Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За 10 месяцаў ВУП Беларусі вырас на 1,1%. Лукашэнка ставіў задачу «ня менш за 4%»


Валавы ўнутраны прадукт (ВУП) Беларусі студзень-кастрычнік 2019 году вырас на 1,1% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі.

Валавы ўнутраны прадукт (ВУП) — макраэканамічны паказьнік, які характарызуе выніковы кошт усіх аказаных паслуг і вырабленай прадукцыі ў краіне за год. Узровень ВУП зьяўляецца вызначальнай эканамічнай велічынёй для кожнай краіны.

Паводле першай ацэнкі, аб’ём ВУП у бягучых цэнах склаў амаль 109,3 мільярда беларускіх рублёў, або ў супастаўных цэнах 101,1% да ўзроўню студзеня-кастрычніка 2018 году.

У кастрычніку беларуская эканоміка аднавіла рост: ВУП вырас на 0,1 адсоткавага пункта. Да гэтага ў верасьні і жніўні назіралася зьніжэньне.

Міністэрства фінансаў Беларусі ў пачатку лістапада прагназавала, што па выніках 2019 году чакае росту аб’ёмаў рэальнага валавага ўнутранага прадукту на 2,9% да мінулага году. Гэта істотна менш, чым задача, якую ставіў на 2019 год Аляксандар Лукашэнка — плянаваўся рост ВУП на «ня менш за 4%» у суадносных цэнах.

Бюджэт краіны на бягучы год фармавалі зыходзячы з кансэрватыўнага сцэнару росту эканомікі на ўзроўні 2,1%.

МВФ і Ўсясьветны банк чакаюць, што ў 2019 годзе беларуская эканоміка вырасьце на 1,5%. Паводле ацэнак Эўразійскага банка разьвіцьця, ВУП Беларусі ў 2019 годзе вырасьце на 1,2%.

Пры гэтым, на даручэньне Аляксандра Лукашэнкі, у кастрычніку ўрад павысіў прагноз росту беларускай эканомікі на 2020 год з 2,5 да 2,8%.

Аднак у праекце рэспубліканскага бюджэту на 2020 год, які апублікавала ў лістападзе дэпутатка Ганна Канапацкая, у 2020 годзе чакаюць росту ВУП на 1,9% замест плянаваных урадам 2,5%.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG