Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі будуць дамагацца сустрэчы з Лукашэнкам, бо «ня бачаць іншага выйсьця»


Анатоль Шумчанка

1 кастрычніка ў менскім культурна-бізнэсовым цэнтры «Дом Масквы» прайшоў Форум прадпрымальнікаў. У ім узялі ўдзел 270 прадстаўнікоў малога бізнэсу з 18 гарадоў Беларусі.

Удзельнікі форуму вырашылі прасіць кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнку правесьці сустрэчу з прадпрымальнікамі. Таксама пачаўся збор подпісаў пад зваротам «Пэрспэктывы» да кіраўніка дзяржавы.

У звароце да Лукашэнкі прадпрымальнікі просяць:

  • увесьці мараторый на падачу поўнага пакету дакумэнтаў, абавязковых паводле ўказу № 222, да навядзеньня парадку ў дакумэнтаабарачэьні ў Расеі;
  • зьняць адказнасьць з ІП дробнага гандлю за прадстаўленьне дакумэнтаў на ўвезеныя дагэтуль тавары з Расеі;
  • вызначыць сэктар дробнага індывідуальнага прадпрымальніцтва як асобнага інстытуту і даць яму максымальна спрошчаныя ўмовы вядзеньня бізнэсу.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды расказаў старшыня Рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП) «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка.

«Чыноўнікі ня могуць выразна адказаць на нашыя пытаньні. Іхная норматворчасьць на сёньня пагаршае наша становішча. Даручэньні Лукашэнкі ня выкананыя ў поўнай меры. Мы пачынаем кампанію збору подпісаў сярод індывідуальных прадпрымальнікаў і будзем прасіць Лукашэнку аб сустрэчы. Прадпрымальнікі ня бачаць іншага выйсьця», — сказаў Анатоль Шумчанка.

Лукашэнка і прадпрымальнікі
Лукашэнка і прадпрымальнікі

Удзельнікі форуму казалі, што ня маюць выразных і зразумелых умоваў бясьпечнай працы.

«Яны па-ранейшаму вісяць на валаску ад высокіх штрафных санкцыяў і канфіскацыяў. Прадпрымальнікі просяць, каб ім зрабілі зразумелымі і нармальнымі ўмовы працы. Каб не было ўсяго таго, што нагрувасьцілі сёньня чыноўнікі. Таму яны выступалі сёньня на форуме жорстка і выходзілі за рамкі прадпрымальніцкіх пытаньняў, казалі пра сытуацыю ў краіне і яе эканоміцы. Таму форум — гэта сыгнал уладам, што пытаньні трэба вырашаць і дыялёг трэба разьвіваць», — сказаў лідэр «Пэрспэктывы».

Запрашэньне на форум праігнаравалі многія чыноўнікі, у тым ліку дырэктар дэпартамэнту прадпрымальніцтва Міністэрства эканомікі.

«Такое стаўленьне ня можа нас цешыць», — сказаў Анатоль Шумчанка.

Наступны форум прадпрымальнікі вырашылі правесьці 10 сьнежня сёлета.

Апошняя сустрэча прадпрымальнікаў з Аляксандрам Лукашэнкам адбылася ў 2015 годзе ў гандлёвым цэнтры «Экспабел».

Тады ён дазволіў індывідуальным прадпрымальнікам прадаваць тавары лёгкай прамысловасьці без дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць іх легальнае паходжаньне, да 1 студзеня 2016 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG