Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік каталіцкага касьцёла Беларусі: «Выбары павінны быць сумленнымі, свабоднымі і справядлівымі»


Тадэвуш Кандрусевіч, архіўнае фота
Тадэвуш Кандрусевіч, архіўнае фота

2 ліпеня кіраўнік каталіцкага касьцёла ў Беларусі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падчас прамовы перад вернікамі на штогадовых урачыстасьцях у Будславе закрануў, сярод іншага, тэму каранавірусу і сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«З Эвангельля мы ведаем, што Езус суцішыў буру на моры і сказаў апосталам не баяцца. Таксама і мы не павінны баяцца і насьцеж расчыніць дзьверы нашых сэрцаў Езусу, каб ён быў у нас і нашым народзе, які выбірае сваю будучыню. Карабель, імя якому Беларусь, сёньня знаходзіцца на ўзбураным сацыяльна-палітычнымі хвалямі моры. Выбары, якія перад намі, павінны быць сумленнымі, свабоднымі і справядлівымі», — сказаў Кандрусевіч.

Паводле мітрапаліта, выбары павінны адбывацца «ў духу ўзаемапавагі паміж рознымі палітычнымі і грамадзкімі сіламі».

«Закладзены Творцам у чалавечай прыродзе прынцып свабоднай волі прадугледжвае магчымасьць свабоднага выбару, што будзе спрыяць так патрэбнай у наш час кансалідацыі нашага грамадзтва», — дадаў Кандрусевіч.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG