Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Золатавалютныя рэзэрвы Беларусі за год вырасьлі на траціну


Ілюстрацыйнае фота

Міжнародныя рэзэрвовыя актывы Беларусі на 1 студзеня 2020 году, паводле папярэдніх дадзеных, склалі 9 393,5 млн даляраў ЗША (у эквіваленце), паведамляе Нацбанк Беларусі.

За 2019 год золатавалютныя рэзэрвы павялічыліся на 2,2 млрд даляраў (на 31,2%), у тым ліку за сьнежань — на 234,7 млн даляраў (на 2,6%).

Паводле Нацбанку, у 2019 годзе папаўнялі золатавалютныя рэзэрвы ў асноўным за кошт куплі Нацбанкам замежнай валюты на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы, паступленьня ў бюджэт падаткаў, мыта ды іншых плацяжоў у замежнай валюце, а таксама эмісіі Міністэрствам фінансаў і Нацбанкам аблігацый, намінаваных у замежнай валюце.

Пры гэтым урад і Нацбанк Беларусі ў 2019 годзе сплацілі каля 4,2 млрд даляраў па зьнешніх і ўнутраных пазыках у замежнай валюце.

Згодна з «Асноўным напрамкам грашова-крэдытнай палітыкі» на 2019 год, зацьверджаным Аляксандрам Лукашэнкам, чакалася, што на канец году золатавалютныя рэзэрвы будуць складаць 7,1 млрд даляраў. Такіх аб’ёмаў дасягнулі яшчэ на самым пачатку 2019 году.

Гэтыя грошы прызначаныя для аплаты даўгоў і накіроўваюцца на гэта, але паступленьні цяпер перавышаюць выплаты.

«Адна з асноўных прычынаў у тым, што ў Нацбанк мае магчымасьць купляць валюту на рынку ў тым, што прапанова валюты перавышае попыт з боку рынкавых суб’ектаў, — тлумачыў Свабодзе эканаміст Вадзім Іосуб. — Утвараецца розьніца, якую бязбольна, бязь ціску на курс, можа купляць Нацбанк і класьці ў рэзэрвы».

Замежны дзяржаўны доўг Беларусі на 1 сьнежня складаў 16 596,2 млн даляраў (з пачатку году зьнізіўся амаль на 298 млн даляраў), унутраны дзяржаўны доўг — 8727 млн рублёў (з пачатку году зьменшыўся на 160 млн рублёў).

Рост золатавалютных рэзэрваў адзначаў сярод пазытыўных момантаў у беларускай эканоміцы прэм’ер-міністар Сяргей Румас. Але разам з тым ён заўважаў адставаньне ад прагнозаў тэмпаў росту эканомікі, невыкананьне плянаў у росьце прадукцыйнасьці працы, рост імпарту прадуктаў харчаваньня пры спадзе ўласных продажаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG