Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Такога ўлады не плянавалі? Золатавалютныя рэзэрвы з пачатку году вырасьлі на чвэрць


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Чакалася, што на канец году золатавалютныя рэзэрвы Беларусі будуць складаць 7,1 млрд даляраў, але яны ўжо вырасьлі да 8,9 млрд даляраў. Чаму так, тлумачыць эканаміст Вадзім Іосуб.

Міжнародныя рэзэрвовыя актывы Беларусі склалі на 1 верасьня 8,891 млрд даляраў у эквіваленце. За месяц золатавалютныя рэзэрвы вырасьлі на 3%, а з пачатку году на 24,2%, паведамляе Нацбанк Беларусі.

За жнівень урад і Нацыянальны банк Беларусі сплацілі 550 млн даляраў па зьнешніх і ўнутраных запазычанасьцях, але паклалі ў рэзэрв на 263,1 млн больш.

Нацбанк тлумачыць, што рост золатавалютных рэзэрваў у жніўні адбыўся за кошт пакупкі замежнай валюты на валютна-фондавай біржы, паступленьня грошай ад продажаў аблігацыяў у замежнай валюце, паступленьня ў бюджэт мытаў на нафту і нафтапрадукты, а таксама росту цэнаў на золата.

Пры тым згодна з «Асноўным напрамкам грашова-крэдытнай палітыкі» на 2019 год, зацьверджаным Аляксандрам Лукашэнкам, чакалася, што на канец году золатавалютныя рэзэрвы будуць складаць 7,1 млрд даляраў. Такіх аб’ёмаў дасягнулі яшчэ на самым пачатку 2019 году.

Чаму рэзэрвы сталі пасьля гэтага расьці?

Вадзім Іосуб, архіўнае фота
Вадзім Іосуб, архіўнае фота

Старшы фінансавы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб у камэнтары Свабодзе тлумачыць прычыны росту так: проста насельніцтва здае больш валюты, чым купляе, а рэзэрвы ўсё адно пойдуць на сплату даўгоў.

«Золатавалютныя рэзэрвы ў гэтым годзе стандартна растуць, амаль кожны месяц, — згадвае ён. — Адна з асноўных прычынаў у тым, што ў Нацбанк мае магчымасьць купляць валюту на рынку, бо прапанова валюты перавышае попыт з боку рынкавых суб’ектаў. Утвараецца розьніца, якую бязбольна, бязь ціску на курс, можа купляць Нацбанк і класьці ў рэзэрвы».

Гэтыя грошы прызначаныя для сплаты даўгоў і накіроўваюцца на гэта, але паступленьні цяпер перавышаюць выплаты. «Моцна радавацца ня трэба», адзначае Іосуб:

«У нас дастаткова вялікія плацяжы па абслугоўваньні і вяртаньні даўгоў, — разважае эканаміст. — На бліжэйшыя гады гэта каля трох з паловай мільярдаў даляраў. А паступленьні валюты будуць чакана зьмяншацца прынамсі ў частцы экспартных мытаў праз падатковы манэўр у Расеі. Таму тая „падушка бясьпекі“, што расьце ў гэтым годзе, у наступныя будзе ісьці на вяртаньне пазыкаў».

***

Паводле зьвестак БелаПАН, пляны Нацбанку па золатавалютных рэзэрвах на канец 2020 году прыблізна такія ж, як пляны на канец 2019 — 7,2 млрд у эквіваленце.

«Мы закладваем на 2020 год вельмі асьцярожныя падыходы і максымальна ўлічваем рызыкі гандлёвых войнаў, што разьвярнуліся паміж асобнымі дзяржавамі, якія фармуюць ільвіную долю сусьветнага ВУП», — адказаў у жніўні старшыня Нацбанку на пытаньне агенцтва пра пляны на рэзэрвы.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
  • Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
  • У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
  • Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн. ​
  • У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
  • 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.

Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG