Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьнік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандар Румак днямі расказаў, што новы законапраект абавяжа наймальнікаў даваць двухтыднёвы адпачынак мужчынам, у якіх нарадзілася дзіця. Патэнцыйнае новаўвядзеньне ўжо назвалі «бацькоўскім дэкрэтам», але выглядае, што прынцыповых зьменаў не адбудзецца, нават калі гэтую норму і прымуць.

Калі прапанова зробіцца законам, працадаўцы ня змогуць адмовіць мужчыне у тым, каб ён пабыў два тыдні з сям’ёй. Праўда, па змоўчаньні гэты адпачынак аплачваць ня будуць. Але працадаўцам ня будуць забараняць самастойна заплаціць сваім супрацоўнікам. Якая шчодрая сацыяльная палітыка сацыяльна-арыентаванай дзяржавы!

У Латвіі татам прынамсі аплачваюць 10-дзённы адпачынак, а ў Польшчы — двухтыднёвы.

Улады Беларусі змогуць уключыць у свае справаздачы яшчэ адзін пункт як прыклад барацьбы з гендэрнай няроўнасьцю, але ці ёсьць тут рэальная нагода для радасьці? Вядома ж, можна сказаць, што лепей хоць так, чым ніяк. Але прапанаваныя зьмены зусім не падобныя да сыстэмнай падтрымкі сем’яў зь дзецьмі. У Латвіі татам прынамсі аплачваюць 10-дзённы адпачынак, а ў Польшчы — двухтыднёвы.

У Беларусі таты, якія актыўна ўдзельнічаюць у паўсядзённых клопатах, зьвязаных з іх уласнымі дзецьмі, застаюцца ў меншасьці. Ідэя аб тым, што дзяржава мусіць стымуляваць татаў быць сапраўднымі татамі, мне падабаецца. Але такія дэкаратыўныя рашэньні не набліжаюць нас да сапраўды прагрэсіўных законаў, а наадварот, дазваляюць адцягнуць іх распрацоўку.

Дэкрэтны адпачынак зьяўляецца сынонімам сацыяльнай ізаляцыі.

Можна было б парадавацца той норме закона, пра якую кажа Румак, калі б яна была маленькай часткай вялікага антыдыскрымінацыйнага закону, накіраванага ў тым ліку на падтрымку сямей з маленькімі дзецьмі. Аднак агульны тэрмін адпачынку для дагляду за дзецьмі плянуюць скараціць з трох да двух гадоў, а інфармацыі пра паўсюднае будаўніцтва новых дзіцячых садоў няма. «Гендэрны разрыў» у заробках складае больш за 20% на карысьць мужчын. Дэкрэтны адпачынак зьяўляецца сынонімам сацыяльнай ізаляцыі. Нашыя гарады абсалютна не прыстасаваныя для таго, каб мамы і таты з маленькімі дзецьмі адыходзілі ад дома далей, чым на кілямэтар. І няма ніводнага намёку, што ў дзяржавы выпрацаваны ці хоць бы выпрацоўваецца сыстэмны падыход да вырашэньня ўсіх гэтых праблем.

Па сутнасьці ўлады цяпер проста зафарбоўваюць расколіны на нясучай сьцяне будынка. І гэтая сьцяна вось-вось паваліцца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG