Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На колькі яшчэ хопіць нафты ў Беларусі? Перамовы зноў праваліліся

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота

Пакуль у Беларусь пастаўляюць нафту прыватныя расейскія кампаніі. Дамова зь імі дзейнічае да канца месяца.

13 студзеня прэс-служба Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі паведаміла, што Беларусь і Расея не дамовіліся пра тарыф на транзыт расейскай нафты і нафтапрадуктаў праз тэрыторыю Беларусі. Як паведамілі БелаПАН у ведамстве, перамовы прайшлі ў рэжыме відэаканферэнцыі. Згодна зь дзейнай мэтодыкай, тарыфы павінны быць узгоднены да 15 студзеня. Калі гэта не адбудзецца, рашэньне маюць прыняць да 1 лютага.

Два тыдні таму экспэрты казалі, што нафты ў Беларусі засталося на два тыдні. Але пасьля ўдалося дамовіцца з прыватнымі расейскімі кампаніямі. Гэта кампаніі групы «Сафмар» расейскага бізнэсоўца Міхаіла Гуцэрыева, які паставіць у Беларусь 750 тысяч тон нафты ў студзені.

Як паведамілі Свабодзе ў «Белнафтахіме», цяпер НПЗ працуюць пры мінімальных загрузках, але «крытычнай сытуацыі няма».

«Ёсьць невялікі кантракт з адной з расейскіх кампаній. У прынцыпе, заводы працуюць, як і ў пачатку месяца, на мінімальнай загрузцы ў штатным рэжыме. Нічога панічнага няма. Пастаўкі працягваюцца. Цягам месяца яны мусяць ісьці», — расказала прэс-сакратарка «Белнафтахіму» Вольга Сьпехава.

Паводле аглядальніцы Тацяны Манёнак, нафты на НПЗ мусіць хапіць да канца студзеня пры мінімальнай загрузцы.

«На мінімальнай нагрузцы студзень заводы яшчэ могуць працаваць. З улікам паставак кампаній Гуцэрыева і ўласных запасаў», — кажа Тацяна Манёнак.

Кантракты на пастаўкі расейскай нафты пакуль не падпісаныя. Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін ня здолелі дамовіцца аб цане. Паводле Лукашэнкі, Расея прапаноўвае нафту «па цэнах, вышэйшых за ўсясьветныя». Гэтыя ягоныя словы многія экспэрты назвалі «эмацыйнымі».

Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Што здарылася

  • 1 студзеня 2020 году Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расейская нафта працягвае паступаць транзытам празь Беларусь у Эўропу.
  • Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы 30 і 31 сьнежня.
  • 31 сьнежня Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і залучыць альтэрнатыўныя пастаўкі праз магістральны нафтаправод «Дружба».
  • Гатоўнасьць транспартаваць нафту ў Беларусь ужо выказалі суседнія Латвія і Літва.
  • Беларускія НПЗ пакуль працуюць на леташніх запасах, аб’ёму якіх хопіць прыкладна на 20 дзён працы. Экспарт нафтапрадуктаў Беларусь часова прыпыніла.
  • Паводле неафіцыйных зьвестак «Інтэрфаксу», Беларусь прапанавала рэалізаваць варыянт разавай пастаўкі нафты з рэсурсаў незалежных пастаўшчыкоў з мэтай павелічэньня запасаў сыравіны на НПЗ на час правядзеньня перамоваў.
  • Менск і Масква дасюль не ўзгаднілі кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр. У беларускі бюджэт — 2020 закладзеныя страты ў памеры 951 млн рублёў.
  • Расея дагэтуль не кампэнсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты ў красавіку 2019 году.

Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, якая багацее на суседзкай нафце, — эканаміст

Дзе браць нафту, калі не ў Расеі, і колькі страчвае Беларусь ад прыпыненьня паставак? Тлумачым разам з экспэртам

Усё пачалося з Пуціна. Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG