Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі прыгразілі мітынгамі і страйкамі. У Менску адбыўся форум «Бізнэс-вынікі 2019 — Пэрспэктывы 2020»


На форуме прадпрымальнікаў «Пэрспэктывы»
На форуме прадпрымальнікаў «Пэрспэктывы»

Удзельнікі форуму грамадзкага аб'яднаньня «Пэрспэктыва», які прайшоў у Менску пад назвай «Бізнэс-вынікі 2019 — Пэрспэктывы 2020», запатрабавалі, каб улады выканалі ўсе іх патрабаваньні, вылучаныя яшчэ на папярэдніх форумах.

У прынятай рэзалюцыі індывідуальныя прадпрымальнікі таксама:

— заклікалі беларускія ўлады прыпыніць удзел у інтэграцыйных пагадненьнях з Расеяй, якія шкодзяць спажывецкаму рынку краіны і ствараюць заведама няроўныя ўмовы для працы ІП на гандлёвым рынку Беларусі і прадпрымальнікаў Расеі. А таксама не падпісваць у будучыні падобных пагадненьняў;

— заклікалі дзяржаўныя органы не ўхіляцца ад праблемы гандлю ўраздроб таварамі лёгкай прамысловасьці, які вядуць на тэрыторыі Беларусі прадстаўнікі сярэднеазіяцкіх краінаў «зь яўным грубым парушэньнем заканадаўства». Яны патрабуюць вырашыць гэта пытаньне ў самы кароткі тэрмін;

— прадпрымальнікі зноў заклікалі прэзыдэнта краіны «да шчырай размовы» і прапанавалі гэта зрабіць на вялікім форуме.

«Падпісваюць усе, а цярпяць толькі адны беларусы»

Старшыня «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка заявіў, што прадпрымальнікі выступалі і выступаюць за незалежнасьць Беларусі.

«Мы салідарныя і падтрымліваем усе грамадзка-палітычныя сілы краіны, якія маюць на мэце абарону незалежнасьці і сувэрэнітэту нашай радзімы», — сказаў Шумчанка.

Анатоль Шумчанка
Анатоль Шумчанка

Ён адзначыў, што прадпрымальнікі «як ніхто іншы ведае цану падпісаным дакумэнтам у рамках інтэграцыі краін эўразійскага саюзу, калі падпісваюць усе, а адказваюць і цярпяць толькі адны беларусы».

«Мы лічым, што гэта гульня ў адну браму, — сказаў Шумчанка. — Як нядаўна казаў Лукашэнка, на храна такія саюзы, калі праз невыканальныя законы зьнішчаецца малы бізнэс у Беларусі».

Асабліва прадпрымальнікі занепакоеныя рашэньнем Эўразійскай эканамічнай камісіі ад 8 жніўня № 72 «Аб увядзеньні маркіроўкі абутковых тавараў сродкамі ідэнтыфікацыі».

На форум не прыйшоў прэм’ер-міністар краіны, якога запрашалі, а таксама прадстаўнікі Міністэрства па падатках і зборах, міністэрства фінансаў і Дзяржстандарту.

Ірына Бабачонак
Ірына Бабачонак

Дырэктарка дэпартамэнту па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Ірына Бабачонак спрабавала супакоіць удзельнікаў форуму, што рашэньнем № 72 уводзіцца забарона на зварот немаркіраванага абутку з 1 сакавіка 2020 года для расейскага боку, а для беларускіх прадпрымальнікаў — прыблізна з верасьня.

«Айчынныя прадпрымальнікі стануць закладнікамі»

Паводле Анатоля Шумчанкі, асноўнымі праблемамі ў 2019 годзе сталі:

— зьніжэньне таваразвароту дробных прадпрымальнікаў на фоне яго павелічэньня ў буйнога гандлёвага бізнэсу і ўсёабдымная падтрымка гэтага працэсу ўладамі;

— спроба праз дарожныя мапы і іншае інтэграваць заканадаўства Беларусі ў справе маркіроўкі тавараў з заканадаўствам Расеі з улікам прынцыпова розных падыходаў кантрольна-наглядных органаў дзьвюх краін да яго выкананьня;

— працяг нашэсьця крамаў, якія належаць асобам з Сярэдняй Азіі. Пры папушчальніцтве ўладаў яны ня толькі прыводзяць да недаатрыманьня прыбыткаў у бюджэт, але і да выцясьненьня айчынных прадпрымальнікаў з рынку праз нядобрасумленную канкурэнцыю.

Паводле Анатоля Шумчанкі расейскі бок можа ўніфікаваць зь беларускім бокам заканадаўства, але выконваць яго будуць толькі ў Беларусі. У выніку айчынныя прадпрымальнікі «стануць закладнікамі».

«Ня могуць, ня хочуць і ня будуць захоўваць заканадаўства расейскія аптавікі з дазволу і пры папушчальніцтве сваіх уладаў. Наадварот, нашы прадпрымальнікі будуць адказваць па поўнай і за іх, і за сябе. Нельга казаць пра роўныя ўмовы для вядзеньня бізнэсу ў нашых краінах, гэта абсурд. І пра гэта мы будзем біць у званы», — сказаў лідэр «Пэрспэктывы».

На форуме прадпрымальнікаў
На форуме прадпрымальнікаў

Колькасьць індывідуальных прадпрымальнікаў з 2016 па трэці квартал 2019 году ў сэктары, не зьвязаным з гандлем ураздроб, вырасла на 18 694 чалавекі. У дробным гандлі назіраецца спад на 521 чалавека. Паводле Шумчанкі, наўрад ці да канца года гэта сытуацыя палепшыцца.

Пасьля шокавых паказальнікаў 2011-2016 гадоў, калі колькасьць ІП ў гандлі ўраздроб скарацілася на 27% сытуацыя за апошнія тры гады «неяк стабілізавалася ў колькасным пляне, але ня ў якасным».

Аб’ём сплачаных ІП плацяжоў у бюджэт за апошнія тры гады павялічыўся на 9,2% (з 2011 па 2013 год гэты рост складаў 30,5%).

«Праз палітыку ураду, якая праводзіцца цягам апошніх трох гадоў, аб’ём плацяжоў ад дробных гандляроў скараціўся ў тры разы параўнальна з 2011-2013 гадамі. Тады ўмовы выгадней адрозьніваліся ад цяперашніх, а пагадненьняў у рамках эўразійскага эканамічнага саюза не было», — сказаў Анатоль Шумчанка.

Паводле Шумчанкі, за тры апошнія гады бюджэт недаатрымаў ад дробных гандляроў каля 100 млн даляраў.

На форуме прадпрымальнікаў
На форуме прадпрымальнікаў

«Калі не памяняецца палітыка ўладаў адносна ІП у бліжэйшы час, то намер Лукашэнкі паціснуць руку апошняму прадпрымальніку ў чарговым пэрыядзе яго кіраваньня можа стаць аб’ектыўнай рэальнасьцю. Патрэбны радыкальныя і неадкладныя захады па зьмене сытуацыі. Усё вельмі сур’ёзна», — сказаў Анатоль Шумчанка.

Паводле лідэра «Пэрспэктывы», улады маюць намер «усталяваць татальны кантроль над усімі формамі бізнэсу».

Эканаміст Яраслаў Раманчук
Эканаміст Яраслаў Раманчук

Як будуць разьвівацца падзеі?

Прадпрымальнік з Магілёва Аляксей Валатка сказаў у сваім выступе на форуме, што рашэньнем № 72 пра маркіроўку, «відавочна прадпрымальнікам ствараюць дадатковыя цяжкасьці».

«Гэты закон немагчыма выканаць і, хутчэй за ўсё, ён ня будзе выконвацца ў Расеі. Можна прагназаваць два шляхі, па якіх далей будуць разьвівацца падзеі. Першы: мы прыяжджаем у Расею, а там нічога не памянялася, як не было маркіркоўкі, так і няма. Мы працуем па старому, улады закрываюць левае вока і прыкрываюць правае, і мы мірна суіснуем.

Другі шлях, калі ўлады пачынаюць нас кусаць і мы тады павінны адказваць мітынгамі і страйкамі. Іншых варыянтаў у ІП ня будзе.

Што тычыцца нашэсьця азіятаў, то наша думка такая, што пытаньне карумпаванае ў самых высокіх эшалёнах улады. Пад гэтых гандляроў вызваляюцца вялікія плошчы, а дробных прадпрымальнікаў выкідаюць на вуліцу. Улады зачыняюць вочы на іх мэтады працы. Гэта так званы „схематоз“. Мы стараемся дастукацца да розных установаў, каб пытаньне было ўзятае на кантроль, але пакуль не атрымліваецца. Як далей будуць разьвівацца падзеі? Прадпрымальнікі Магілёва мяркуюць, што час дзейнічаць радыкальна: зрабіць страйк, зачыніць ралеты і высунуцца да іх у гандлёвыя аб’екты, запрасіць мэдыя і прадстаўнікоў улады і спытацца, чаму ім дазваляюць працаваць не па законе?», — сказаў Аляксей Валатка.

У форуме ўзялі ўдзел 237 прадпрымальнікаў з 19 гарадоў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG