Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка папрасіў у Пуціна прабачэньня за спрэчку пра цану на газ


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін на сустрэчы 6 сьнежня

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што пасьля спрэчкі пра цану на газ для Беларусі ён папрасіў прабачэньня ва Ўладзіміра Пуціна.

Пра гэта Лукашэнка распавёў пасьля завяршэньня перамоваў у Санкт-Пецярбурзе.

«Атрымалася (абмеркаваць. – РС.) у такой непрыгожай форме, што пасьля прыйшлося выбачыцца перад гаспадаром сёньняшняй сустрэчы. Вельмі бурны быў перагавор. Вам лепш ня чуць гэтага», – сказаў Лукашэнка і дадаў, што на наступным тыдні ён сустрэнецца з Пуціным, каб абмеркаваць усе пытаньні.

6 сьнежня Аляксандар Лукашэнка на пасяджэньні Вышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады ў Санкт-Пецярбургу дыскутаваў з Уладзімірам Пуціным пра роўныя ўмовы гаспадараньня і цану на газ.

Лукашэнка прывёў прыклад — цана прыроднага газу, калі тарыф «Газпрому» на транспартаваньне газу для Беларусі складае амаль 3 даляры за 1 тыс. куб. м на 100 км, а ўнутраны тарыф у Расеі — каля 1 даляра 1000 куб. м на сто км.

А ў структуры цаны газу для Беларусі плата за транспартаваньне па тэрыторыі Расеі — больш за 70%, адзначыў Лукашэнка.

Дыскусія Ўладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі

Пуцін падкрэсьліў, што сёньняшняя цана газу для Беларусі — 129 даляраў, а ў ФРГ — 250 даляраў.

«І гэта, безумоўна, вялікая перавага для саюзьнікаў па ЭАЭС. Вядома, трэба імкнуцца да ўніфікацыі, але для гэтага трэба час і іншы ўзровень інтэграцыі», — заявіў Пуцін.

«Калі б мы фармавалі цану на рынкавых прынцыпах, гэта было б не 129, а 200 даляраў. Вось у чым розьніца», — сказаў Уладзімір Пуцін пра цану газу для Беларусі.

«У вас няправільныя разьлікі, мы маем горшыя ўмовы, чым Нямеччына. Я ўжо гэта не адзін раз казаў, здаецца, ваявалі супраць Нямеччыны разам, а нашыя людзі, якія яшчэ не памерлі, маюць такую сытуацыю. Яны маюць 200 даляраў, а мы 130, таму што туды яшчэ 3000 кілямэтраў пампаваць трэба, таму ў іх і цана такая», — адказаў Пуціну Лукашэнка.

Пуцін на гэта прапанаваў падыскутаваць у закрытым ад прэсы рэжыме.

Беларускі эканаміст Сяргей Чалы сказаў Свабодзе, што Лукашэнка меў рацыю, а формула падліку тарыфу на транспартаваньне газу сапраўды несправядлівая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG