Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларускім жанчынам прасьцей зрабіць кар’еру на Захадзе


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Я атрымала павышэньне ў міжнароднай кампаніі, і трэба было зьяжджаць у Францыю. Я была заручаная, мой жаніх кінуў працу, перайшоў на дыстанцыйную работу зь меншым заробкам і паехаў разам са мной. Зараз ён гадуе нашае дзіця». Пакуль мая чэская знаёмая Ніколь распавядае мне гісторыю свайго карʼернага посьпеху ў буйной кампаніі нерухомасьці ў Эўразьвязе, я думаю пра тое, колькі ж перашкод было б на яе дарозе, калі б яна жыла ў Беларусі.

Эгаістычная маці і «падабцасьнік»

Удзельнікі штогадовага сэмінару кіраўнікоў дыпляматычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў Беларусі, які прайшоў у 2018 годзе ў Менску
Удзельнікі штогадовага сэмінару кіраўнікоў дыпляматычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў Беларусі, які прайшоў у 2018 годзе ў Менску

І тут я згадваю меркаваньне былога беларускага дыплямата Міхаіла Бацяна, які лічыць перавагу мужчын на высокіх пасадах у дыпляматыі рудымэнтам мінулага: «Неяк так склалася, што за мяжу едзе працаваць мужчына, а жонка за ім, як жартуюць, прычэпам. Звычайна жонкі ў такіх выпадках не працуюць. А калі наадварот, то мужчынам даволі складана псыхалягічна — муж, які не працуе, пры жонцы-амбасадарцы. Гэта балюча адбіваецца на мужчынскіх амбіцыях».

Праз гэтыя «мужчынскія амбіцыі» ды іншыя чыньнікі Беларусь усё яшчэ застаецца традыцыйнай, патрыярхальнай краінай, дзе жанчыны-кіраўніцы не заўсёды могуць разьлічваць на аб’ектыўную ацэнку свайго патэнцыялу. Менавіта за мяжой у бізнэсвумэн зьяўляецца больш магчымасьцей.

Мне часта даводзілася чуць, што калі мужчына робіць кар’еру — гэта мэтанакіраваны, амбітны бізнэсовец, а калі жанчына, то гэта кар’ерыстка. Само гэтае слова ў Беларусі часта ўспрымаецца нэгатыўна, бо захоўваецца стэрэатып, што жанчына павінна ў першую чаргу займацца дзецьмі і домам. Таму Ніколь у Беларусі маглі б назваць эгаістычнай, нячулай маці, а яе жаніха — «падабцасьнікам».

Такі погляд уласьцівы і для большасьці азіяцкіх краінаў. А ў Эўразьвязе сытуацыя іншая — пары найперш улічваюць, чыя карʼера разьвіваецца больш імкліва, няважна, муж гэта ці жонка.

У Беларусі пашыранае меркаваньне, што сядзець дома зь дзіцём ад нараджэньня да трох гадоў вельмі карысна для дзіцяці. Тым часам у ЭЗ і ЗША доўгія дэкрэты не прынятыя. У цэлым маладая маці з большага атрымлівае падтрымку і разуменьне, магчымасьць працаваць дыстанцыйна нават на адказных пасадах.

Мужчынскія дэкрэты

Згодна з заканадаўствам ЭЗ у гэтай галіне, мужчыны і жанчыны маюць аднолькавыя правы на бацькоўскі адпачынак ня менш за 18 тыдняў для кожнага дзіцяці. У Злучаных Штатах гэта жорстка заканадаўча не рэгулюецца, усё залежыць ад канкрэтнай кампаніі. Напрыклад, Facebook і Google прадстаўляюць дэкрэт на некалькіх месяцаў і жанчынам, і мужчынам. Па статыстыцы ў афіцыйны дэкрэтны адпачынак па догляду за дзіцем да 3 гадоў сёньня ідуць толькі 1% мужчын у Беларусі.

Паводле ацэнкі World Bank, у Беларусі ня самыя спрыяльныя спрыяльныя ўмовы для жанчын, якія імкнуцца дасягнуць узроўню топ-мэнэджэра. Жанчыны часьцей становяцца так званымі «белымі каўнерыкамі» (дарэчы, сам тэрмін пайшоў ад мужчынскага офіснага адзеньня), але маюць у 2,5 разы менш шанцаў атрымаць кіраўнічую пасаду, чым мужчыны.

Такім чынам, у Беларусі кіраўнікі складаюць 41% ад агульнай колькасьці работнікаў сярод мужчын і толькі 17% сярод жанчын. Жанчыны ўвогуле знаходзяцца ў неспрыяльным становішчы на рынку працы, але пры гэтым іх адукацыйны ўзровень на траціну вышэйшы за мужчын, сьведчаць дадзеныя Белстату.

У большасьці краінаў ЭЗ бізнэс-працэсы адбываюцца пераважна празрыста, а мужчыны з большага давяраюць жаночым прафэсійным меркаваньням гэтак жа, як і меркаваньням калегаў-мужчын. Найбольш гэта ўласьціва скандынаўскім кампаніям, дзе diversity (разнастайнасьць) стала новай «рэлігіяй» бізнэсу ў такой ступені, і некаторыя ўжо загаварылі пра дыскрымінацыю мужчын. А ў Беларусі, як і ў 1990-я, шматлікія важныя стратэгічныя пытаньні могуць вырашаюцца ў лазьні або ў рэстаране і практычна толькі мужчынамі.

Вядучымі галінамі прамысловасьці Беларусі па-ранейшаму зьяўляюцца машынабудаваньне, мэталяапрацоўка, хімічная і нафтахімічная прамысловасьць, дзе мужчынам гістарычна лягчэй робіць карʼеру, чым жанчынам. У Эўропе галоўныя рухавікі эканомікі — фінансавы сэктар, галіна спажывецкіх тавараў штодзённага попыту і ІТ, дзе жанчыны прадстаўлены значна лепш, і ім прасьцей туды трапіць.

Закон на баку жанчыны

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Яшчэ ў 2012 годзе Эўракамісія пастанавіла што ў радах дырэктараў буйных публічных эўрапейскіх кампаній ня менш за 40% месцаў павінны быць аддадзеныя жанчынам. Падобная практыка ёсьць і ў некаторых штатах ЗША. Наяўнасьць такіх квотаў для жанчын часам абцяжарвае працэс пошуку і адбору кандыдатаў, асабліва ў тэхнічнай галіне, дзе топ-мэнэджэрак па вызначэньні значна менш, чым мужчын. Бо калі кампанія ня зможа знайсьці жанчыну на адпаведную пасаду, то яна будзе заставацца вакантнай да таго часу, пакуль не падбяруць адпаведную кандыдатуру, інакш кампаніі пагражае штраф.

Можна доўга спрачацца аб неабходнасьці такой «дыскрымінацыі наадварот», але, як я мяркую, у цэлым гэта выключная магчымасьць для жанчын зрабіць кар’еру. Напрыклад, у Нямеччыне ў 2016 годзе ў буйных карпарацыях колькасьць жанчын — топ-мэнэджэраў складала 30%, а цяпер амаль 40%, паведамляецца ў дакладзе Heidrick&Struggles, і гэта моцна кантрастуе зь беларускімі рэаліямі.

Дзякуючы фактычна квотам, а хутчэй пажаданьню Аляксандра Лукашэнкі, жанчыны займаюць фактычна траціну месцаў у парлямэнце Беларусі. Аднак прадстаўніцтва ў выканаўчай улады адстае — няма ніводнай жанчыны з 5 віцэ-прэмʼераў, а сярод 24 міністэрстваў — толькі міністарка працы і сацыяльнай абароны жанчына. Большасьць старшынь дзяржкамітэтаў — мужчыны, як і большасьць намесьнікаў старшынь і абласных дзяржаўных камітэтаў. Гэта адзін з самых нізкіх паказьнікоў у сьвеце, адзначае World Bank.

Атрымліваецца, што нават наяўнасьць квотаў ня вырашае праблему гендэрнай няроўнасьці, якая яшчэ больш відавочная ў сфэры бізнэсу. Міністарка працы Марыяна Шчоткіна ацаніла колькасьць жанчын у Беларусі на кіруючых пасадах у 9,2%.

«Мне здаецца жанчынам занадта доўга гаварылі, што яны могуць, а што не. Урэшце яны паверылі і замест шчасьлівай будучыні пабудавалі над сабой шкляную столь», — разважае мая сяброўка Ніколь. — Зараз самы час разбураць «столі», стэрэатыпы і патрыярхат". І я зь ёй згодная.

Кацярына Яроміч

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG