Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я супраць таго, каб палітыкі лезьлі ў спорт». Алімпійскі чэмпіён Уладзімер Камінскі пра жыцьцё паміж выбарамі


Алімпійскі чэмпіён Уладзімер Камінскі

«Усе ведаюць выказваньне: перамагае мацнейшы. Трэба мець вялікую сілу, каб перамагчы ў выбарнай гонцы. Тым больш пры нашай сыстэме — моцнай, трывалай». Уладальнік залатога алімпійскага мэдаля, чэмпіён сьвету ў веласпорце Ўладзімер Камінскі пра грамадзянскую пазыцыю і выкарыстаньне спартоўцаў у палітычных мэтах.

Уладзімер Уладзімеравіч ня так даўно адзначыў 70-гадовы юбілей. Нарадзіўся ў вёсцы Цна пад Менскам — адразу за Курапатамі, удакладняе лякацыю. Тут некалі наладзілі перапрацоўку торфу, і таму да месца прыклеілася прамысловая назва — «торфапасёлак». Як і бальшыня тутэйшых, бацькі працавалі на заводзе: мама — у бухгальтэрыі, тата — кіроўцам. Ён і цяпер жыве ў старой хаце, ня моцна зьмяніўшы антураж вясковага падворку. Сад зь яблынямі, грушамі, сьлівамі, гародзік з агуркамі ды памідорамі.

Адсутнасьць зорнай хваробы не пазбаўляе фізычнай уразьлівасьці

Камінскі — адзін зь нешматлікіх прадстаўнікоў вялікага спорту, хто вольна гаворыць па-беларуску. Зь лёгкасьцю дэманстраваў гэтую здольнасьць яшчэ ў «Экспэртызах Свабоды» на пачатку нулявых, ня страціў кваліфікацыі і дагэтуль, хоць моўная сытуацыя ў краіне істотна пагоршылася.

З трафэямі падчас выступленьня за зборную СССР
З трафэямі падчас выступленьня за зборную СССР


Спакойная, разважлівая, інтэлігентная манера кантактаваньня разам з прыроднай сьціпласьцю даюць зразумець, што зорнай хваробы алімпіец пасьпяхова пазьбег. Адрозна ад фізычнай.

Нягледзячы на «іканастас» міжнародных дыплёмаў ды ўзнагародаў, пахваліцца здароўем у апошнія гады яму цяжка — хоць рэгулярна займаецца зарадкай, раз-пораз нават ладзіў 30–40-кілямэтровыя велакросы.

«Калі мінулым разам сустракаліся, быў значна маладзейшы. І шмат здаравейшы», — аджартоўваецца суразмоўца. Зрэшты, і было гэта амаль 20 гадоў таму. Працяглая спартовая кар’ера з гонкамі на выжываньне суправаджалася шматлікімі апэрацыйнымі ўмяшаньнямі, што не магло не адбіцца на агульным стане.

Чарговая 100-кілямэтровая дыстанцыя
Чарговая 100-кілямэтровая дыстанцыя

На пачатку 2000-х ён быў вымушаны зьехаць на лекаваньне ў Злучаныя Штаты. Спадзяваўся, што ненадоўга, але давялося затрымацца. Зрэшты, бяз справы не сядзеў, трэніраваў велагоншчыкаў-аматараў. Можа, каб яшчэ крыху, дык і ўзьняў бы заакіянскіх выхаванцаў да ўсясьветнага ўзроўню.

На дошцы гонару Нацыянальнага алімпійскага камітэту
На дошцы гонару Нацыянальнага алімпійскага камітэту

Але раз-пораз хваробы пра сябе нагадваюць. Ён ужо амаль два тыдні ў інфэкцыйным аддзяленьні аднаго зь менскіх шпіталяў, а чаканае пытаньне пра «той самы дыягназ» парыруе з усьмешкай.

«Не, хвароба іншая, хоць таксама інфэкцыйная. Каранавірус да мяне яшчэ не дайшоў. Чаму „яшчэ“? У гэтым сэнсе я згодны з адмыслоўцамі, якія лічаць, што зь цягам часу ў той ці іншай ступені ён прыйдзе амаль да ўсіх. Ня ў гэтай хвалі, дык у наступнай... Але, дзякуй богу, ужо на папраўку, хопіць валяцца», — ня страчвае аптымізму пацыент лякарні.

Яго цягне родны дом у Цне. Лета кароткае, скончыцца, не пасьпееш азірнуцца, наракае ён. Пакуль што за гаспадаркай прыглядаюць дзеці. Яны, дарэчы, таксама людзі спорту — праўда, воднага. Сын — майстар спорту па скачках у ваду, дачка — кандыдат у майстры спорту па сынхронным плаваньні. Пайшлі шляхам сваёй маці, якая была кандыдатам у майстры спорту па плаваньні.

Спартоўцы не павінны ўвязвацца ў тое, у чым мала разумеюць

Праз дрэннае самаадчуваньне Ўладзімер Камінскі не пасьпеў падпісацца за кагосьці з прэтэндэнтаў у сёлетняй гарачай палітычнай кампаніі, але на выбары пайсьці зьбіраецца. Падкрэсьлівае, што менавіта ў прызначаны дзень.

«Калі 9 жніўня прыйду на выбарчы ўчастак, зразумела, як грамадзянін зраблю свой выбар. Што тычыцца сымпатыяў, якія агучваюцца ў мэдыя... Я лічу, што гэта выкарыстаньне аўтарытэту спартоўцаў у палітычных мэтах — ня важна, зь якога боку. Калі яшчэ пачало паўставаць пытаньне спорту і палітыкі, з улікам свайго жыцьцёвага досьведу прыйшоў да высновы: спартоўцы, тым больш вядомыя, не павінны ўвязвацца ў тое, у чым мала разумеюць. Гэтаксама я супраць і таго, каб палітыкі лезьлі ў спорт. На вашым радыё гэтую пазыцыю ў свой час агучыў публічна».

У штаб-кватэры НАК Беларусі
У штаб-кватэры НАК Беларусі

Захаваць аўтаномнасьць складана. Усё больш спартоўцаў імкнуцца ў палітыку — весьляры Ўладзімер Парфяновіч і Аляксандар Багдановіч, малатабоец Вадзім Дзевятоўскі былі дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. Чыноўнікі, наадварот, масава прызначаюцца кіраўнікамі фэдэрацый, часта ня маючы ніякага ўяўленьня пра сутнасьць гэтай «грамадзкай нагрузкі». Аляксандар Лукашэнка наогул больш за 20 гадоў сумяшчае найвышэйшую дзяржаўную пасаду з прэзыдэнцтвам у Нацыянальным алімпійскім камітэце, падцягнуўшы ў першыя намесьнікі і сына Віктара, свайго дарадцу ў Савеце бясьпекі.

«Атлеты, якія ідуць на дзяржаўныя пасады, становяцца палітыкамі. Зрэшты, палітык таксама можа вырашыць займацца спортам. Чаму не? Перафарматаваньне асноўнай дзейнасьці. Але трэба займацца гэтым прафэсійна, забыцца пра мінулае. Шмат хто ўжо выказаўся наконт выбараў — Арамнаў, Домрачава, Карстэн, іншыя. Паўтаруся, гэта эксплюатацыя вядомай асобы. Што да грамадзянскай пазыцыі? Я згодны з нашым Героем Беларусі: выбары павінны быць чэснымі і справядлівымі. А ўжо хто будзе ацэньваць тую чэснасьць — з гэтым складаней. У кожнага свая праўда».

Алімпійскае золата Манрэалю-1976
Алімпійскае золата Манрэалю-1976

Паводле Ўладзімера Камінскага, электарат заўсёды спадзяецца, што той ці іншы кандыдат ашчасьлівіць і краіну, і яе жыхароў. І тым большае расчараваньне, калі надзеі ня спраўджваюцца. Так што любыя выбары — як лятарэя.

«Усім вядомае выказваньне: перамагае мацнейшы. Бясспрэчна, трэба мець вялікую сілу, каб перамагчы ў выбарчай барацьбе. Тым больш пры нашай сыстэме — моцнай, трывалай. Калі кандыдаты, якія выйдуць на гэтую дарогу, змогуць знайсьці такія рэсурсы, ну дык паглядзім. Мы ж галасуем не за прозьвішча, а за лепшае жыцьцё для ўсіх. Грамадзянін, прыходзячы на выбарчы ўчастак, разважае аднолькава: каб было камфортна яму, ягонай вёсцы, ягонаму гораду, ягонай краіне. А глябальна мысьляць палітыкі, яны павінны стварыць умовы. Таму спадзяюся, што ў нас будзе ўсё добра».

Алімпійскі трыюмфатар з прысталічнага торфапасёлку

У сям’і Валодзя быў малодшым і, нягледзячы на выхаваньне вуліцай, парамэтрамі волата не вылучаўся. Аднак пастаянная занятасьць на гаспадарцы навучыла трываць нагрузкі, выпрацавалася «цягавітасьць», уменьне ў патрэбны момант «адключацца» ад навакольля. У будучым гэтыя якасьці дазволілі скарыць найвышэйшыя прыступкі ў сваім відзе спорту.

На чале каманднага пелатону
На чале каманднага пелатону

Згадвае, што веласпортам спачатку заняліся старэйшыя браты — Леанід і Анатоль. Нават выйгралі адзіны залаты мэдаль сярод беларусаў у каманднай гонцы на 75 кілямэтраў на спартакіядзе народаў СССР ад каманды «Камвольшчык». Сам ён ганяў зь сябрамі ў мяч, мроячы пра футбольную кар’еру. Гулялі на спаборніцтвах, выйгравалі раённыя першынствы. Зьбіраўся ў футбольную школу моладзі на базе Інстытуту фізкультуры, ды «прашляпіў» тэрмін набору, курс укамплектавалі безь яго.

Пасьля 8 клясы паступіў у Менскі электратэхнікум сувязі. У той час праігнараваць заняткі спортам было немагчыма, пайшоў у лыжныя гонкі. Ненадоўга, бо вучоба неўзабаве скончылася, разьмеркавалі электрыкам танальнага цэху на цэнтральны сталічны тэлеграф. А затым чароўным чынам паўтарыў шлях братоў — апынуўся ў сэкцыі веласпорту таварыства «Спартак». Наноў асэнсавана сеў на ровар у 17-гадовым узросьце.

З трэнэрам Леанідам Корбутам
З трэнэрам Леанідам Корбутам

Трэнэр Леанід Корбут хутка разгледзеў у шчуплым выхаванцу талент, і посьпехі не прымусілі доўга сябе чакаць: перамога ў індывідуальнай і каманднай гонках на першынстве СССР. Але ровар давялося прыпаркаваць — забралі ў войска. Вярнуўшыся, працягнуў заняткі ў вядомага спэцыяліста Леаніда Шаляшнёва.

Выйграўшы саюзнае першынства ў Вільні, малады спартовец трапіў у сфэру інтарэсаў Масквы. Тры гады да яго прыглядаліся, і, вытрываўшы жорсткую канкурэнцыю, у 1974-м Камінскі ўвайшоў у склад зборнай СССР.

У першай жа гонцы на чэмпіянаце сьвету ў Канадзе каманда зь яго дапамогай заняла другое месца, літаральна на фінішы саступіўшы швэдам. На наступны год зноў крыху не хапіла да трыюмфу ў Бэльгіі — прыйшлі сьледам за палякамі.

З малымі прыхільнікамі
З малымі прыхільнікамі

Затое ў алімпійскім 1976-м усё ўдалося кампэнсаваць зь ліхвой. На летніх гульнях у Манрэалі інтэрнацыянальны экіпаж у складзе беларуса Ўладзімера Камінскага, украінца Анатоля Чуканава, эстонца Аава Пікууса і расейца Валерыя Чаплыгіна ўпэўнена заваяваў золата. Гэта быў першы беларускі мэдаль найвышэйшай вартасьці ў веласпорце. А праз год скарылася і найвышэйшая прыступка п’едэсталу чэмпіянату сьвету.

Патэнт на «кругавое пэдаляваньне» ад чэмпіёна-практыка

Наступнай Алімпіяды ўжо ня здарылася. Кіраўніцтва фэдэрацыі вырашыла, што Камінскаму зашмат гадоў, каб рызыкаваць вынікам цэлай каманды. Сам жа перакананы, што тады ў свае 30 быў гатовы ня горш за маладых супернікаў. «Аднак бедны ня той, у каго нічога няма, а каму ўсё мала», — па-філязофску кажа ён пра тагачасны расклад. І тое, што на правах старэйшага не пачаў расьпіхваць калегаў, толькі ўмацавала ягоны аўтарытэт.

Шчасьлівы ровар Камінскага захоўваецца ў музэі НАК
Шчасьлівы ровар Камінскага захоўваецца ў музэі НАК

Як бы там ні было, беларускі веласпорт атрымаў штуршок для разьвіцьця, у будучым выдаўшы цэлае суквецьце вядомых раварыстаў у розных дысцыплінах. А ягоны фартовы ровар ад італьянскага вытворцы Colnago — на ім выйграныя Алімпіяда і чэмпіянат сьвету — цяпер захоўваецца ў музэі Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі.

З завяршэньнем спартыўнай карʼеры Ўладзімер Камінскі абраў для сябе адукацыйна-асьветніцкі працяг біяграфіі. На пачатку 1980-х стаў малодшым навуковым супрацоўнікам у дасьледчай лябараторыі тагачаснага Інстытуту фізычнай культуры. Працаваў над уласнай вынаходкай — велатрэнажэрам новага пакаленьня, які меўся пераўзысьці ранейшыя савецкія аналягі. Для знаўцаў тлумачыць, што на трэнажэры не было фазы інэрцыі, і таму выпрацоўвалася кругавое пэдаляваньне. Аформіў патэнт.

«Залаты» квартэт: Валеры Чаплыгін, Анатоль Чуканаў, Аава Піккуус, Уладзімер Камінскі
«Залаты» квартэт: Валеры Чаплыгін, Анатоль Чуканаў, Аава Піккуус, Уладзімер Камінскі

Так і застаўся ў галоўнай спартыўнай ВНУ краіны. Абараніў кандыдацкую дысэртацыю. Прафэсар катэдры веласіпеднага, канькабежнага і коннага спорту, дацэнт.

Быў і трэнэрскі досьвед. Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці быў запрошаны на пасаду галоўнага трэнэра нацыянальнай зборнай Беларусі ў веласпорце. За час ягонай кадэнцыі ў 1996–1999 гадах каманда паднялася ў міжнародным рэйтынгу зь пятага дзясятка ў шасьцёрку мацнейшых.

Перад стартам
Перад стартам

«Мне ўжо шмат гадоў, хоць і хочацца яшчэ нешта зрабіць у галіне, у якой разьбіраюся. На жаль, дадаецца шмат розных і цяжкіх хваробаў, ня тая сытуацыя, каб увязвацца ў бойкі. Пэрспэктывы ў любым выпадку за маладымі, хай выказваюць сваю пазыцыю. А выцягваць на публіку мяне ці, напрыклад, Аляксандра Мядзьведзя... Што ні скажы, усялякія будуць рэакцыі — і з аднаго, і з другога боку. А гэта стрэс, нэрвовае напружаньне. Калі былі маладыя, як маглі змагаліся за сваю будучыню. Цяпер гэта справа новай генэрацыі, ім тут жыць далей, пасьля нас...»

Уладзімер Камінскі.

  • Заслужаны майстар спорту СССР.
  • Чэмпіён XXI Алімпійскіх гульняў (1976, Канада, Манрэаль).
  • Чэмпіён сьвету (1977, Вэнэсуэла, Сан-Крыстабаль).
  • Срэбны прызэр чэмпіянатаў сьвету (1974, 1975, 1978).
  • Чэмпіён Савецкага Саюзу (1976, 1977, 1978, 1980).
  • Ганаровы чалец Нацыянальнага алімпійскага камітэту Рэспублікі Беларусь.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG