Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пра каранавірус: «Магу вас павіншаваць, што мы з гэтай бядой справіліся»

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка 7 ліпеня наведаў «сустрэчу з актывам Менску» ў «адміністрацыйным комплексе» на праспэкце Пераможцаў, піша ягоная прэс-служба. Раней такія сустрэчы праводзілі ў Магілёўскай, Горадзенскай, Берасьцейскай і Менскай абласьцях, 29 чэрвеня правёў у Менску сустрэчу з «пэдагагічным актывам».

УЖЫВУЮ. Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Фармальна сустрэчы з актывам ня зьвязваюцца з выбарчай кампаніяй. Хто ўваходзіць у «актыў», не падведамляецца. На фота з сустрэчы 7 ліпеня відаць, што людзі сядзяць шчыльна, масак ніхто не надзеў.

Што сказаў Лукашэнка ў прамове перад менскім «актывам», сьцісла:

  • «Па сутнасьці, толькі ёй [сталіцай] і займаліся ў першыя гады [ягонага прэзыдэнцтва]. Рэсурсы, сілы, якія былі тады, усё сюды ўкладалася». Пазьней жа зразумелі, што «трэба забясьпечыць раўнаважае разьвіцьцё краіны».
  • Пагутарыў са старшынёй Савету Рэспублікі Натальляй Качанавай пра сытуацыю з каранавірусам на сёньняшняю раніцу і прыйшоў да высновы: «Я магу вас павіншаваць, што мы з гэтай бядой справіліся».
  • У барацьбе з каранавірусам галоўным было «не дапусьціць панікі». «Мы гэта з вамі пераадолелі. І дай Бог, каб далей паціху. Нам трэба паволі адысьці ад гэтай бяды і не дапусьціць паўторнай эпідэміі. Гэта для нас вельмі важна».
  • «Не было б шчасьця, ды няшчасьце дапамагло. Пандэмія нас адумаюцца і тая невялікая паніка, якая прайшлася па краіне. І мы зразумелі, што, у каго ёсьць невялікі ўчастак, дача, гэта было выратаваньне для старых. Змаглі і самі выехаць на выходныя, і вывезьці туды дзяцей».
  • «[Вольныя ўчасткі ў сельскай мясцовасьці] трэба перадаць ва ўласнасьць нашым людзям за зусім сымбалічную цану. Такім чынам мы адродзім і непэрспэктыўныя вёсачкі, будзем разьвіваць малыя гарады, пасёлкі гарадзкога тыпу, створым зручнасьць для жыцьця».
  • «Вы памятаеце стадыён наш „Дынама“, наш нацыянальны гонар, што там рабілася, вы ведаеце. А Чыжоўка цяперашняя... Гэта ўжо імя намінальнае было. Гэтай назвай дзяцей палохалі тады. Лічылася, і шмат у чым не без падстаў, што ў гэтым раёне суцэльнае пʼянства, крымінал, зайсьці туды страшна было. Ну а цяперашняя Чыжоўка – вы яе бачыце і можаце, людзі старэйшага ўзросту, параўнаць. Тое ж самае Лошыца, Уручча, Чырвоны Бор... На гэтых мясьцінах мы пабудавалі самыя прасунутыя і сучасныя мікрараёны».
  • «Адна з асноўных задач, якую мы вырашым у будучай пяцігодцы, гэта пераход на электрамабілі. Мы проста не павінны тут адстаць. Калі мы адстанем, будзе дрэнна. Таму цяжка, цяжка, але нам давядзецца бегчы і хаця б ні ў якім разе не адстаць».
  • ІІ Эўрапейскія гульні ў Менску — «гэта быў прарыў, калі хочаце, дыпляматычны прарыў».
  • «Дысцыпліна, выканальніцкая і тэхналягічная. Так, у апошнія паўгода-год мы на гэта зьвярнулі ўвагу і пачалі выпраўляцца. Не будзе якасьці — загінем».
  • Пастаўленая задача не дапусьціць перавышэньня насельніцтва Менску звыш 2 млн чалавек (больш за 2 млн стала 1 лістапада 2019 году): «Будзем разьвіваць гарады-спадарожнікі, але ў Менску трэба скарачаць будаўніцтва. [...] Нам трэба на Менск паглядзець сур'ёзна. Можа быць, вярнуцца яшчэ да генэральнага пляну і канчаткова зацьвердзіць яго і прадставіць менчукам, каб яны разумелі, як будзем рухацца ў бліжэйшую пяцігодку».
  • «Задачы вельмі няпростыя. І рэформамі гэтыя задачы ня вырашыш. Паколькі шмат кажуць аб „пераменах“ (вылучанае курсівам слова прамовіў па-беларуску, астатняе па-расейску. — РС), рэформах, я павінен сказаць, як я разумею гэтыя рэформы і як мы ішлі па жыцьці, рэфармуючы: у Беларусі рэформа можа быць толькі ў адным кірунку — як удасканаленьне таго, што ў нас ёсьць».
  • Паказьнік высокай якасьці беларускай сыстэмы аховы здароўя — аб’ём экспарту мэдычных паслугаў.
  • «„Лічбу“ (лічбавыя тэхналёгіі. — РС) трэба хутчэй ўкараняць у нас у эканоміцы, сацыяльнай сфэры. Мы ж IT-краіну вырашылі пабудаваць. І дзе гэта рабіць перш за ўсё, як ня ў Менску? Новыя інфармацыйныя тэхналёгіі — гэта „разумны горад“, паслугі, грамадзкая бясьпека. Бяз гэтага горад спыніцца ў разьвіцьці. Пры гэтым няўхільнае патрабаваньне: усё павінна быць зручным і камфортным для людзей».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG