Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта заганяе ў пастку беднасьці». Гарачая дыскусія прыхільніц і праціўніц скарачэньня дэкрэтнага водпуску

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ці слушныя прапановы лібэральных экспэртаў скараціць працягласьць водпуску для дагляду дзіцяці? Якая форма «дэкрэту» аптымальная для Беларусі? Спрачаюцца прыхільніцы скарачэньня сацыёляг Алена Арцёменка зь Беларусага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў і юрыстка, партнэр праэкту Сусьветнага банку Doing Business Кацярына Забела і яго праціўніцы —​дактарантка Інстытуту фэмінісцкіх і гендэрных дасьледаваньняў Атаўскага ўнівэрсытэту Вікторыя Лаўрынюк і кіраўніца грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Вольга Карач.

Беларусь мае адзін з найбольш працяглых аплатных водпускаў для дагляду дзіцяці ў сьвеце — тры гады. Апошнім часам актыўна абмяркоўваецца магчымасьць яго скарачэньня да двух гадоў. Паводле дэпутаткі Ганны Канапацкай, праект такіх зьменаў быў падрыхтаваны. Міністэрства працы і сацыяльнай абароны доўга адмаўлялася ад камэнтароў, а пазьней заявіла, што на такі крок ісьці ня варта. Паводле экспэртаў Цэнтру эканамічных дасьледаваньняў BEROC Кацярыны Барнуковай і Льва Львоўскага, доўгі дэкрэтны водпуск дрэнна ўплывае на нараджальнасьць у гарадах і запавольвае эканамічны рост у Беларусі.

Сьцісла:

  • Арцёменка: У сельскай мясцовасьці памер дэкрэтнай дапамогі вышэйшы за магчымы заробак, таму жанчыны вырашаюць застацца ў водпуску для дагляду першага, другога, трэцяга дзіцяці. Гэта заводзіць жанчын і дзяцей у пастку беднасьці.
  • Забела: Тры гады «дэкрэту» стымулююць маёмасную, маральную і фінансавую няроўнасьць у сямʼі, а таксама расслаеньне на рынку працы, бо мужчына становіцца больш пэрспэктыўнай працоўнай сілай.
  • Лаўрынюк: Працаваць нашмат прасьцей, чым знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску і глядзець дзяцей. Гэта не адпачынак. Гэта рэпрадукцыйная аплатная праца, пасьля якой часам і адпачынак патрэбен.
  • Карач: Памер дапамогі — 30% ад сярэдняга заробку. З голаду не памрэш, але жыць не захочацца. Ён павінен быць утрая большым, каб даць жанчыне абарону і ад таксычнага партнэра, і ад боса, які крычыць, што дзеці хварэюць і цябе няма на працы.


«Працяглы дэкрэтны водпуск вельмі дрэнна адбіваецца на карʼеры і становішчы жанчын на рынку працы»

— Чым вы патлумачыце неабходнасьць і мэтазгоднасьць скарачэньня дэкрэтнага водпуску як для дзяржавы, так і для жанчыны?

Алена Арцёменка
Алена Арцёменка

Алена Арцёменка: Працягласьць водпуску для дагляду дзіцяці не такая важная, як разьвітасьць сыстэмы альтэрнатыўных формаў дагляду дзяцей да трох гадоў. А гэта нянькі, даступныя дзіцячыя дашкольныя ўстановы, як дзяржаўныя, так і прыватныя. Калі гэтыя ўмовы будуць рэалізаваныя, то трэба будзе скарачаць водпуск для дагляду дзіцяці. Такі працяглы водпуск жанчыны вымушаныя браць найперш таму, што няма куды падзець дзяцей. Ён вельмі дрэнна адбіваецца на карʼеры і становішчы жанчын на рынку працы.

Мінімальны страхавы стаж — 25 гадоў. Калі жанчына тры гады праводзіць у водпуску для дагляду дзіцяці, на фоне агульнай працягласьці карʼернага шляху гэта ня так крытычна выглядае — крыху больш за 10 працэнтаў. Але калі гэта двое дзяцей, гэта амаль чвэрць. Можна ўявіць, колькі бацька, які рэдка ўдзельнічае ў гэтым працэсе, пасьпявае зрабіць і рэалізаваць на карʼерным, прафэсійным шляху, і колькі пасьпявае рэалізаваць маці, калі ў яе ад таго, што няма куды прыстроіць дзіця, выпадае тры гады. А калі выпадае шэсьць гадоў, гэта выглядае яшчэ больш сумна.

У нас вельмі вялікі разрыў сярэдняй заработнай платы паміж мужчынамі і жанчынамі. Ён павялічваецца, нягледзячы на захады дзеля падвышэньня гендэрнай роўнасьці. Менавіта гэтая сфэра — нараджэньне дзяцей, водпуск для дагляду дзіцяці, «бальнічныя», забіраньне дзяцей з садкоў — зьяўляецца ключавой прычынай дыскрымінацыі жанчын на рынку працы, як паказвае дасьледаваньне «Гендэрных пэрспэктываў».

«Жанчына для наймальніка становіцца бомбай запаволенага дзеяньня»

Кацярына Забела
Кацярына Забела


Кацярына Забела: Першы і самы адмоўны мінус у працяглым водпуску для дагляду дзіцяці — жанчына выключаная з карʼернага росту. Наймальнік, разглядаючы кандыдатку ў дзетародным узросьце, разумее, што ў любы момант яна можа пайсьці ў водпуск спачатку па цяжарнасьці і родах, а потым для дагляду дзіцяці, і ён абавязаны захоўваць за ёй працоўнае месца. Гэта значыць, што яе працоўнае месца становіцца ня вельмі пэрспэктыўным для ўсіх наступных прэтэндэнтаў, бо яны змогуць заняць яго толькі на непрацяглы пэрыяд часу. Ня кожны прэтэндэнт хоча мець такое працоўнае месца. Гэта значыць, што жанчына для наймальніка становіцца бомбай запаволенага дзеяньня. Кожны раз трэба, з аднаго боку, не дыскрымінаваць яе пры прыёме на працу, а з другога, усьведамляць, што сёньня яна на працоўным месцы ёсьць, а заўтра мінімум на тры з паловай гады зьнікне.

Гэта і насьцярожанае стаўленьне наймальнікаў, гэта і складанасьці з прафэсійнай рэалізацыяй у жанчын. Жанчына, якая тры гады знаходзіцца ў водпуску, унутры сямʼі адказвае за дзіця. Што можа сказаць ёй муж (і гэта будзе цалкам абгрунтавана): «Я вас кармлю, забясьпечваю, я аплачваю ўсе расходы. Я на працы з раніцы да вечара, а твая жаночая справа — сядзець і займацца дзецьмі».

Гэта азначае стымуляваньне няроўнасьці ў сямʼі — маёмаснай, фінансавай, маральнай. Гэта азначае, што бацька ў сілу таго, што ён павінен цягнуць усё на сабе, становяцца выключаным з дагляду дзяцей. Гэта азначае, што дзяржава ніяк не стымулюе яго на ўключэньне ў гэта. Гэта сапраўды стымулюе расслаеньне на рынку працы. Мужчына становіцца больш цікавай і пэрспэктыўнай працоўнай сілай, адрозна ад жанчыны, якая знаходзіцца ўвесь час у зоне падобнай рызыкі.

А калі такі водпуск бярэцца для дагляду не аднаго дзіцяці, а двух, трох дзяцей, тым больш пагодкаў, то ў нейкі момант у жанчыны проста зьнікае магчымасьць зрабіць далейшую карʼеру. Досьвед і практыка паказваюць, што калі да пэўнага ўзросту гэтага росту не адбылося, то патэнцыйныя прэтэндэнты на рынку працы становяцца проста нецікавымі — у іх няма ні CV, ніякага досьведу. А яны прэтэндуюць на месца разам з 10-15 маладымі пасьпяховымі спэцыялістамі.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Гэтая сытуацыя, з аднаго боку, дыскрымінуе жанчыну ўнутры сямʼі, дзе яна становіцца адказнай за пялюшкі і распашонкі і ня бачыць ніякага белага сьвету. Дзяржава ёй кажа: «У цябе ёсьць магчымасьць — сядзі дома і радуйся, гадуй дзяцей». З другога боку, жанчына становіцца прафэсійна нецікавай для наймальніка. Тыя, хто ўсё ж хочуць зрабіць карʼеру і ня быць выключанымі з рынку працы, вымушаны выкручвацца.

Ясьлі практычна ліквідаваныя ў Беларусі, дзяцей чакаюць у садках з трох гадоў, нянькі працуюць у асноўным нелегальна. Інфраструктура не ствараецца. І, захоўваючы працяглы водпуск, захоўваючы статус-кво, мы адпаведна захоўваем прафэсійную дыскрымінацыю і дыскрымінацыю ўнутры сямʼі. Акрамя таго яшчэ і не стымулюем жанчын рабіць унёсак у эканоміку краіны.

«Пакуль заробкі будуць ніжэйшымі за дэкрэтныя выплаты, гаварыць пра скарачэньне водпуску няма сэнсу»

— Чаму скарачэньне дэкрэтнага водпуску можа дадаць яшчэ большы цяжар для жанчын? Ці ня ёсьць гэта чарговым крокам адыходу ад дэкляраванай уладамі сацыяльнай дзяржавы?

Вікторыя Лаўрынюк
Вікторыя Лаўрынюк

Вікторыя Лаўрынюк: Я згодная з названымі вышэй аргумэнтамі, але не разумею, чаму лічыцца, што скарачэньне водпуску прывядзе да зьмяншэньня дыскрымінацыі. Гэта хутчэй будзе сьледзтвам, а не прычынай. Спачатку трэба працаваць з працадаўцамі, разьбіваць гендэрныя стэрэатыпы пра тое, што жанчына зь дзецьмі — гэта дрэнны супрацоўнік, бо яна будзе клапаціцца толькі пра дзяцей.

Трэба працаваць у кірунку адказнага бацькоўства, каб бацька гэтак жа браў удзел у жыцьці дзяцей, каб ня толькі жанчыны хадзілі па паліклінікам і вадзілі дзяцей у дзіцячыя сады. Патрэбны гібкі працоўны графік для мужчын і для жанчын, каб яны маглі прымаць удзел у жыцьці дзяцей. Скарачэньне працоўнага тыдня з 40 да 35 гадзін і вялікая колькасьць іншых захадаў, якія ўплываюць на гендэрную роўнасьць на працоўным месцы.

Трэба разумець, што жанчыны ў Беларусі — гэта ня толькі жанчыны ў Менску, гэта ня толькі жанчыны на высокааплатных пасадах, якія могуць дазволіць сабе няньку. Гэта вялізарная колькасьць жанчын, якія жывуць у сельскай мясцовасьці, гэта самотныя маці. Для іх выплаты падчас дэкрэтнага водпуску зьяўляюцца адзінай крыніцай даходу. Больш за тое, гэта большая сума, чым калі б яны працавалі, напрыклад, даяркай у калгасе ці на пошце. І пакуль заробкі будуць ніжэйшымі за выплаты ў дэкрэтным водпуску, гаварыць пра скарачэньне яго працягласьці няма сэнсу.

Без таго, каб працаваць спачатку над тым, каб прывесьці іншыя парамэтры гендэрнай рознасьці ў большую раўнавагу, скарачаць водпуск немагчыма. Жанчыны, прадстаўніцы «ніжэйшая клясы» пацярпяць яшчэ больш. Паглядзіце на статыстыку разводаў — жанчыны пераважна выхоўваюць дзяцей самі...

«Дэкрэтныя выплаты павінны быць паднятыя, як мінімум, утрая»

Вольга Карач
Вольга Карач

Вольга Карач: Я лічу, што ўсё, што робіцца зараз, абсалютна недастаткова. Уся сыстэма павінна быць перабудаваная. Памер дапамогі жанчыне ў дэкрэтным водпуску цяпер складае каля 30% ад агульнага сярэдняга заробку ў краіне. Я лічу, што дэкрэтныя выплаты павінны быць паднятыя, як мінімум, утрая. У эўрапейскіх краінах жанчыны ў дэкрэце атрымліваюць каля 80%. Мы ня будзем прывязвацца да таго высокага заробку, як у жанчын у Нямеччыне, напрыклад, 8 тысяч эўра. Мы хаця б прывяжамся да сярэдняга заробку ў Беларусі, але памер дапамогі мае быць істотна павялічаны.

Трэба скасаваць забарону жанчыне працаваць, калі яна атрымоўвае гэтую дапамогу дзяржавы. Гэта не дапамога жанчыне, гэта дапамога дзіцяці. Каб быў нейкі агульны стандарт, і ўсе беларускія дзеткі атрымоўвалі мінімальную стандартную дапамогу, утрая вышэйшую за цяперашнюю, і ня мела б значэньня, адна жанчына ці з мужам, ці з партнэрам выхоўвае дзіця. Гэта дало б жанчыне абарону і ад таксычнага партнэра, і ад боса, які пачынае крычаць, што дзеці хварэюць, а цябе часта няма на працы.

У Беларусі няма патрэбнай інфраструктуры. У рэгіёнах няма прыватных дзіцячых садкоў, няма прафэсійных нянькаў. Калі малы горад ці вёска, то зусім ня проста знайсьці кагосьці, на каго можна бясьпечна пакінуць дзіця. Шмат для каго з жанчынаў гэта добры выхад — зрабіць пэўную паўзу ў тым ліку ў парцы, карʼеры, падумаць, што рабіць далей.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Памер дапамогі — вельмі маленькі. З голаду не памрэш, але жыць не захочацца. Памер дапамогі павінен быць такі, каб жанчына магла вырашаць, ці яна адпраўляе дзіця ў садок, а сама працуе, ці яна наймае няньку ці яшчэ што-небудзь. Гэтыя грошы на працягу трох гадоў — абарона жанчыны, каб яна жыла бяз стрэсу, без разважаньняў, што яна будзе есьці, калі яна ад партнэра сыдзе з маленькім дзіцем.

Шмат жанчынаў пасьля родаў маюць пасьляродавую дэпрэсію. Зноў жа, калі жанчына адчувае, што зь ёй нешта ня тое, то гэта таксама добрая магчымасьць заплаціць за псыхоляга. Цяперашні памер дапамогі не дае магчымасьці жанчыне наогул нічога рабіць.

Я лічу, што водпуск трэба разьбіваць — ёсьць тры гады водпуску для жанчыны, але, як мінімум, год дзяржава павінна гарантаваць і аплачваць водпуск мужчыну, калі ён хоча гэты адпачынак узяць.

«Павышэньне гендэрнай роўнасьці рабілася крыху рэпрэсіўнымі мэтадамі, але гэта спрацавала»

— Які, з вашага пункту гледжаньня, найбольш аптымальны варыянт дэкрэтнага адпачынку — дэкрэт пароўну з мужчынам, права жанчыны самой вырашыць, за які час узяць належную ёй ад дзяржавы выплату? На прыклады якіх краінаў варта арыентавацца Беларусі ў гэтым пытаньні?

Алена Арцёменка: Калі мы кажам пра падвышэньне нараджальнасьці, дэмаграфічную палітыку, то важна максымальна ўключаць мужчын у дагляд дзяцей, каб гэтую нагрузку разьмяркоўваць больш раўнамерна. Нават у скандынаўскіх краінаў, дзе сытуацыя зь гендэрнай роўнасьцю нашмат лепшая чым у нас, прадастаўлены па выбару водпуск для дагляду дзіцяці для бацькі і маці мужчынамі найчасьцей ня браўся з прычыны ня вельмі вялікага, але разрыву ў заробку паміж мужчынамі і жанчынамі. У Швэцыі гэтыя захады сталі працаваць толькі тады, калі пачалі прадастаўляць унікальны водпуск для мужчыны, які згарае, калі ад яго адмаўляюцца, і яго ня можа замест мужчыны ўзяць жанчына.

Павышэньне гендэрнай роўнасьці для барацьбы з дыскрымінацыяй рабілася крыху рэпрэсіўнымі мэтадамі, але можа спрацаваць. Швэцыя — адзін з прыкладаў таго, як заходнеэўрапейская краіна паціху выходзіць з дэмаграфічнага крызісу, які пачаўся пры канцы 1980-х, пачатку 1990-х ва ўсіх разьвітых краінах.

Ёсьць яшчэ досьвед Францыі, якая пераадольвае крызіс зьніжэньня нараджальнасьці праз гібкі падыход. Там субсыдзіруюцца прыватныя, недзяржаўныя дзіцячыя дашкольныя ўстановы. Калі абодва бацькі рана выходзяць на працу пасьля нараджэньня дзіцяці, субсыдзіруюцца паслугі нянькі. Калі нехта з бацькоў застаецца дома зь дзіцём замест дзіцячай дашкольнай установы, то нейкая частка кампэнсацыі выплачваецца і ім.

Што да прапановы падвышэньня памеру выплаты, то гэта гучыць нерэалістычна, таму што крыніцаў фінансаваньня для гэтых захадаў ня бачна. Можна падвышаць дэкрэтныя выплаты як раз коштам скарачэньня водпуску для дагляду дзіцяці.

У сельскай мясцовасьці, дзе памер дапамогі вышэйшы за магчымы заробак, жанчыны вырашаюць застацца ў водпуску для дагляду з адным, другім, трэцім дзіцем. Гэта заводзяць жанчын у пастку беднасьці. Пасьля некалькі дэкрэтных водпускаў жанчына цалкам выпадае з карʼернага шляху і рынку працы. Першы, другі і трэці раз яны аддаюць перавагу больш лёгкаму шляху і больш значнай суме ў выглядзе дэкрэтных выплатаў, і гэта значна пагаршае іх матэрыяльнае палажэньне ў будучыні. Усё гэта адбіваецца і на росьце дзіцячай беднасьці ў будучыні. У сацыяльным пляне ў сельскай мясцовасьці павышэньне выплатаў можа мець і нэгатыўныя наступствы.

«Мала якія дзяржавы дазваляюць сабе такія выплаты за нараджэньне першага, другога і трэцяга дзяцей»

Кацярына Забела: Дэкрэтныя выплаты ў нас невысокія, але давайце пагаворым у абсалютных лічбах. За нараджэньне першага дзіцяці дзяржава выплачвае каля 1 100 зь лішнім даляраў у эквіваленце. За нараджэньне другога і наступнага дзяцей выплачваецца каля 1600 даляраў у эквіваленце. Для жанчын нават з адносна невысокім заробкам гэтая заўважная сума. Калі мы гаворым пра жанчын у сельскай мясцовасьці, то гэтая сума больш чым заўважная.

З 1 студзеня 2020 году набудзе моц указ прэзыдэнта пра сямейны капітал, дзе за нараджэньне трэцяга дзіцяці дзяржава будзе прадастаўляць безнаяўныя субсыдыі, сямейны капітал, які можа быць толькі мэтавым, які складае больш за 10 тысяч даляраў. Насамрэч мала якія дзяржавы дазваляюць сабе такія выплаты за нараджэньне першага, другога і трэцяга дзяцей. Штомесячныя выплаты, сапраўды, невысокія, але яны маглі бы выплачвацца ў тых жа сумах, але ў больш сьціслыя тэрміны. Мы кажам пра стымуляваньне жанчын да выхаду на працу, дык давайце вернемся да тэмы дыскусіі — ці скарачаць дэкрэтны водпуск. Я ня бачу паміж намі супярэчнасьцяў, водпуск можна скарачаць.

Вольга Карач: Я супраць.

«Для мяне выйсьці на працу было глытком сьвежага паветра»

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота


Вікторыя Лаўрынюк: Тут спасылаюцца на досьвед Швэцыі, забываючы пра тое, што каб прыйсьці да таго, што яны цяпер робяць, спатрэбіліся дзесяцігодзьдзі. Спачатку вельмі доўга праводзіліся інфармацыйныя кампаніі, каб зьмяніць мэнталітэт і сацыяльную пабудову ў дзяржаве, каб бацькі аднолькава бралі ўдзел у жыцьці дзяцей. Мае суразмоўцы лічаць, што нараджэньне і дагляд дзяцей — гэта лёгкі шлях, лягчэйшы чым карʼера. У мяне двое дзяцей-пагодак. Для мяне выйсьці на працу было проста глытком сьвежага паветра.

Працаваць нашмат прасьцей, чым знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску і глядзець дзяцей. Гэта не адпачынак. Гэта рэпрадукцыйная, аплачваемая праца, пасьля якой часам і адпачынак патрэбны. І пакуль гэтая рэпрадукцыйная праца будзе абясцэньваецца, пакуль першасная функцыя жанчыны будзе бачыцца толькі ў нараджэньні дзяцей, скарачаць водпуск для дагляду дзяцей няма сэнсу.

— Наколькі працяглы дэкрэтны адпачынак важны не для маці, бацькі, бацькоў, а для дзяцей? Бо гэта вельмі важны час для фармаваньня, выхаваньня, кантактаў. І трохгадовы «дэкрэт» стаў для многіх сапраўдным падарункам, калі быў уведзены пры канцы 1980-х. Як вы мяркуеце, як лепей для дзяцей?

Вікторыя Лаўрынюк: Я — чалавек з акадэмічнага асяродзьдзя, цяпер пішу доктарскую дысэртацыю, вывучаю сыстэмныя дасьледаваньні на дадзеную тэму. Кантакт бацькоў і дзяцей у першыя гады жыцьця вельмі моцна ўплывае на псыхічнае, мэнтальнае і фізычнае здароўе дзяцей. У той час, як працягласьць дэкрэтнага водпуску не зьяўляецца адзіным вызначальным фактарам гендэрнай роўнасьці і прасоўваньня жанчын на рынку працы.

Вольга Карач: Я ня згодная з тым, што ў краіне няма грошай. Яны проста не туды ідуць. Хай Лукашэнка прадасьць свой «Боінг», хай чыноўнікі прададуць свае «Мэрсэдэсы», і ў нас на пяць гадоў наперад хопіць грошай аплачваць дэкрэтныя водпускі ўсім жанчынам.

Чаму мы лезем у кішэні жанчынаў? Тысяча даляраў выплачваецца жанчынам пры нараджэньні дзіцяці. Але колькі мы павінныя купіць усяго, калі дзіця нараджаецца... Гэтыя грошы не для жанчынаў, якія сядзяць у дэкрэце. Гэта дзіцячыя грошы. Нават, калі жанчына працуе дзе-небудзь, яе дзеці павінны мець пэўную абарону ад галечы, бо маці могуць скараціць, яна можа захварэць, можа ня быць бацькі і гэтак далей. Дзяржава штомесяц павінна выплачваць 300 даляраў на кожнага дзіцёнка да трох гадоў, а пасьля да 18 гадоў выплачваць, як мінімум, 50 даляраў на кожнае дзіця, каб якасьць жыцьця дзяцей не залежала ад таго, што адбываецца з бацькамі.

А калі бацька ведае, што ён можа ўзяць адпачынак на адзін год, і гэта будуць тыя ж 300 даляраў, то ён пойдзе ў адпачынак. Гэта трэба стымуляваць, трэба рабіць інфармацыйную кампанію, што быць у дэкрэтным водпуску добра.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG