыі ў рамках так званай Саюзнай дзяржавы (агульных валюты, суду і мытні), а таксама казаў, што шантажаваць Беларусь марна.

Апошні раз Лукашэнка і Пуцін сустракаліся 6 сьнежня ў Санкт-Пецярбургу. Тады Лукашэнка публічна спрачаўся з Пуціным адносна цэнаў на газ. Пасьля паведамлялася, нібы Лукашэнка выбачаўся перад Пуціным за спрэчкі, але 14 сьнежня першы заявіў:

«Я б ніжэй сваёй годнасьці палічыў за гэта прасіць прабачэньня. Мы прасілі прабачэньня там... Я перад Ніколам (выканаўца абавязкаў прэм’ер-міністра Армэніі Нікол Пашыньян. — РС) прасіў прабачэньня, што на яго напаў там з розных прычынаў. Пуцін прасіў прабачэньня перад усімі. Там жа такая каша была... Назарбаеў пачаў прасіць прабачэньня. І гэта сапраўды было — мы прасілі прабачэньня адзін перад адным на гэтым пасяджэньні».

Сёлета Лукашэнка і Пуцін сустракаліся таксама ў кастрычніку, у верасьні, у жніўні, у ліпені (неафіцыйна), у чэрвені і ў траўні. Пасьля ўсіх гэтых сустрэчаў пра нейкія значныя вынікі ў восьтрых пытаньнях расейска-беларускіх дачыненьняў, як то ў «харчовых войнах» або энэргарэсурсах, не паведамлялася.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG