Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі бацьку падчас адпачынку прыраўняюць да маці


Ілюстрацыйнае фота: Shutterstock

Ня толькі маці, якая выхоўвае двух дзяцей ва ўзросьце да 14 гадоў, але і бацька гэтых дзяцей атрымае права ісьці ў чарговы адпачынак летам. Пра такую магчымасьць 14 траўня паведаміў журналістам намесьнік міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Валер Кавалькоў.

«Цяпер такое права распаўсюджваецца толькі на маці. Але ўрад ужо перадаў у Палату прадстаўнікоў зьмены да Працоўнага кодэксу. У іх прадугледжана надаць гэткае самае права і бацьку. Калі дэпутаты пагодзяцца з дапаўненьнем, то яно пачне дзейнічаць як заканадаўчы акт. Пакуль жа бацька можа пайсьці ў адпачынак летам толькі пры ўмове, што ягоны наймальнік ня супраць гэтага», — сказаў намесьнік міністра працы.

Журналісты пацікавіліся ў чыноўніка, ці багата мужчын ужо скарысталіся правам на дэкрэтны адпачынак замест сваіх жонак. Выявілася, што дагэтуль у Беларусі глядзець за малым дзіцем пагадзілася больш як тры тысячы мужчын.

Цікава, што калі сацыёлягі БДУ праводзілі апытаньне на тэму дэкрэтнага адпачынку для бацькі, то тады амаль палова мужчын станоўча паставіліся да гэтай навацыі. Аднак на практыцы ахвотных аказалася істотна меней.

Намесьнік міністра лічыць, што адна з галоўных прычын — у тым, што бальшыня мужчын зарабляюць болей за сваіх жонак. Другая прычына — стэрэатыпы грамадзтва.

Дазволяць і татам, і бабулям, і дзядулям

Яшчэ адна навіна, якая тычыцца сямей, — Міністэрства аховы здароўя Беларусі ўжо распрацавала рэглямэнт наведваньня мам у радзільнях іх роднымі. Пра гэта паведаміла супрацоўніца міністэрства Юлія Савачкіна.

Каго прымаць у радзільні, цяпер будзе вырашаць сама жанчына. І калі, напрыклад, яна скажа, што ня хоча, каб яе наведвалі родныя, то ніхто яе не абавяжа прымаць непажаданых візытэраў.

Спадарыня Савачкіна сказала, што цяпер рэглямэнт на ўзгадненьні ў міністэрстве. Яна таксама пракамэнтавала дыскусію ў грамадзтве наконт таго, ці трэба дазваляць родным прыходзіць да мам у палаты.

«Міністэрства аховы здароўя выступіла з гэтай ініцыятывай, таму што гэта было запатрабавана грамадзтвам. Дадзеная норма распаўсюджваецца толькі на тыя сем’і, дзе ў мамы ёсьць жаданьне, каб яе наведвалі сваякі», — падкрэсьліла Юлія Савачкіна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG