Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газавая спрэчка: пра што дыскутавалі і ці дамовіліся Лукашэнка і Пуцін


Свабода распытала палітолягаў, чым скончыцца спрэчка кіраўнікоў Расеі і Беларусі на саміце Эўразійскага эканамічнага саюзу. Падчас сустрэчы зь лідэрамі краінаў ЭАЭС Аляксандар Лукашэнка ўступіў у спрэчку з Уладзімірам Пуціным аб цане на газ для Беларусі

Паводле Лукашэнкі, цана на газ для Беларусі менш выгадная, чым для ФРГ.

Пачым газ для Беларусі

«Дзейны парадак цэнаўтварэньня, паводле якога пастаўляецца ў Беларусь прыродны газ: тарыф, які ўжываецца „Газпромам“ для беларускага боку на транспартаваньне газу зь Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі да нашай мяжы, складае амаль 3 даляры за 1 тысячу кубічных мэтраў на 100 км, у той час як ўнутрырасейскі тарыф — парадку 1 даляра. З улікам гэтых абставінаў газ на мяжы са Смаленскай вобласьцю абыходзіцца Беларусі па цане амаль 130 даляраў за 1 тысячу кубічных мэтраў, а вызначаная аптовая цана для спажыўцоў у Смаленскай вобласьці Расеі — 70 даляраў. Гэта амаль у два разы ніжэй. Простае пытаньне: як канкураваць у гэтай сытуацыі?», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

Пуцін адказаў на гэта, што рынкавы кошт газу для Беларусі — 200 даляраў за тысячу кубамэтраў, а не 129, як ёсьць цяпер. І прапанаваў абмеркаваць пытаньне за зачыненымі дзьвярыма. Пазьней Аляксандар Лукашэнка прасіў прабачэньня за гэтую спрэчку.

Свабода распытала палітолягаў, што можа значыць такі паварот у дыскусіі і як гэта адабʼецца на Беларусі.

«Кампраміс знайшлі, але часовы»

Арсень Сівіцкі
Арсень Сівіцкі

На думку кіраўніка Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных дасьледаваньняў Арсеня Сівіцкага, Менск паспрабаваў націснуць на Расею, але наўрад ці гэта дапаможа дабіцца значных саступак у цане на газ для Беларусі.

«Гэта ня першы раз, калі Менск выкарыстоўвае такую тактыку і спрабуе ціснуць на Маскву, каб яна пайшла на саступкі. Але ў сёньняшніх умовах Расея знаходзіцца ў вельмі небясьпечным геапалітычным становішчы і спадзявацца на гэтую лёгіку ня варта. Нейкая кампрамісная форма падчас саміту, думаю, была знойдзена. Але яна арыентаваная на наступны год», — кажа Сівіцкі.

Арсень Сівіцкі дадае, што сёньняшняя цана на газ для Беларусі завялікая для эканомікі, што і вымушае Лукашэнку ісьці на абвастрэньне канфлікту.

«Беларускі бок цяпер спрабуе ініцыяваць новыя перамовы, каб абмеркаваць умовы кантракту і цаны ўжо пасьля 2019 году. Каб не сядаць за стол перамоваў у канцы наступнага году», — удакладняе Арсень Сівіцкі.

«Газ — толькі прыкрыцьцё»

Дзяніс Мельянцоў
Дзяніс Мельянцоў

Паводле палітоляга Дзяніса Мельянцова, спрэчка пра газ сьведчыць пра больш глыбокія праблемы ў ЭАЭС.

«Гэта пытаньне неабавязкова завязанае на газ, гэта быў мэсыдж у адной сфэры, які адлюстроўвае перамовы зусім у іншай сфэры, напрыклад у нафтавай. Хто стаў пераможцам гэтай спрэчкі, мы пабачым у наступныя месяцы. Але гэта паказвае, што такая перапалка — гэта праява, што ў ЭАЭС ня ўсё ідзе гладка».

Страты ад «нафтавага падатковага манэўру»

Экспэрты прыгадваюць яшчэ адну важную для Беларусі тэму — падатковы манэўр у нафтавай прамысловасьці, заплянаваны ў Расеі цягам шасьці гадоў і празь які Беларусь можа страціць да 10 мільярдаў даляраў. Бо нават сёньняшнія дамоўленасьці пасьля сканчэньня гэтага манэўру працаваць не будуць, кажа Арсень Сівіцкі:

«Афіцыйны Менск разьлічвае на кампэнсацыю, але, наколькі я ведаю, перамовы ідуць складана, Расея ня хоча ісьці на саступкі, і мы бачым ужо некалькі гадоў, як яна скарачае нам інтэграцыйныя субсыдыі, што прыводзіць да збояў у функцыянаваньні беларускай эканамічнай мадэлі».

Нафтавае пытаньне Лукашэнка і Пуцін плянуюць абмеркаваць падчас сустрэчы на наступным тыдні. Сьпярша гэтае пытаньне абмяркуюць прэмʼер-міністры, а пасьля ўжо кіраўнікі краінаў, інфармуе сайт Аляксандра Лукашэнкі. Беларусь экспартуе нафту з Расеі, перапрацоўвае ў сябе і прадае, у тым ліку ў Расею, нафтапрадукты. Падатковы манэўр, заплянаваны ў Расеі, можа нашкодзіць гэтай схеме.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG