Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амаль рэкорд. Інфляцыя за 2019 год склала ўсяго 4,7%


Індэкс спажывецкіх цэнаў на тавары і паслугі ў сьнежні 2019 году склаў 104,7% да сьнежня-2018, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.

Цягам 2019 году цэны на харчовыя тавары вырасьлі на 6%, на нехарчовыя — на 3,7%, на паслугі — на 7,2%. ​За адзін толькі сьнежань цэны вырасьлі на 0,5%. У чэрвені і жніўні ў Беларусі назіралася невялікая дэфляцыя — цэны крыху зьменшыліся за асобныя месяцы, хоць за цэлы год вырасьлі.

Рост цэнаў на 4,7% за год — амаль рэкордна нізкі.

Ніжэй за гэта гадавая інфляцыя была толькі аднойчы — у 2017 годзе яна склала 4,6%. Тады прычынамі нізкай інфляцыі называлі жорсткую манэтарную палітыку Нацбанку і адмову ад друкаваньня «пустых грошай», нізкую інфляцыю і ў суседняй Расеі, а таксама малы попыт на тавары сярод беларусаў празь нізкія даходы.

У 2018-м інфляцыя ў Беларусі была вышэйшай — 5,6%. Да рэкорду-2017 самай нізкай была інфляцыя ў 2006 годзе — 6,6%.

На 2019 год улады ставілі за мэту ўтрымаць інфляцыю на ўзроўні ня больш за 5%. Такую ж задачу па росьце цэнаў ставяць і на 2020 год, а на наступныя за ім гады — на ўзроўні 4%.

Чаму так

Эканаміст Зьміцер Крук кажа Свабодзе, што рост цэнаў у 2019 годзе быў такім дзякуючы «адносна жорсткай» манэтарнай палітыкай беларускіх уладаў. Інфляцыйны ўсплёск пачатку году нэўтралізавалі, «зашмат грошай не друкавалі». Таксама за 2019 год значна не падвышаліся «адміністрацыйныя» цэны — на паліва і жыльлёва-камунальныя паслугі.

У суседзяў яшчэ менш

Ва Ўкраіне за 2019 год інфляцыя склала 4,1%, у Польшчы — 3,4%, у Расеі — 3%. Самая нізкая інфляцыя з суседзяў Беларусі склалася ў Літве і Латвіі: 2,7% і 2,3%. У зоне эўра, у якую уваходзяць дзьве апошнія краіны, гадавая інфляцыя склала каля 1%.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG