Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці патрэбны бясплатны «дэкрэт»


Наста Захарэвіч

Часам мне здаецца, што нічога ў беларускай палітыцы мяне ўжо ня зьдзівіць. Але, па шчырасьці, прапанова пакінуць стары памер адпачынку па дагляду за дзецьмі (тры гады), а штомесячныя выплаты рабіць толькі першы два гады, усё ж зьдзівіла.

«Зрабіць неаплачаны год, калі жанчына можа заставацца ў дэкрэце ў адпаведнасьці з заканадаўствам, але пры гэтым не атрымліваць выплаты» прапаноўвае загадчыца аддзелу чалавечага разьвіцьця і дэмаграфіі Інстытуту эканомікі НАН, кандыдатка эканамічных навук Анастасія Баброва. Гэтую ідэю экспэртка тлумачыць тым, што выпаданьне з працоўнага працэсу на тры гады небясьпечна для жанчыны.

Гэта чарговы прыклад таго, як пагаршэньне ўмоваў для жанчын прасоўваецца пад выглядам прагрэсу і дасягненьня гендэрнай роўнасьці. Ці шкодна для прафэсійнага разьвіцьця выпаданьне на тры гады? Безумоўна. А ці дапаможа жанчынам тое, што апошні год яны ня будуць атрымліваць грошы? Каб станоўча адказаць на гэтае пытаньне, трэба прыняць такую каштоўнасную парадыгму, у якой любы кепскі ўчынак супраць чалавека — гэта не шкода, а «умовы для росту над сабой». Не, пакінуць жанчын у дэкрэце і без выплат — гэта не дапамога ў разьвіцьці кар’еры, а проста новы ўзровень цынізму, які выдаецца за падтрымку мацярынства.

А яшчэ гэта спроба ўсядзець адначасова на двух крэслах: і рэкордна доўгі адпачынак па дагляду за дзяцьмі фармальна пакінуць, і траты істотна зьнізіць. Мы зноўку зможам займаць высокія месцы ў міжнародных рэйтынгах, зьвязаных з ацэнкай узроўні камфортнасьці мацярынства і гендэрнай роўнасьцю. І зноўку зможам шчыра зьдзіўляцца: адкуль такія цудоўныя высновы, калі ў рэальнасьці ўсё зусім не салодка?

Магчыма, ідэя скараціць тэрмін выплат, але пакінуць стары тэрмін адпачынку — гэта такая рэакцыя на крытыку ідэі скараціць сам адпачынак. У 2016 годзе Кірыл Руды, памочнік прэзыдэнта па эканамічных пытаньнях, казаў пра мэтазгоднасьць скарачэньня адпачынку па дагляду за дзіцём на адзін год і спасылаўся пры гэтым на эўрапейскі вопыт. А цяпер што? У нас новы ўнікальны шлях?

Дзеля справядлівасьці: у разьвітых заходніх краінах выплаты па дагляду за дзяцьмі, і праўда, звычайна працягваюцца менш за тры гады. У Нямеччыне плацяць да двух гадоў, у Вялікабрытаніі — да 52 тыдняў, у Італіі — да пяці месяцаў. Але каб ацаніць сытуацыю, варта глядзець ня толькі на даўжыню адпачынку, які аплачваецца, але і на іншыя паказчыкі: які памер выплат, ці залежыць ён ад заробку, наколькі разьвітая сацыяльная інфраструктура для немаўлят.

Я не ўяўляю сытуацыю, у якой такое новаўвядзеньне ў Беларусі можа быць карысным для жанчын. Зрэшты, яно і не разьлічана на паляпшэньне жаночага жыцьця: гэта проста спосаб зьменшыць нагрузку на бюджэт.

Такія рашэньні нагадваюць мне, як у сярэдняй школе я часам ведала адказ на задачу па матэматыцы, але не ведала правільнага шляху рашэньня і займалася падборам. Здаецца, у нас экспэрткі і экспэрты так аргумэнтуюць свае рашэньні: вось ім трэба зьнізіць расходы, вось гэта можна зрабіць, пазбавіўшы мам падтрымкі. Але як мая школьная настаўніца патрабавала патлумачыць ход думкі, так і мы цяпер патрабуем тлумачэньня рашэньняў, якія паўплываюць на нашыя жыцьці. Яны і падбіраюць. Але, як правіла, робяць гэта няўдала.

Калі дэкрэт пакінуць трохгадовым, а выплаты будуць толькі першыя два гады, гэта не дапаможа жанчынам хутчэй вяртацца да працы. У такой сытуацыі жанчыны стануць яшчэ больш залежнымі ад партнэраў. Каб у жанчыны была матывацыя хутчэй вяртацца на працу, трэба каб а) праца была таго вартая б) жанчынам было куды дзець дзяцей. Пакуль жа вялікая колькасьць жанчын атрымлівае заробак, памер якога больш-менш адпаведны памеру выплаты па дагляду на дзіцём (і справа ня ў тым, што ў нас нейкія неверагодна высокія выплаты). З месцамі ў дзіцячых садках усё таксама складана.

Гэта той самы выпадак, калі праблемы трэба вырашаць адна за адной, а не паралельна. Спачатку трэба збудаваць садочкі, а потым ужо «стымуляваць» жанчын раней выходзіць на працу пасьля нараджэньня дзіця.

А яшчэ трэба зьмяняць агульную рыторыку. Больш заахвочваць мужчын гадаваць сваіх дзяцей, а жанчын — самарэалізоўвацца і па-за межамі сям’і. Вельмі наіўна спадзявацца, што ад жанчын можна адначасова чакаць выкананьня традыцыйных патрыярхальных роляў і прагі да будаваньня кар’еры. Не такія мы ўжо зручныя ў побыце.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG