Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэрачань запусьціў інтэрнэт-апытаньне, каб вырашыць, ці здымацца з выбараў


Прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі Сяргей Чэрачань запусьціў на сваім сайце апытаньне, ці трэба яму здымацца з выбараў.

УЖЫВУЮ. Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«Гэтая электаральная кампанія увойдзе ў падручнікі гісторыі як самае жорсткае супрацьстаяньне паміж людзьмі і дзейнай уладай. Для мяне і маёй каманды прасьцей за ўсё цяпер падняць белы сьцяг і прызнаць, што ціск, які чыніцца, нас зламаў»,— напісаў палітык, адзначыўшы, што сам ён не апускае рук перад цяжкасьцямі і не адступае нават у момант, калі апанэнт дужы і хітры.

«За апошнія дні многія людзі з „тунэльным мысьленьнем“ выказалі ідэі аб тым, што неабходна здымацца з выбараў і даць уладзе правесьці „стэрыльную кампанію“. Гэта не мая думка і не меркаваньне маёй каманды. Я чалавек, які бачыць мэту і гатовы трымаць сур’ёзны ўдар. Але цяпер я не прадстаўляю толькі свае інтарэсы і ня ўдзельнічаю ў прэзыдэнцкай кампаніі дзеля сябе», — заявіў ён.

Паводле Сергея Чэрачня, у цяперашніх умовах ён мае прыслухацца да думкі ўсіх беларусаў. А таму запусьціў галасаванку, якая вырашыць лёс ягонага далейшага ўдзелу ці байкатаваньня выбараў. Кожны голас будзе ўлічаны і паўплывае на прынятае рашэньне, абяцае ён.

Што нам рабіць: працягваць удзел у прэзыдэнцкай кампаніі-2020 або скончыць яе на этапе рэгістрацыі? — такое пытаньне ставіць Сяргей Чэрачань.

Пакуль што бальшыня тых, хто прагаласаваў (6157 з агульных 11 479) схіляюцца да таго, каб завершыць удзел у гонцы на цяперашнім этапе.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG