Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка — Пуціну: «Няправільныя ў вас разьлікі!» Як кіраўнікі Беларусі і Расеі паспрачаліся наконт цаны газу. ВІДЭА


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка на пасяджэньні Вышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады ў Санкт-Пецярбургу дыскутаваў з Уладзімірам Пуціным пра роўныя ўмовы гаспадараньня і цану на газ.

«​Няма роўных умоваў — няма Саюзу​»​

Як піша Tut.by, Лукашэнка заявіў, што ЭАЭС «утварыўся на пэўных свабодах — перамяшчэньня рабочай сілы, капіталу, тавараў і г.д. І самае галоўнае, пра што мы дамаўляліся наконт эканомікі, — што ўсе суб’екты гаспадараньня і людзі будуць мець роўныя ўмовы. Няма роўных умоваў — няма Саюзу», — заявіў Лукашэнка.

Ён сказаў, што Расея на пачатку году прапанавала працу для ліквідацыі бар’ераў, якія перашкаджаюць фармаваньню агульнага рынку ЭАЭС.

«Але пытаньне вырашаецца недаравальна марудна, і на зьмену старым бар’ерам ставяцца новыя. Гэта непрымальна, гэтая практыка парушае дасягнутыя дамоўленасьці. Трэба ня толькі прыбіраць перашкоды, але ствараць умовы, якія выключаюць магчымасьць іх паўторнага ўзьнікненьня», — заявіў Лукашэнка.

Ён прапанаваў даць ЕЭК паўнамоцтвы прымаць рашэньні ў выпадку паўторнага ўвядзеньня краінай ЭАЭС якіх-небудзь абмежаваньняў або падаўжэньня ўжо дзейных абмежаваньняў.

«Трэба выключыць пратэкцыянізм у прыняцьці рашэньняў», — заявіў ён і нагадаў, што пратэкцыянізм у сусьветным гандлі называюць «эканамічнымі войнамі».

Лукашэнка нагадаў пра плян стварэньня да 2025 году адзінага нафтагазавага рынку, адзначыў, што яго адсутнасьць не дазваляе Саюзу дзейнічаць паўнавартасна.

Цана на газ у цэнтры дыскусіі

Лукашэнка прывёў прыклад — цана прыроднага газу, калі тарыф «Газпрому» на транспартаваньне газу для Беларусі складае амаль 3 даляры за 1 тыс. куб. м на 100 км, а ўнутраны тарыф у Расеі — каля 1 даляра 1000 куб. м на сто км.

А ў структуры цаны газу для Беларусі плата за транспартаваньне па тэрыторыі Расеі — больш за 70%, адзначыў Лукашэнка.

Дыскусія Ўладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі

Пуцін падкрэсьліў, што сёньняшняя цана газу для Беларусі — 129 даляраў, а ў ФРГ — 250 даляраў.

«І гэта, безумоўна, вялікая перавага для саюзьнікаў па ЭАЭС. Вядома, трэба імкнуцца да ўніфікацыі, але для гэтага трэба час і іншы ўзровень інтэграцыі», — заявіў Пуцін.

«Калі б мы фармавалі цану на рынкавых прынцыпах, гэта было б не 129, а 200 даляраў. Вось у чым розьніца», — сказаў Уладзімір Пуцін пра цану газу для Беларусі.

«У вас няправільныя разьлікі, мы маем горшыя ўмовы, чым Нямеччына. Я ўжо гэта не адзін раз казаў, здаецца, ваявалі супраць Нямеччыны разам, а нашыя людзі, якія яшчэ не памерлі, маюць такую сытуацыю. Яны маюць 200 даляраў, а мы 130, таму што туды яшчэ 3000 кілямэтраў пампаваць трэба, таму ў іх і цана такая», — адказаў Пуціну Лукашэнка.

Пуцін на гэта прапанаваў падыскутаваць у закрытым ад прэсы рэжыме.

Беларускі эканаміст Сяргей Чалы сказаў Свабодзе, што Лукашэнка меў рацыю, а формула падліку тарыфу на транспартаваньне газу сапраўды несправядлівая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG