Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курс рубля, выбары, Эўрапейскія гульні. Чые прагнозы на 2019 год спраўдзіліся?


У канцы 2018 году мы задалі экспэртам тузін пытаньняў пра падзеі і зьявы 2019 году.

Мы задавалі гэтыя пытаньні:

  • шэф-рэдактару газэты «Наша ніва» Андрэю Дынько;
  • галоўнай рэдактарцы інтэрнэт-выданьня «Наше мнение» Валерыі Касьцюговай;
  • кіраўніку варшаўскага Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу Паўлу Вусаву;
  • рэдактару аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандру Класкоўскаму;
  • палітычнаму аналітыку Арцёму Шрайбману;
  • бізнэсоўцу Івану Шылу;
  • блогеру Віктару Малішэўскаму;
  • публіцысту і паліттэхнолягу Аляксандру Фядуту.

Хто ж зь іх аказаўся найбольш дакладным у сваіх прагнозах?

Нашыя пытаньні:

1. Якім будзе курс даляра ў канцы 2019 году?

На 25 сьнежня 2019 курс даляра склаў 2,09 рубля.

Бліжэйшым за ўсіх стаў Віктар Малішэўскі, ён прагназаваў курс 2,216 рубля за даляр, што было прадугледжана ў бюджэце на 2019 год. Усе астатнія экспэрты лічылі, што даляр будзе даражэйшы.

2. Ці зьявіцца ў Беларусі расейская вайсковая база?

Расейская вайсковая база ў 2019 годзе ў Беларусі не зьявілася.

Усе экспэрты, акрамя Паўла Вусава, прагназавалі, што база ў 2019 годзе ў Беларусі ня зьявіцца.

3. Колькі міністраў страцяць свае пасады ў 2019 годзе?

Свае пасады сёлета страцілі 3 міністры і адзін віцэ-прэм’ер: міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч, міністар аховы здароўя Валер Малашка, міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Леанід Заяц, віцэ-прэмʼер Міхаіл Русы.

Павал Вусаў прадракаў адстаўку міністра аховы здароўя, Іван Шыла — міністра ўнутраных справаў, Арцём Шрайбман — 1-2 міністраў, Аляксандар Фядута — шасьці.

Ігар Шуневіч сёлета страціў пасаду міністра ўнутраных спраў. Цяпер ён проста байкер
Ігар Шуневіч сёлета страціў пасаду міністра ўнутраных спраў. Цяпер ён проста байкер

4. Ці будуць масавыя пратэсты з прычыны новага парадку аплаты «камуналкі» для «дармаедаў»?

Найбольш масавымі пратэстамі ў 2019 годзе былі маніфэстацыі супраць інтэграцыі з Расеяй у сьнежні, у іх бралі ўдзел да 2 тысяч чалавек.

Тое, што масавых пратэстаў ня будзе, прадказвалі ўсе экспэрты.

5. Колькі будзе каштаваць шэнгенская віза для беларусаў?

60 эўра, цана шэнгенскіх візаў сёлета засталася ранейшай.

Дакладна прадказалі захаваньне цаны шэнгенскіх візаў Арцём Шрайбман і Іван Шыла.

6. Ці адбудуцца ў 2019 годзе датэрміновыя прэзыдэнцкія ці парлямэнцкія выбары?

У 2019 годзе адбыліся датэрміновыя парлямэнцкія выбары.

Толькі адзін экспэрт — Аляксандар Класкоўскі — прадказаў, што на 50% у 2019 годзе адбудуцца парлямэнцкія выбары. Астатнія казалі, што датэрміновых выбараў у 2019 годзе ня будзе.

На выбарчым участку ў Менску, дзе галасаваў Лукашэнка, 17 лістапада
На выбарчым участку ў Менску, дзе галасаваў Лукашэнка, 17 лістапада

7. Хто стане ляўрэатам прэміі Гедройця?

Ляўрэатам прэміі Гедройця ў 2019 годзе стаў Ільля Сін.

Ляўрэата ніхто з экспэртаў не ўгадаў.

Ільля Сін, ляўрэат прэміі Гедройця
Ільля Сін, ляўрэат прэміі Гедройця

8. Хто стане прэзыдэнтам Украіны?

Прэзыдэнтам Украіны ў 2019 годзе быў выбраны Ўладзімір Зяленскі.

Віктар Малішэўскі прадказаў, што прэзыдэнтам Украіны стане не палітык. Астатнія экспэрты ці не далі адказу, ці назвалі прозьвішчы кандыдатаў, якіх ня выбралі.

Уладзімір Зяленскі пасьля інаўгурацыі
Уладзімір Зяленскі пасьля інаўгурацыі

9. Каманда якой краіны набярэ больш за ўсіх мэдалёў на Эўрапейскіх гульнях у Беларусі ў 2019 годзе?

Найбольшую колькасьць мэдалёў на Эўрапейскіх гульнях атрымала каманда Расеі.

Правільны прагноз далі Андрэй Дынько, Валерыя Касьцюгова, Павал Вусаў і Арцём Шрайбман.

10. Колькі ў 2019 годзе складуць страты Беларусі (з улікам кампэнсацыі) ад расейскага падатковага манэўру ў нафтавай галіне?

Паводле міністра фінансаў Максіма Ермаловіча, страты Беларусі ад падатковага манэўру склалі ў 2019 годзе 400 мільёнаў даляраў.

Валерыя Касьцюгова лічыла, што страты ад манэўру не перавысяць 300 мільёнаў даляраў, Аляксандар Класкоўскі і Арцём Шрайбман прадказвалі, што страты складуць 200 мільёнаў даляраў.

11. Колькі разоў Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным?

Па стане на 26 сьнежня Лукашэнка сустракаўся з Пуціным 8 разоў. Чатыры разы кіраўнік Беларусі езьдзіў з адмысловымі візытамі ў Расею — у Сочы і ў Санкт-Пецярбург, адзін раз — у чэрвені — Пуцін прыяжджаў у Менск, астатнія сустрэчы адбываліся падчас міжнародных форумаў.

Андрэй Дынько прадказаў, што будзе 6-8 сустрэчаў, Арцём Шрайбман — 5-7, Аляксандар Класкоўскі — што будзе тры сустрэчы сам-насам і 3-4 на міжнародных форумах, Павал Вусаў — што будзе 3-4 сустрэчы сам-насам.

Апошняя сустрэча Лукашэнкі і Пуціна ў Санкт-Пецярбургу, 20 сьнежня
Апошняя сустрэча Лукашэнкі і Пуціна ў Санкт-Пецярбургу, 20 сьнежня

12. Якім будзе гадавы абарот ІТ-сфэры ў Беларусі?

Паводле папярэдніх зьвестак, якія агучыў бізнэсовец Віктар Пракапеня, больш за 2 млрд даляраў ад экспарту ў ІТ-сфэры чакаецца па выніках 2019 году.

Найбольш дакладны прагноз — 2 мільярды даляраў — далі Арцём Шрайбман і Іван Шыла. Блізкі да гэтага прагноз даў Павал Вусаў — 2,5 мільярда даляраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG