Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цана барэлю расейскай нафты Urals упала да $13


Цана барэлю расейскай нафты Urals на рынку Паўночна-Заходняй Эўропы ў панядзелак 30 сакавіка зьнізілася да 13 даляраў — паведамляе ў аўторак агенцтва Argus Media.

Гэта самы нізкі ўзровень ад сакавіка 1999 году, калі Ўладзімір Пуцін яшчэ ня быў прэзыдэнтам Расеі. Urals цяпер каштуе ў Эўропе таньней, чым мазут.

Расейская нафта цяпер таргуецца на рынку Паўночна-Заходняй Эўропы са зьніжкай у дачыненьні да цаны нафты Brent памерам 4,75 даляраў за барэль. Цана барэлю Brent напярэдадні апускалася ніжэй за 18 даляраў.

На міжземнаморскім рынку Urals каштаваў крыху вышэй — каля 15 даляраў.

У аўторак цана нафты Brent на лёнданскай біржы крыху вырасла і зноў перасягнула 20 даляраў. Дадзеных аб цане Urals на аўторак пакуль няма. У любым выпадку, гэтая цана цяпер больш чым у 2 разы ніжэйшая, чым закладзена ў расійскі бюджэт. Яе зьніжэнне да цяперашніх паказьнікаў азначае, што расейскі бюджэт недалічыцца ня толькі даходаў ад падаткаў на прыбытак нафтавых кампаній, але і ад экспартных пошлін, а таксама паступленьняў ад падаткаў на здабычу карысных выкапняў. Экспарт нафты па цяперашніх цэнах для расейскіх кампаній фактычна стратны або блізкі да таго.

Яшчэ ў пачатку году цэны на нафту перасягалі 50 даляраў за барэль. Аднак затым яны пачалі падаць з прычыны пашырэньня каранавірусу і зьвязанага зь ім падзеньня попыту. Аднак абвальваньне цэнаў адбылося пасьля таго, як разваліліся дамоўленасьці паміж Расеяй і Саудаўскай Арабіяй аб абмежаваньні аб’ёмаў здабычы нафты. Эр-Рыяд рэзка нарасьціў аб’ёмы здабычы і пачаў прадаваць нафту зь вялікай зьніжкай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG