Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эканаміст Чалы пра спрэчку Пуціна і Лукашэнкі: Формула падліку цаны на газ для Беларусі несправядлівая


Эканаміст Сяргей Чалы

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін на сустрэчы лідэраў краін ЭАЭС паспрачаліся наконт цаны на газ для Беларусі. Эканаміст Сяргей Чалы расказаў, як, на яго думку, павінна разьлічвацца справядлівая цана.

На сустрэчы лідэраў ЭАЭС Аляксандар Лукашэнка нагадаў пра плян стварэньня да 2025 году адзінага нафтагазавага рынку. І прывёў прыклад несправядлівых дачыненьняў у межах ЭАЭС — тарыф «Газпрома» на транспартаваньне прыроднага газу для Беларусі складае амаль 3 даляры за 1 тыс. куб. м на 100 км, унутраны тарыф у Расеі — парадку 1 даляра 1000 куб. м на сто км.

«Калі б мы фармавалі цану на рынкавых прынцыпах, гэта было б не 129, а 200 даляраў. Вось у чым розьніца», — адказаў на гэта Ўладзімір Пуцін.

І падкрэсьліў, што сёньняшні кошт газу для Беларусі 129 даляраў, а ў ФРГ — 250 даляраў.

«У вас няправільныя разьлікі, мы маем горшыя ўмовы, чым Нямеччына. Я ўжо гэта не адзін раз казаў, здаецца, ваявалі супраць Нямеччыны разам, а нашыя людзі, якія яшчэ не памерлі, маюць такую сытуацыю. Яны маюць 200 даляраў, а мы 130, таму што туды яшчэ 3000 кілямэтраў пампаваць трэба, таму ў іх і цана такая», — адказаў Пуціну Лукашэнка.

Эканаміст Сяргей Чалы сказаў Свабодзе, што Лукашэнка меў рацыю, а формула падліку тарыфу на транспартаваньне газу сапраўды несправядлівая.

«Трэба зьніжаць цану, канечне. У формулу падліку ўвялі транспартны складнік, які чамусьці лічыцца ў далярах. Пасьля дэвальвацыі 2014 году гэтая цана вырасла і стала непрапарцыйна вялікай, так не павінна быць. Яе павінны лічыць у рублях. А расейцы пералічваць формулу ня сталі», — сказаў Сяргей Чалы.

Аляксандар Лукашэнка ня раз уздымаў пытаньні фармаваньня адзінага рынку газу і нафтапрадуктаў у межах ЭАЭС, бо інакш прадпрыемствы ў межах ЭАЭС «існуюць ня ў роўных умовах».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG