Лінкі ўнівэрсальнага доступу

48 мільёнаў даляраў заробіць завод у Баранавічах на рамонце натаўскіх штурмавікоў


Су-25, ілюстрацыйнае фота

У Баранавічах на авіяцыйным рамонтным заводзе пачалі рамантаваць вайсковыя самалёты з Баўгарыі — краіны, якая ўваходзіць у NATO.

Паводле аўтарытэтнага вайсковага сайту Jane's 360, кантракт на рамонт баўгарскіх вайсковых самалётаў быў падпісаны ў лістападзе 2018 году і прадугледжвае рамонт і мадэрнізацыю 8 самалётаў расейскай вытворчасьці Су-25, зь іх 6 аднамесных баявых самалётаў Су-25К і 2 двухмесныя вучэбна-баявыя самалёты Су-25У.

Сума кантракту — 48 мільёнаў даляраў. 28 жніўня на 588 авіяцыйны рамонтны завод у Баранавічах ужо прыбыў у разабраным выглядзе першы аднамесны штурмавік Су-25.

«Яго чакае ня проста рамонт, але і сур’ёзная мадэрнізацыя. Мяркую, на штурмавік паставяць сучасныя гаджэты, вадкакрышталічныя дысплэі, у бартавое радыёэлектроннае абсталяваньне ўнясуць зьмены, якія дазволяць выкарыстоўваць новыя віды ўзбраеньня, у тым ліку высокадакладнага. Калі падзяліць 48 мільёнаў даляраў на 8 самалётаў, атрымаецца нямала. Добрыя грошы заробяць на 588-м заводзе», — мяркуе незалежны вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін.


Паводле зьвестак Аляксандра Алесіна, у Баўгарыі, каб адправіць Су-25 на рамонт у Беларусь, мусілі ўнесьці папраўку ў закон, які забараняе экспарт баявых самалётаў.

«Закон скарэктавалі гэтак, што цяпер дазволены часовы ўвоз. Як толькі прынялі папраўку, першы Су-25 разабралі і адправілі ў Баранавічы на рамонт. І гэта таго варта, бо нашы адмыслоўцы навучыліся быць найлепшымі ў сваёй справе», — кажа экспэрт.

Аляксандар Алесін адзначае, што эўрапейскіх спажыўцоў прываблівае спалучэньне адносна недарагой паслугі па рамонце вайсковых самалётаў былой савецкай і расейскай вытворчасьці з добрай якасьцю выкананьня работ. Але чаму Беларусь, сябра АДКБ, не спыняе тое, што партнэрам угоды выступае краіна NATO?

«Працуе формула „вайны няма, а бізнэс ёсьць бізнэс“. Калі выгадна, чаму не зарабіць? Мяркую, расейскія вытворцы і рамонтнікі таксама хацелі б супрацоўнічаць у галіне ўзбраеньня з краінамі Ўсходняй Эўропы, ім трэба паляпшаць кантакты. Але да Расеі пасьля Крыму ўсе ставяцца з насьцярогай, а Беларусі давяраюць значна больш. Яшчэ такія кантракты выгадныя тым, што пасьля іх выкананьня на гарантыйны тэрмін мы нясем адказнасьць за гэтую тэхніку, працягваем яе абслугоўваць. Гэта таксама добра», — мяркуе Аляксандар Алесін.

Атрымаць каментар на 588 авіяцыйным рамонтным заводзе пакуль не ўдалося. «Вам адкажуць у пісьмовым выглядзе», — абнадзеіў супрацоўнік аддзелу, які кантактуе з прэсай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG