Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы хочам зьняць пятлю з шыі», — Шумчанка пра новыя патрабаваньні малога бізнэсу да ўладаў


Анатоль Шумчанка
Анатоль Шумчанка

Рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП) «Пэрспэктыва» 1 кастрычніка склікае ў Менску свой чарговы форум.

Пра мэты форуму і найвастрэйшыя праблемы стасункаў малога бізнэсу з уладамі Свабода пагутарыла зь лідэрам «Пэрспэктывы» Анатолем Шумчанкам.

— Чаму важна менавіта цяпер правесьці форум прадпрымальнікаў, якія яго мэты?

— Форумы мы праводзім некалькі разоў у год. Гэта дапамагае зрабіць працу прадпрымальнікаў больш-менш бясьпечнай. Бо ўлада бачыць нашу актыўнасьць, бярэ ўдзел у працы форуму і ведае нашы праблемы. Гэта спрыяе таму, што нас заўважаюць і з намі так ці інакш пачынаюць лічыцца. Хаця гэта далёка ад нашага жаданьня вырашыць усе пытаньні. Таму прадпрымальнікам патрэбная пляцоўка, каб заявіць пра сябе, пра свае прапановы і прэтэнзіі, каб агучыць сваю пазыцыю.

«Праз онлайн-чэкі шмат ІП пад пагрозай»

— Якія патрабаваньні ёсьць у індывідуальных прадпрымальнікаў да ўладаў?

— Асноўнае — гэта пакеты дакумэнтаў, якія мы маем з Расеяй. Яны даволі неабароненыя — праз расейскіх партнэраў. У тым ліку і онлайн-чэкі, уведзеныя зусім нядаўна. То бок дакумэнты на тавары выклікаюць у нас вельмі многа пытаньняў і мы вельмі баімся, што гэты вагар у будучым будзе выкарыстаны ўладамі для ціску на ўвесь бізнэс.

У выніку гэтага прадпрымальнікі могуць мець вялікія фінансавыя страты, ажно да зьнішчэньня сваёй справы. Мы пастаянна кажам, што хочам зьняць пятлю са сваёй шыі. Мы хочам працаваць і ўпэўнена глядзець у будучыню. На сёньня гэтага няма.

— Вы ў фэйсбуку пішаце, што онлайн-чэкі ніхто не скасоўваў, мараторыю на іх ня ўводзіў, яны павінны быць ва ўсіх. Таксама ніхто не скасоўваў санкцыі за іх адсутнасьць.

— Гэта азначае, што сёньня шмат прадпрымальнікаў знаходзяцца пад ударам. І могуць панесьці сур’ёзныя фінансавыя страты ў выглядзе штрафаў, канфіскацыяў, судоў і так далей. Не з сваёй віны, а расейскіх партнэраў. Онлайн-чэк — гэта інтэрнэт-дакумэнт, які павінен далучацца да кожнай накладной. Ён дазваляе прасачыць усе гаспадарчыя апэрацыі. А ў Расеі няма кантролю за дакумэнтаабарачэньнем і касавай дысцыплінай. Агулам кажучы, у іх гэтага няма. Таму ў нас узьніклі пытаньні, на якія ня можам атрымаць адказу.

— Раней праз онлайн-чэкі быў значна прыпынены прывоз тавару з Расеі.

—Так, у выніку паўстала пытаньне пра ўвазны ПДВ ад індывідуальных прадпрымальнікаў. Міністэрства падаткаў тады разаслала паперу, што нават калі няма онлайн-чэкаў ці пацьвярджальных дакумэнтаў, нічога страшнага, няхай людзі ўсё роўна плацяць ПДВ. Ясна, што дзяржаве патрэбныя грошы. Тады «Пэрспэктыва» зьвярнулася ў Міністэрства падаткаў і збораў, дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Дзяржкантролю, АБЭП, Міністэрства эканомікі, каб далі ацэнку сытуацыі. Мы пыталіся, якая адказнасьць будзе, калі ня будзе онлайн-чэкаў. Але адказу не атрымалі. Хаця ён для нас відавочны. Чаму нам не адказалі? Бо напярэдадні форуму ніхто ня хоча абвастраць сытуацыю. Але гэта ні ў якія вароты ня лезе!

«Настроі прадпрымальнікаў што да ўладаў радыкалізаваліся»

— На сайце ў вас разьмешчаны зварот да кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі, які вы хочаце абмеркаваць на форуме і пачаць збор подпісаў пад ім.

— Гэта ініцыятыва выключна саміх прадпрымальнікаў. Чыноўнікі так ставяцца да ІП і не вырашаюць пытаньняў, што гэта вымушае прадпрымальнікаў зьбірацца на форум і зьвяртацца непасрэдна да Лукашэнкі. І ў гэтым выпадку мы бачым, што наш бізнэс проста штучна зьнішчаецца. За апошні год настроі прадпрымальнікаў што да ўладаў сур'ёзна радыкалізаваліся. Яны рэзка нэгатыўныя. І зацягваньне рашэньняў толькі распальвае сытуацыю. Пакуль прадпрымальнікаў не чапаюць, усё ціха. Але нагодаў для таго, каб праверыць бізнэс і пакінуць яго ні з чым — дастаткова.

«Бярыце ад нас падаткі, толькі не чапайце»

— Раней вы патрабавалі скасаваць указ № 222, які перашкаджае працаваць. Гэтае патрабаваньне прадпрымальнікаў застаецца ў сіле?

— Мы кажам, што трэба ўвесьці альтэрнатыву ўказу № 222. Напрыклад, патэнт: заплаціў падаткі і забыўся. Але ўказ № 222 нанёс вельмі сур'ёзную шкоду і прадпрымальнікам, і дзяржаве. У выніку скарачаецца колькасьць ІП.

— «Пэрспэктыва» накіравала ў Міністэрства фінансаў праект указу аб спрашчэньні рэгуляваньня і стымуляваньні працы індывідуальных прадпрымальнікаў. Які яго лёс?

— Гэта і ёсьць наша прапанова пра ўвядзеньне патэнту. Але яе ніхто ня хоча разглядаць. Мы прапанавалі максымальна спрошчаныя ўмовы для прадпрымальнікаў, якія хочуць плаціць больш падаткаў, але працаваць паводле спрошчанага варыянту. То бок прадпрымальнікі прасілі: бярыце ад нас падаткі, толькі нас не чапайце. Але тут, відаць, ёсьць нейкая іншая подбіўка, калі ўсё так застаецца. І прадпрымальнікі хочуць аддзяліць свой бізнэс ад буйнога і сярэдняга. Ну нельга ўсіх стрыгчы на адзін капыл. Нам чыноўнікі кажуць, што мы, маўляў, натуральным чынам адміраем. Мы з гэтым ня згодныя. Трэба ствараць умовы, каб мы засталіся як кляса.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG