Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы трэнэр беларускіх гімнастаў: «Каб Лукашэнка меў сумленьне, адмовіўся б ад выбараў» 


Спартовая гімнастыка, ілюстрацыйнае фота

Заслужаны трэнэр Беларусі ў спартовай гімнастыцы Віктар Дайлідаў заявіў у інтэрвію спартоваму парталу «Трыбуна», што калі ў Аляксандра Лукашэнкі яшчэ засталося сумленьне, то ён мае сысьці.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Віктар Дайлідаў амаль 20 гадоў узначальваў зборную Беларусі, быў асабістым трэнэрам уганараванага Івана Іванкова. Пад началам спэцыяліста нацыянальная каманда Беларусі дамаглася найбольшых вынікаў — перамагала на чэмпіянатах сьвету і Эўропы.

У інтэрвію Дайлідаў, сярод іншага, выказаў сваё бачаньне палітычных падзеяў у Беларусі.

«Я буду галасаваць за Віктара Бабарыку. Мне ён вельмі падабаецца. Здаецца, разумны і вельмі прыстойны чалавек. Нікога не абзывае, не абражае, кепскага слова нікому не сказаў. Я шмат пра яго чытаю, шмат гляджу. За яго падпісаўся», — прызнаўся спартовы адмысловец.

Гісторыю зь ператрусамі ў «Белгазпрамбанку» і ў доме Віктара Бабарыкі ён назваў ганебнай для ўладаў:

«Вы што, ня ведаеце, што Аляксандар Рыгоравіч усімі сіламі будзе трымацца за ўладу? Да апошняга. Я адчуваю, што ён ідзе на ўсё, каб утрымацца. На ўсё ідзе. Што гэта за „ветрадуі“, „майданутыя“. Ну як так можна? Гэта ж ён на сваіх людзей так кажа. Гэта ж твае жыхары Рэспублікі Беларусі! Многія цябе выбіралі, а цяпер ты іх так абражаеш».

Віктар Дайлідаў лічыць, што каб Лукашэнка меў сумленьне, то адмовіўся б ад выбараў.

«26 гадоў кіраваць краінай — хопіць. Ягоны час прайшоў. Бабарыка сказаў, што ніякіх рэвалюцыяў ня будзе. Бо разумее, што там будзе, на плошчы. Будуць правакацыі. Гэта лёгка робіцца. Правакацыя — і ўсё, кроў палілася. А правакацыі робяць тыя людзі, якія за Лукашэнку — сілавікі. Яны пойдуць на ўсё, каб гаспадар застаўся пры ўладзе. Вядома, гэта вельмі крыўдна», — выказаўся на «Трыбуне» Віктар Дайлідаў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч зьбіраўся зарэгістраваць 30 «кандыдатаў пратэсту», каб мець магчымасьць зьбіраць людзей на вуліцах, але ня ўдзельнічаць ў саміх выбарах. Яго і амаль усіх ягоных паплечнікаў не дапусьцілі да збору подпісаў — зарэгістравалі толькі групу Ўладзімера Няпомняшчых.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“». 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.

Гэтыя 15 чалавек будуць зьбіраць подпісы, каб стаць кандыдатамі ў прэзыдэнты. Хто яны

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG