Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларуская мова — наша спрадвечная». Трэнэр весьляроў пакрытыкаваў выказваньні сваіх выхаванак 


Марына Літвінчук і Надзея Ляпешка на Алімпіядзе ў Рыё-дэ-Жанэйра, 2016 год

Галоўны трэнэр беларускай зборнай у веславаньні на байдарках і каноэ Ўладзімер Шантаровіч у інтэрвію спартоваму сайту «Трыбуна» пракамэнтаваў скандальныя выказваньні сваіх выхаванак.

Раней бронзавая прызэрка Алімпіяды-2016, чэмпіёнка сьвету і Эўропы Маргарыта Махнева заявіла, што не разумее, навошта патрэбна беларуская мова, калі ўсе гавораць па-расейску. А двухразовая прызэрка Гульняў у Лёндане і Рыа-дэ-Жанэйра Марына Літвінчук раскрытыкавала тых, хто зьбірае подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў.

Словы Маргарыты — гэта выключна яе разуменьне, лічыць спэцыяліст. Сам жа ён называе беларускую мову «спрадвечнай». Прызнаецца, што шмат чытае па-беларуску, вялізную колькасьць беларускіх кніг раздарыў па ўсім сьвеце. Лепшай мовы няма ў сьвеце, падсумаваў ён.

«Беларуская мова — яна нашая, нацыянальная. І ў яе такія ж правы, як у расейскай. Мы не павінны гэтую мову забываць. Калі забудзем — загубім краіну», — сказаў Шантаровіч, дадаўшы, што для падобных размоваў людзі павінны сасьпець.

«Ня проста пустату малоць, як у нас часта робіцца. Калі чалавек нешта гаворыць, значыць, у яго ёсьць нейкі жыцьцёвы досьвед, погляды на тую ці іншую сытуацыю. Мне ўжо неўзабаве 70, я шмат чаго прайшоў, многае разумею. Ведаю, якой краіна была ў 1990-я, бачу, якая яна цяпер. Але мы не павінны замыкацца ў сваім коле, а трэба жыць, глядзець на суседзяў і разьвівацца», — сказаў Уладзімер Шантаровіч.

Заявы Маргарыты Махневай у гутарцы са Свабодай крытыкаваў і вядомы гандбаліст, алімпійскі чэмпіён Андрэй Барбашынскі.

Таксама Ўладзімер Шантаровіч выказаўся і пра выбарчую кампанію. Асабіста яму імпануюць некаторыя кандыдаты, напрыклад Валер Цапкала. Хоць на 70-80% вызначыўся, што будзе галасаваць на выбарах за цяперашняга кіраўніка краіны.

«Мне спадабаліся погляды і падыходы Цапкалы да пэўных момантаў. Пра іх ён казаў у розных інтэрвію. Але пакуль нічога канкрэтнага ў яго ўсё роўна ня ўбачыў. Напрыклад, хто будзе вырашаць існыя праблемы? Ён кажа, што за пяць гадоў выканае нейкую сацыяльна-эканамічную праграму. А як і з кім? Вось гэта хацелася б пачуць», — сказаў трэнэр зборнай Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG