Чаму цэны ў Беларусі вырасьлі ўсяго на 4,7% за год? Тлумачыць эканаміст Крук

Зьміцер Крук, архіўнае фота
Зьміцер Крук, архіўнае фота

За 2019 год цэны на тавары і паслугі ў Беларусі вырасьлі на 4,7%. Гэта амаль рэкорд: ніжэй было толькі ў 2017-м, калі цэны вырасьлі на 4,6%.

У 2018-м інфляцыя ў Беларусі была вышэйшай — 5,6%. Да рэкорду-2017 самай нізкай была інфляцыя ў 2006 годзе — 6,6%.

У суседніх краінах інфляцыя яшчэ ніжэйшая: ва Ўкраіне — 4,1%, у Польшчы — 3,4%, у Расеі — 3%, у Літве — 2,7%, у Латвіі — 2,3%.

Эканаміст, навуковы супрацоўнік Беларускага дасьледча-адукацыйнага цэнтру BEROC Зьміцер Крук тлумачыць невысокую па беларускіх мерках інфляцыю ня столькі сытуацыяй у рэгіёне, колькі «адносна жорсткай» манэтарнай палітыкай беларускіх уладаў.

Ён згадвае, што ў канцы 2018 і пачатку 2019 году быў «невялічкі інфляцыйны ўсплёск», але манэтарная палітыка была накіраваная на тое, каб яго нэўтралізаваць, «зашмат грошай не друкавалі». Нацбанк разглядае як мэтавы ўзровень гадавую інфляцыю ў 5% — і выйсьці на яго атрымалася.

Таксама за 2019 год значна не падвышаліся «адміністрацыйныя» цэны — на паліва і жыльлёва-камунальныя паслугі. Бэнзін цягам году падаражаў на 14–16%, адна паездка на грамадзкім транспарце ў Менску і іншых рэгіёнах — на 5 капеек, «камуналку» падвысілі прыблізна на 5 даляраў. Гэта «ў пэўнай ступені адгукнецца» ў 2020 годзе, але роля манэтарнай палітыкі ў агульнай інфляцыі большая, мяркуе Крук.

Інфляцыя ў 2020 годзе істотна залежыць ад выніку перамоваў з Расеяй аб пастаўках нафты — а вынік тых перамоваў непрадказальны. Калі бакі ні пра што не дамовяцца і калі Беларусі давядзецца браць нафту з альтэрнатыўных крыніцаў, гэта праз «адміністрацыйныя» цэны адабʼецца на ўсіх астатніх.

«Тады пытаньне ўзьнікне, што будуць у гэтым выпадку рабіць эканамічныя ўлады, — кажа Крук. — Ці будзе Нацбанк сродкамі той жа манэтарнай палітыкі спрабаваць зьменшыць такі ўплыў і нэўтралізаваць сытуацыю, ці не… Тут шмат опцыяў і варыянтаў паўстае, але калі каротка, уплыў будзе нэгатыўны».

​
XS
SM
MD
LG