Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плаціць давядзецца больш. Што новага чакае беларусаў у 2020-м?


Новы год традыцыйна прыносіць зьмены. Часьцяком не на карысьць звычайнага беларуса. Свабода сабрала асноўныя зьмяненьні, якія тычацца кожнай сямʼі.

1. Павялічацца штрафы, мыты, зборы

Вырасьце базавая велічыня — з 25,5 да 27 рублёў. Адпаведна павялічацца штрафы (у тым ліку і за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях, за перавышэньне хуткасьці), а таксама зборы, мыты. За выдачу новага пашпарту давядзецца заплаціць 27 рублёў, за паскарэньне выдачы — яшчэ 27. А вось першы развод абыдзецца ў 108 рублёў, другі і наступныя — удвая даражэй (216 рублёў).

Праўда, з ростам базавай велічыні павялічацца і стыпэндыі, некаторыя віды дапамог. Вырасьце і дапамога для беспрацоўных — з 51 да 54 рублёў.

2. Жанчыны змогуць выйсьці на пэнсію ў 57 гадоў, мужчыны — у 62

Таксама вырасьце мінімальны страхавы стаж, неабходны для атрыманьня працоўнай пэнсіі — да 17,5 гадоў. Той, каму яго бракуе, можа прэтэндаваць не на працоўную пэнсію, а толькі на сацыяльную, памер якой цяпер складае прыкладна 116 рублёў (каля 50 даляраў). Прычым атрымліваць яе змогуць жанчыны з 60 гадоў, а мужчыны з 65.

Павышэньне пэнсійнага ўзросту ў Беларусі пачалося з 2017 году — штогод да яго дадаюць паўгода і павялічваюць абавязковы страхавы стаж.

3. Вырастуць камунальныя паслугі. Цягам году — на суму, эквівалентную 5 далярам

Павышэньне, як і летась, пройдзе ў два этапы. Ад 1 студзеня прыблізна на 3,5 даляра сумарна падаражаюць газ, электрычнасьць, вада, каналізацыя, капітальны рамонт, вываз сьмецьця і іншае. Ад 1 ліпеня павялічыцца аплата за ацяпленьне і гарачую ваду — сумарна на 1,5 даляра.

4. «Белпошта» ўвядзе камісію — 60 капеек за аплату ў касах

Цяпер за аплату ў касах паслуг праз АРІП на пошце будуць браць па 60 капеек за кожны плацеж. Так людзей стымулююць карыстацца тэрміналамі ці плаціць праз інтэрнэт. Але за камунальныя паслугі і гарадзкі тэлефон можна па-ранейшаму плаціць «без камісіі».

Ад аплаты камісіі вызваляюцца ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, а таксама тыя, хто ўносіць сродкі на дабрачынныя рахункі, плаціць за паслугі самой «Белпошты» і «Белтэлекаму».

5. Заробкі бюджэтнікам будуць разьлічваць паводле новай схемы. Аднак няма гарантыі, што яны павялічацца

Дагэтуль пры разьліку заробкаў «танцавалі» ад тарыфнай стаўкі першага разраду, а з 2020 году — ад базавай стаўкі, гэта 180 рублёў.

Паводле ўказу № 27 ад 18 студзеня 2019 году пры ўвядзеньні новай сыстэмы аплаты працы не дапускаецца зьніжэньне памераў заробкаў. Аднак падзеньня заробкаў не павінна быць без уліку надбавак і прэміяў.

У Міністэрстве працы патлумачылі, што прынамсі студзеньскія заробкі могуць быць ніжэйшыя за сьнежаньскія. Бо многія выплаты ў апошні месяц году не пастаянныя, а часовыя.

6. Падаражаюць цыгарэты. Цэны можна павышаць штомесяц

Добра, што ня кожны тыдзень — зайздросьцяць аўтааматары курцам.

Праўда, пакуль невядома, на колькі павысіцца цана. Аднак вырасьце дакладна, і зьвязана гэта са зьменамі падатковага заканадаўства

То бок на 2020 год заплянавана павышэньне ставак акцызаў на тытунь на 15%. Беларускія вытворцы ды імпартэры цыгарэт могуць штомесяц дэкляраваць максымальныя раздробныя цэны на цыгарэты. Звычайна з 1 дня месяца павышаюць цэны на розныя цыгарэты і ўводзяць новыя акцызныя маркі. Што канкрэтна даражэе і наколькі, публікуе сайт Міністэрства падаткаў і збораў.

7. Сямейны капітал будуць прызначаць у беларускіх рублях

Сямейны капітал — гэта наданьне шматдзетным семʼям безнаяўных грашовых сродкаў (раней была вызначана сума ў 10 тысяч даляраў).

З 1 студзеня 2020 году памер сямейнага капіталу — 22,5 тысячы рублёў (крыху менш за 11 тысяч даляраў).

Аднак улады абяцаюць штогод індэксаваць гэтую суму залежна ад інфляцыі. А таксама налічваць працэнты пры захаваньні сямейнага капіталу ў банках.

Гэтыя грошы можна выкарыстаць пасьля таго, як дзіцяці споўніцца 18 гадоў, — на паляпшэньне жыльлёвых умоваў, атрыманьне адукацыі, на лячэньне і нават на фармаваньне назапашвальнай пэнсіі маці.

У выключных выпадках грошы можна выкарыстаць і датэрмінова — таксама на жытло, адукацыю, лячэньне і нават на стаматалягічныя паслугі.

Дарэчы, атрымаць сямейны капітал можна толькі адзін раз.

Дзьве абяцанкі ўладаў: анансаваныя амністыя капіталу, зьмены ў падатковы кодэкс

У студзені можа быць падпісаны ўказ «Аб падаткаабкладаньні». Тады, да прыкладу, сума, якую можна атрымаць у падарунак ад аднаго ці некалькіх шчодрых сваякоў і сяброў і не плаціць падатак, можа павялічыцца з 6569 да 7003 рублёў.

Беларускія ўлады абяцаюць у 2020 годзе падумаць аб дэкрыміналізацыі эканамічных злачынстваў, а таксама аб амністыі капіталаў.

«Асноўныя тэмы, над якімі мы будзем працаваць разам з дэпутатамі, — гэта, безумоўна, амністыя капіталу, субсыдыярная адказнасьць, перавод часткі правапарушэньняў у справы прыватнага абвінавачаньня і шэраг іншых важных момантаў. Заключэньне пад варту пры эканамічных злачынствах будзе разглядацца наогул як выключны захад», — заявіў на БТ першы віцэ-прэмʼер Дзьмітры Круты.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG