Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас, архіўнае фота
Беларусь разьлічвае атрымаць 2 млн тонаў расейскай нафты па цане каля 4 даляраў за барэль, паведаміў 2 красавіка прэм'ер-міністр Сяргей Румас.
Заяву з такімі лічбамі перадаюць БелТА і «Інтэрфакс». На думку прэм’ера, «Белнафтахім» завершыць перамовы з расейскімі кампаніямі аб пастаўках на такіх умовах ужо 2 красавіка.
Сяргей Румас падкрэсьліў, што пастаўкі будуць ісьці бяз прэміяў расейскім кампаніям.
«Жорсткая і пасьлядоўная ўстаноўка кіраўніка дзяржавы аб куплі расейскай нафты бяз прэміі ў цане вытрымліваецца урадам, — расказаў Румас. — Вынікам гэтай пазыцыі зьяўляецца цана, за якую мы будзем купляць нафту ў красавіку з Расейскай Фэдэрацыі — каля 4 даляраў за барэль».
Амбасадар Беларусі ў Расеі Ўладзімер Сямашка ў інтэрвію «Российской газете» адзначае, што Беларусь не адмовіцца і ад альтэрнатыўных паставак нафты, хоць расейскія пастаўкі будуць бяз прэміяў. Ды Сямашка адзначыў, што рашэньне аб пастаўках бяз прэміяў «вырашае праблему толькі бягучага году, і тое калі цана нафты не перавысіць 40–45 даляраў за барэль». Надалей, заявіў ён, беларускія і расейскія нафтаперапрацоўчыя заводы мусяць мець аднолькавыя ўмовы кампэнсацыі выдаткаў ад «падатковага манэўру».
На 23 сакавіка, калі Беларусь і Расея папярэдне дамовіліся аб пастаўках нафты бяз прэміяў, усясьветная цана расейскай нафты Urals складала 23,25 даляраў за барэль. Пасьля гэтага цэны на нафту працягнулі падаць — 31 сакавіка Urals патаньнела да 13 даляраў за барэль.