Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцэ-прэм’ер РФ адмовіўся абмяркоўваць зь беларускай дэлегацыяй эканамічныя саступкі


Дзьмітры Козак

Віцэ-прэмʼер РФ Дзьмітры Козак у аўторак на сустрэчы з дэлегацыяй ураду Беларусі ня стаў абмяркоўваць кампэнсацыю стратаў ад падатковага манэўру і даваньне зьніжкі на газ.

Пра гэта паведаміла агенцтва «Інтэрфакс» са спасылкай на крыніцу, блізкую да перамоваў.

Паводле крыніцы, віцэ-прэмʼер ня лічыць магчымым абмяркоўваць гэта «да прыняцьця прынцыповых рашэньняў аб руху ў кірунку далейшай інтэграцыі Расеі і Беларусі ў рамках саюзнай дзяржавы» — піша агенцтва.

На сустрэчы зь беларускага боку ўдзельнічалі віцэ-прэмʼер Ігар Ляшэнка, які зьяўляецца куратарам энэргетычнага комплексу, і пасол Беларусі ў РФ Уладзімер Сямашка.

На мінулым тыдні падчас саміту Эўразійскага эканамічнага саюзу кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ўступіў у публічную спрэчку з кіраўніком Расеі Ўладзімірам Пуціным. Лукашэнка зьвярнуў увагу на розныя ўмовы цэнаўтварэньня для беларускіх і расейскіх спажыўцоў газу. Паводле яго, для беларускіх спажыўцоў паліва каштуе каля 130 даляраў за тысячу кубамэтраў, у той час як для расейскіх — 70 даляраў (у суседняй Смаленскай вобласьці).

На гэта Пуцін адказаў, што калі б для Беларусі была рынкавая цана газу, яна была б пад 200 даляраў за тысячу кубамэтраў. Пазьней Лукашэнка расказаў, што папрасіў прабачэньня перад Пуціным за тое, што ў «нядобрай форме» ініцыяваў дыскусію ў газавым пытаньні.

Інтэрфакс нагадвае, што ў пачатку лістапада Менск і Масква ўступілі ў актыўную фазу перамоваў пра мэханізм кампэнсацыі беларускаму боку выпадаючых даходаў бюджэту з-за пачатку рэалізацыі ў РФ так званага падатковага манэўру ў нафтавай сфэры. Мэханізм прадугледжвае паэтапнае зьмяншэньне экспартнага мыта на нафту і нафтапрадукты. Падатковы манэўр прывядзе да зьніжэньня даходаў беларускага бюджэту.

Прэсавая сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант паведаміла днямі, што паводле падлікаў беларускага боку, пры найгоршым разьвіцьці падзеяў за наступныя чатыры гады Беларусь недаатрымае амаль 11 мільярдаў даляраў.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр — зьмена спагнаньня экспартнага мыта на падатак на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Раней і да канца 2018 году ў Расеі экспарт сырой нафты абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны.
  • Мыта не спаганялася зь паставак у Беларусь на 18-20 мільёнаў тон у год.
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала 3 мільярды 600 мільёнаў даляраў, а за наступныя 4 гады недаатрымае 11 мільярдаў пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч казаў, што агульныя страты ад падатковага манэўру ацэньваюцца ў 8–12 млрд даляраў.
  • Віцэ-прэмʼер Беларусі Ігар Ляшэнка заявіў, што Беларусь разьлічвала на кампэнсацыю каля 310–315 мільёнаў даляраў.
  • У якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля 405 млн даляраў. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG