Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прымушэньне да інтэграцыі: колькі каштуе сувэрэнітэт


Беларускі бок пастаўлены перад дылемай — альбо больш глыбокая інтэграцыя і тады пажаданьні Менску па газу і нафце будуць задаволеныя, альбо інтэграцыя застаецца на цяперашнім узроўні, і тады асабліва на саступкі Расеі Беларусі разьлічваць не даводзіцца.

Ультыматум

Менавіта гэта адбылося падчас выступу прэм'ера Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева на саюзным Саўміне ў Берасьці. Размова ідзе пра рэалізацыю палажэньняў паўзабытай дамовы аб Саюзнай дзяржаве — адзіная валюта, адзіны суд, адзіная мытня.

Пакуль толькі пра гэта. Але варта нагадаць, што дамова прадугледжвала і далейшыя крокі ў інтэграцыі — прынамсі шлях да адзінага парлямэнту і адзінага прэзыдэнцтва.

Па структуры цяперашняя прапанова, агучаная Мядзьведзевым, падобная на прапанову Ўладзіміра Пуціна ад 2002 году, на так званае «аддзяленьне мух ад катлет»: ці Беларусь банальна ўступае ў склад Расейскай Фэдэрацыі, ці менш адказнае збліжэньне, «кшталту як у Эўразьвязе», паводле тагачасных словаў Пуціна.

І цяпер Мядзьведзеў таксама кажа пра два шляхі далейшага разьвіцьця інтэграцыі — ці рэалізацыя палажэньняў дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы, ці «кансэрватыўны шлях». Выбар як бы пакідаецца за Беларусьсю. Але ня трэба забываць кантэкст.

Цана эканамічнай палёгкі

На парадку дня ў двухбаковых адносінах — цана на газ, зьніжэньня якой дамагаецца Беларусь, і падатковы манэўр, кампэнсацыі за які хоча Менск.

Днямі расейскі віцэ-прэмʼер Дзьмітры Козак адмовіўся размаўляць на гэтыя тэмы зь беларускай урадавай дэлегацыяй да вызначэньня далейшага шляху інтэграцыі.

І з гэтага дэмаршу, і зь сёньняшняй заявы Мядзьведзева можна зразумець, што беларускі бок пастаўлены перад дылемай — альбо больш глыбокая інтэграцыя, рэалізацыя дамовы аб саюзнай дзяржаве ад 1999 году, і тады пажаданьні Менску па газу і нафце будуць задаволеныя, альбо інтэграцыя застаецца на цяперашнім узроўні і тады асабліва на саступкі Расеі Беларусі разьлічваць не даводзіцца.

І лёгіка тут такая: цана эканамічных дабротаў і палёгкаў — паглыбленьне інтэграцыі. Пакуль толькі прыгаданыя агульная валюта, суд, мытня. Альбо плаціце ўсім гэтым альбо, як і запісана ў дамове аб Эўразійскім эканамічным саюзе, роўнасьць у нафтагазавай сфэры пераносіцца на далёкую пэрспэктыву 2025 году.

Чым адкажа Менск

Ускосна пра тое, якой хутчэй за ўсё будзе рэакцыя Менску, сьведчыць заява беларускага прэмʼера Сяргея Румаса на тым жа саюзным Саўміне пра тое, што падпісаньне дамовы аб узаемным прызнаньні візаў адкладаецца з той прычыны, што беларускі бок не зрабіў усіх належных унутрыдзяржаўных працэдур.

Гэтае тлумачэньне больш падобнае на дыпляматычную адгаворку. Фактычна, Менск адмовіўся ўхваліць і той невялічкі крок у бок паглыбленьня інтэграцыі, які быў даўно абгавораны, і які ў значна меншай ступені замахваецца на беларускі сувэрэнітэт, чым прапановы Мядзьведзева.

Напэўна, заўтра на прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх СМІ Аляксандар Лукашэнка агучыць афіцыйны адказ на заяву Мядзьведзева, які сфармуляваў, зразумела, ня ўласныя пажаданьні, а пазыцыю Крамля.

Сёньняшняя адмова падпісаць візавае пагадненьне сьведчыць хутчэй пра тое, што адказ прэзыдэнта Беларусі будзе адмоўным. Як адмоўным ён быў і 16 гадоў таму на прапанову Беларусі стаць шасьцю губэрнямі Расеі.

Ці быў ультыматум нечаканым

У сьвятле сёньняшняй заявы Мядзьведзева робяцца больш зразумелымі і публічная спрэчка Лукашэнкі з Пуціным на нядаўнім саміце ЭАЭС, і дзіўная сустрэча кіраўніка дзяржавы з паслом Нямеччыны.

Наўрад ці прапанова пра адзіную валюту, мытню і суд была нечаканай для Лукашэнкі. Гледзячы па ўсім, ён пра падрыхтоўку да гэтага «інтэграцыйнага наступу» ведаў і здагадваўся даўно.

І таму разважаў над тым, як яго адбіць. Захадам, зь яго цяперашнім бачаньнем Расеі, прапанова Мядзьведзева будзе ўспрынятая ледзь ня як чарговая анэксія, паводле вядомага горкага жарту, як «удар пернікам», як дзеяньне, якое стаіць у адной чарзе з Абхазіяй і Паўднёвай Асэтыяй, Крымам і Данбасам.

Таму палітычна Захад безумоўна падтрымае Лукашэнку, калі ён будзе пярэчыць прапанове Крамля. Пакуль сытуацыя не патрабуе фізычнай, узброенай абароны сувэрэнітэту Беларусі — Менску «ветліва» прапанавана, мае права адмовіцца. Да таго ж гатоўнасьць Захаду абараняць вайсковай сілай нават сваіх сяброў усе могуць бачыць на прыкладзе Ўкраіны.

Чым дапаможа Захад

Але дапамагчы Беларусі фінансава Захад у гэтай сытуацыі, напэўна, мог бы. Бо пытаньне, прынамсі ў яго цяперашняй пастаноўцы, у грошах. Будуць у Беларусі грошы, скампэнсуюць ёй яе страты — зьнікае ўльтыматыўная подбіўка прапановы аб паглыбленьні інтэграцыі. А нашто самой па сабе Беларусі яе паглыбляць, калі грошы будуць?

Да сёньняшняга дня Захад мог і не плаціць. Цяпер, зразумела, за прадухіленьне чагосьці важнага можа і варта заплаціць.

Нечаканы эфэкт ультыматуму

Прапанова Крамля зьяўляецца ўдарам па яго ўласным дзецішчы — па Эўразійскаму эканамічнаму саюзу. Заявай Мядзьведзева ў Берасьці Масква паказала і Астане, і Ерэвану, і Бішкеку, што можа чакаць і іх у агляднай будучыні. І наўрад ці гэты вобраз ім спадабаецца.

І гэта таксама фактар, хаця і ня надта важкі, які будзе падштурхоўваць Менск да адмоўнага адказу.

Момант ісьціны

Але ў любым выпадку для Беларусі, для грамадзтва наступае момант ісьціны. Менавіта для Беларусі і грамадзтва, не адно для Лукашэнкі.

Набываюць рэальныя рысы, на першы погляд, абстрактныя спрэчкі пра нацыянальную ідэнтычнасьць. Беларусам прапанавана — вы не зьбяднееце, а можа нават і пабагацееце, калі прымеце запрашэньне ў царства Пуціна. Ну ня тое каб наўпрост заўтра «Пуцін — прэзыдэнт беларусаў», але ў гэтым кірунку.

А не — дык не, тады давядзецца зацягнуць паясы. Пакуль ніякіх «зялёных чалавечкаў» няма, але ёсьць выбар паміж платай сувэрэнітэтам ці грашыма, якіх стане менш у кішэнях беларусаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG