Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інфляцыя, ІТ, стасункі з Захадам. 10 выкананых абяцаньняў уладаў за мінулае дзесяцігодзьдзе


Ілюстрацыйнае фота. Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Аўстрыі Аляксандрам Ван дэр Бэленам, 12 лістапада 2019 году

Падводзячы вынікі дзесяцігодзьдзя, Свабода ўжо аналізавала нявыкананыя абяцаньні беларускіх уладаў. Сёньня мы публікуем падборку зь дзесяці абяцаньняў кіраўніцтва дзяржавы, якія былі выкананыя.

1. Стабільнасьць беларускай валюты

Беларускія грошы, ілюстрацыйнае фота
Беларускія грошы, ілюстрацыйнае фота

«Умацаваньне даверу да беларускага рубля». (Зь перадвыбарчай праграмы Аляксандра Лукашэнкі, 2015).

Што атрымалася. Пачынаючы з 2015 году, абменны курс беларускага рубля параўнальна стабільны. Не было разавых дэвальвацый. Упершыню з пачатку 1990-х гадоў удалося зьбіць дэвальвацыйныя чаканьні насельніцтва.

2. Істотнае зьніжэньне інфляцыі

«Нізкая інфляцыя». (Зь перадвыбарчай праграмы Лукашэнкі, 2015)

«Без дасягненьня ўстойлівых штогадовых тэмпаў інфляцыі ў 5 прыкладна адсоткаў, вядома ж, будзе складана аздаравіць эканоміку ў цэлым». (З дакладу Лукашэнкі на Ўсебеларускім народным сходзе, 2016)

Што атрымалася. Штогод інфляцыя зьніжалася. У 2015 годзе яна складала 12%, у 2016 — 10,6%, у 2017 — 4,6%, у 2018 — 5,6%, за студзень—лістапад 2019-га — 5%, прагноз на 2020 год — 5%.

3. Рост золатавалютных рэзэрваў

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Устойлівы рост золатавалютных рэзэрваў, падтрыманьне іх на бясьпечным узроўні». (Зь перадвыбарчай праграмы Лукашэнкі, 2015)

Што атрымалася. За апошнія гады золатавалютныя рэзэрвы (ЗВР) Беларусі сапраўды ўстойліва расьлі. На студзень 2016 году яны складалі $4,176 млрд, на студзень 2017-га — $4, 927 млрд, на студзень 2018-га — $ 7,315 млрд.

1 лістапада 2019 году ЗВР Беларусі склалі ў эквіваленце $9,193 млрд. Цяперашні іх аб’ём амаль на 30% перавышае заплянаваны ўладамі ($7,1 млрд) згодна з «Асноўным напрамкам грашова-крэдытнай палітыкі» на 2019 год, зацьверджаным Аляксандрам Лукашэнкам.

4. Зьмяншэньне ціску на бізнэс

  • «Маштабна падтрымаем малы і сярэдні бізнэс». (Зь перадвыбарчай праграмы Лукашэнкі, 2015)
  • «Разьняволеньне дзелавой ініцыятывы павінна стаць рухальнай сілай для аднаўленьня эканамічнага росту і стварэньня новых працоўных месцаў». (З дакладу Лукашэнкі на Ўсебеларускім народным сходзе, 2016)

Што атрымалася. У 2017 годзе Лукашэнка падпісаў 10 дэкрэтаў і ўказаў па эканамічнай лібэралізацыі і спрашчэньні ўмоў вядзеньня бізнэсу. Асабліва варта зьвярнуць увагу на дэкрэт № 7 «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва». У 2018 годзе на ініцыятыву ўраду парлямэнт выключыў з Крымінальнага кодэксу сумна вядомы артыкул № 234 «Ілжэпрадпрымальніцтва» і лібэралізаваў артыкул № 233 «Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць».

Зьменшылася колькасьць праверак суб’ектаў гаспадараньня. Бізнэсу стала дыхаць лягчэй. Прыватны сэктар апошнімі гадамі ўстойліва забясьпечвае калі паловы паступленьняў у бюджэт Беларусі.

5. Імклівы рост ІТ-сфэры

Аляксандар Лукашэнка наведвае Парк высокіх тэхналёгіяў, 2019 год
Аляксандар Лукашэнка наведвае Парк высокіх тэхналёгіяў, 2019 год

«У Беларусі і далей будуць стварацца спрыяльныя ўмовы для работы кампаній у сфэры высокіх тэхналёгій». (З заявы А. Лукашэнкі падчас наведваньня Парку высокіх тэхналёгій 18 лістапада 2010)

Што атрымалася. Дэкрэт № 8 «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі» ад 21 сьнежня 2017 году стварыў яшчэ больш спрыяльныя ўмовы для працы ІТ-кампаній і далейшага імклівага разьвіцьця Парку высокіх тэхналёгіяў і ўсяго сэктару. На долю IT прыпадала 5,5% ад нацыянальнага ВУП. Гэты сэктар эканомікі даў палову росту ВУП за 2019 год. Экспарт паслуг кампаній-рэзыдэнтаў ПВТ дасягнуў каля $1,5 млрд.

6. Беларусь увайшла ў лік краін з найвышэйшым індэксам чалавечага разьвіцьця

«Стратэгічная мэта — увайсьці ў лік першых 50 краін сьвету з найвышэйшым індэксам разьвіцьця чалавечага патэнцыялу». (З дакладу Лукашэнкі на Ўсебеларускім народным сходзе, 2010)

Што атрымалася. Паводле Індэксу чалавечага разьвіцьця, Беларусь сярод амаль 200 краін сусьветнай супольнасьці перамясьцілася з 68-га ў 2000 годзе на 50-е месца ў 2015-м. Гэта забясьпечыла месца ў групе краін з высокім узроўнем чалавечага разьвіцьця.

7. Падтрымка маладых сем’яў захоўваецца на высокім узроўні

Ілюстрацыйнае фота. Парад дзіцячых калысак у Міжнародны дзень абароны дзяцей у Магілёве, 2017 год
Ілюстрацыйнае фота. Парад дзіцячых калысак у Міжнародны дзень абароны дзяцей у Магілёве, 2017 год

«Падтрымка маладых семʼяў заўсёды была і застанецца адным з галоўных клопатаў дзяржавы. Мы будзем прымяняць мэханізмы падтрымкі сямʼі. (З дакладу Лукашэнкі на Ўсебеларускім народным сходзе, 2016)

Што атрымалася. Беларусь — адзін з сусьветных лідэраў у працягласьці водпуску для догляду дзіцяці. І адзіная краіна, дзе ўсе тры гады яшчэ і выплочваюць грашовую дапамогу.

8. Менск нармалізаваў стасункі з Захадам

«Каб дынамічна разьвівацца, неабходны нармальныя стасункі з Эўрапейскім зьвязам і Злучанымі Штатамі Амэрыкі... Нам, па вялікім рахунку, трэба наганяць упушчанае і выйсьці для пачатку на той узровень адносін з Эўразьвязам і ЗША, які існуе ў нашых партнэраў па ЭАЭС і СНД, у той жа Расеі, Армэніі, Казахстану... Канструктыўнае разнаплянавае супрацоўніцтва з Эўразьвязам адпавядае нашым нацыянальным інтарэсам. Ключавая задача на пэрспэктыву — поўная нармалізацыя стасункаў...». (З дакладу Лукашэнкі на Ўсебеларускім народным сходзе, 2016)

Што атрымалася. Беларусі ўдалося нармалізаваць адносіны з Эўразьвязам і ЗША. Брусэль адмяніў, а Вашынгтон абмежаваў санкцыі супраць Беларусі. Адбываюцца інтэнсіўныя дыпляматычныя камунікацыі. Менск і Брусэль рыхтуюцца да падпісаньня дамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму. Амэрыканскі амбасадар неўзабаве вернецца ў Беларусь, а беларускі — у ЗША.

9. Беларусь ухілілася ад уцягваньня ў расейскія канфлікты

«Магу цьвёрда абяцаць вам: наша краіна ніколі ня будзе ўцягнутая ў чужыя войны і канфлікты». (Зь перадвыбарчай праграмы Лукашэнкі, 2015)

Што атрымалася. Беларусь не падтрымала Расею ў яе канфлікце з Украінай і Захадам. Менск стаў пляцоўкай для ўрэгуляваньня ўкраінскага крызісу. Беларусь прэтэндуе на статус донара бясьпекі ў рэгіёне, беларуская сталіца імкнецца прэзэнтаваць сябе як новая Жэнэва, Хэльсынкі-2.

10. Беларусь адмовілася разьмясьціць на сваёй тэрыторыі расейскую вайсковую базу

«Як кіраўнік дзяржавы я ня бачу сэнсу быць уцягнутымі ў гульню цягліцамі нашых заходніх і ўсходніх суседзяў. Ня час, і гэта ня трэба». (З выступу кіраўніка Беларусі перад вайсковым кіраўніцтвам 30 кастрычніка 2015 г.).

Што атрымалася. Нягледзячы на ціск Масквы, расейскай вайсковай базы на беларускай тэрыторыі за гэтае дзесяцігодзьдзе так і не зьявілася.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG