Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзяўчаты, вы ўсё роўна ніколі ня зробіце кар’еры дыплямата»


Вераніка Лапуцька.

З дасьледніцай, асьпіранткай пры Польскай акадэміі навук Веранікай Лапуцькай вучымся чытаць лічбы пра Беларусь у міжнародных справаздачах, тлумачым, чаму ўлады памыліліся наконт дэпутатак Алены Анісім і Ганны Канапацкай, і зьдзіўляемся, чаму хлопцы не падаюць руку дзяўчатам пра знаёмстве.

«На паперы Беларусь зьяўляецца лідэрам ня толькі ў рэгіёне, а практычна і ў сьвеце па колькасьці жанчын у заканадаўчых органах, у выбарчых кампаніях»

— Нядаўна я праглядала адну зь міжнародных справаздачаў, якая была прысьвечаная гендэрнай роўнасьці. Там быў даволі высокі рэйтынг Беларусі, і адзін з паказьнікаў — больш за 30 працэнтаў жанчын у парлямэнце. Праўда, не было спэцыяльнай рэмаркі, што ў Беларусі ўсё ж парлямэнт не выбіраюць, а прызначаюць. Вы ўжо ня першы год аналізуеце ўдзел жанчын у палітыцы, у грамадзкім жыцьці, у прыняцьці рашэньняў у Беларусі. Як бы вы маглі ацаніць эфэктыўнасьць такога прадстаўніцтва жанчын у Нацыянальным сходзе?

— Мы назіраем тэндэнцыю, якая, безумоўна, будзе падабацца замежным арганізацыям, якія сочаць за разьвіцьцём гендэрнага балянсу і гендэрнай роўнасьці ў Беларусі. Мы будзем бачыць, што гэтая лічба расьце, што на паперы Беларусь зьяўляецца лідэрам ня толькі ў рэгіёне, а практычна і ў сьвеце па колькасьці жанчын у заканадаўчых органах, якія актыўна прымаюць нібы рашэньні падчас выбарчых кампаніяў і гэтак далей.

Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Але іншая рэч, на якую варта зьвярнуць увагу, якая часта ня бачная вонкавым назіральнікам, гэта тое, наколькі якаснымі зьяўляюцца гэтыя лічбы, наколькі актыўныя гэтыя жанчыны, колькі законапраектаў яны высоўваюць, колькі ініцыятыў яны вылучаюць, што яны робяць падчас найбольш гарачых дэбатаў на палітычную, сацыяльна-эканамічную тэматыку. І часьцей за ўсё на паперы, сапраўды, жанчыны ёсьць і іх багата, але калі казаць пра іх актыўную палітычную і грамадзянскую пазыцыю, то менавіта ў афіцыйных органах улады яна часта вельмі слаба выражаная і неяскравая.

Жанчыны як добрыя выканаўцы

— Я хацела бы зьвярнуць увагу на тое, што жанчыны на вельмі высокіх пасадах, такія як старшыня ЦВК, кіраўніца адміністрацыі прэзыдэнта, міністарка працы і сацыяльнай абароны агучваюць і рэалізуюць найбольш непапулярныя рашэньні, такія як дэкрэт пра дармаедаў, забясьпечваюць патрэбныя ўладам вынікі выбараў. Гэта жанчыны, якія маюць уладу, адначасна ў пэўнай ступені яны зьяўляюцца інструмэнтам у руках улады. Калі гэтыя жанчыны гавораць пра гендэрныя пытаньні, яны займаюць выразна патрыярхальную пазыцыю. Як вы гэта патлумачыце?

— Я думаю, што гэта зьвязана з тым, што нашая краіна, нягледзячы на лічбы, пра якія мы казалі, не прайшла сьвядомую інтэлектуальную рэвалюцыю ў сэнсе стаўленьня да жанчын як спэцыялістаў у сваіх галінах. Жанчыны яшчэ з савецкіх часоў лічацца вельмі добрымі выканаўцамі, тымі, хто адказна ставіцца да сваёй працы, хто можа выконваць загады, хто можа быць вельмі працавітым і адданым, кім, магчыма, лягчэй маніпуляваць. Гэта адбываецца таму, што жанчына па прыродзе нібы слабейшая за мужчыну, і таму вельмі часта такія рашэньні сапраўды трансьлюцца праз жанчын, іх падстаўляюць.

Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Мы гэтага ня ведаем, але, магчыма, яны сьвядома прымаюць адказнасьць за такія рэчы, каб паказаць сваю вернасьць, ляяльнасьць, працавітасьць і здольнасьць, даказваюць, што на той пазыцыі, на якой цяпер, яны ня проста так, а што яны верныя кіраўніцтву, і так будзе заўсёды.

«Дзяўчаты, вы ж разумееце, што вы ўсё роўна ніколі ня зробіце кар’еры дыплямата»

— Вы вучыліся ў БДУ на факультэце міжнародных адносінаў, далей працягвалі навучаньне ў розных краінах сьвету на розных мовах, атрымалі добрую адукацыю. Калі параўнаць вучобу ў Беларусі і ў іншых краінах, ці вы адчувалі пэўную дыскрымінацыю ў дачыненьні да вас, таму што вы жанчына? Што вам было цяжэй зрабіць, дзе цяжэй прасунуцца таму, што вы жанчына? Напрыклад, падчас вучобы на факультэце міжнародных адносінаў?

— Я ўзгадваю найперш момант паступленьня, калі мы, дзеўчыны, прыносілі дакумэнты, нам наўпрост казалі: «Дзяўчаты, вы ж разумееце, што вы ўсё роўна ніколі ня зробіце карʼеры дыплямата. Навошта вы падаеце гэтыя дакумэнты?» Але на працягу навучаньня дзяўчыны паказвалі сябе зь вельмі добрага боку, і калі казаць пра вынік нашай вучобы на 5 курсе, то была прыблізна аднолькавая колькасьць дзяўчат і хлопцаў, якія атрымалі чырвоныя дыплёмы, усе яны пасьля даволі добра ўладкаваліся на працу. Я ведаю, што тыя дзяўчыны, якія засталіся ў Беларусі, працуюць на вельмі добрых пасадах — і ў прадстаўніцтве ААН у Беларусі, і ў амбасадах, унівэрсытэтах.

— А дыпляматамі, амбасадаркамі становяцца?

— З таго, што я бачу, пакуль не. Будзем спадзявацца, што гэта ў будучыні, што паступова Беларусь будзе пераходзіць да гэтай агульнасусьветнай практыкі.

«Квоты патрэбныя, каб прымусіць жанчын, якія ня вераць ва ўласныя сілы, быць больш актыўнымі»

— Ёсьць пытаньне, якое часта дыскутуецца. Ці патрэбныя квоты? Яны рэальна існуюць у Беларусі. Загадаў Аляксандар Лукашэнка забясьпечыць пэўную колькасьць жанчын у парлямэнце, такі вынік і атрымалі.

— У мяне неадназначнае стаўленьне да квотаў. З аднаго боку я за мэрытакратыю, за тое, каб людзей ацэньвалі па здольнасьцях, ведах і кваліфікацыях, у незалежнасьці ад пола. Зь іншага боку, калі грамадзтва патрыярхальнае, калі да жанчын у пэўных галінах ня ставяцца сурʼёзна, то, магчыма, квоты патрэбныя, каб прымусіць жанчын, якія ня вераць ва ўласныя сілы, быць больш актыўнымі, выказвацца, ісьці ва ўладу альбо ў тыя галіны, дзе ім нібыта ня месца. Мы можам згадаць гісторыі і жанчын пілётаў, і дзяўчат, якія маюць даволі рэвалюцыйныя для Беларусі прафэсіі. І яны з гэтым спраўляюцца.

Вераніка Лапуцька.
Вераніка Лапуцька.

— Колькі гадоў, як вы ўжо не ў Беларусі?

— 9 гадоў.

— Калі вы вяртаецеся дадому, што для вас з пункту гледжаньня гендэрных адносінаў, гендэрнай этыкі, ужо непрымальнае? Што зьдзіўляе ў параўнаньні з жыцьцём у Эўропе?

— Калі сустракаецца кампанія з хлопцаў і дзяўчат, і хлопцы падыходзяць знаёміцца, то яны падаюць руку толькі хлапцам, дзяўчат нібы не бачаць, а часам могуць нават не прадставіць у зьмешаных кампаніях. Я прызвычаілася да іншага стаўленьня. Зараз мяне гэта проста абурае, але, калі я вучылася ў Менску, гэта была распаўсюджаная практыка зносінаў. Для мяне таксама дзіўна, калі да жанчын, якія прыходзяць выконваць пэўную працу, ставяцца як да дзяўчынкі «прынясі-падай» толькі таму, што гэта дзяўчына, а не хлопец, асабліва часта гэта можа здарацца, калі яна маладая

— У многіх міжнародных справаздачах таксама адзначаецца, што ў сьвеце аплата працы ў жанчын ніжэйшая за мужчын. Але калі паглядзець любы кантракт, то такога там ня можа быць прапісана, у кантрактах пол не агаворваецца. Тым ня менш сапраўды жанчыны атрымліваюць у сярэднім меншыя заробкі, чым мужчыны...

— У нас у Беларусі на кіроўных пазыцыях больш мужчынаў, і заробкі ў іх адпаведна вышэйшыя, а для статыстыкі бярэцца сярэдні паказьнік па галіне. Я нядаўна аналізавала, колькі ў нас жанчын на высокіх пасадах ва ўладных органах. Зараз у нас толькі адна жанчына-міністарка — міністарка працы і сацыяльнай абароны. Лічбы, канечне, мяняюцца, але асноўная колькасьць — гэта мужчыны, жанчыны могуць быць кіраўніцамі аддзелаў.

Можам узгадаць леташні скандал у Галівудзе, калі акторкі масава змагліся ня толькі супраць сэксуальных дамаганьняў, але таксама пачыналі ўголас казаць пра заробкі, пра тое, што акторам і акторкам прапануюць розныя заробкі. І калі гэта адбываецца ў даволі дэмакратычнай дзяржаве ЗША, то што казаць пра нас.

Як улады памыліліся наконт Анісім і Канапацкай

Дэпутаткі Алена Анісім і Ганна Канапацкая
Дэпутаткі Алена Анісім і Ганна Канапацкая

— У парлямэнце Беларусі ёсьць дзьве апазыцыйныя дэпутаткі, якія трапілі на гэтыя пасады ў пэўнай ступені дзякуючы рашэньню ўлады. Ці былі гендэрныя стэрэатыпы ў тым, каго ўлады вырашылі «пусьціць» у парлямэнт?

— Мне падаецца, што гэта зьвязана з успрыняцьцем жанчын як асобаў бязь нейкай сілы і характару, можна сказаць, са спакойным характарам выканаўцы. Для ўладаў жанчыны нібы не ўяўлялі пагрозы для парадку ў парлямэнце. Прымалася такая тэорыя, што жанчыны, калі і будуць у парлямэнце, то яны ня будуць актыўна выступаць, дыскутаваць, што яны будуць спакойна нешта рабіць і ня будзе эксцэсаў.

— Ці ўлады памыліліся?

— Я думаю, што так. Алена Анісаім і Ганна Канапацкая робяць у парлямэнце даволі добрыя рэчы. Улічваючы ўмовы, якія абмяжоўваюць іх дзейнасьць, яны робяць тое, што могуць.

«Улады хочуць паказаць заходнім партнэрам, што Беларусь дэмакратызуецца хаця б у пытаньнях гендэрнай палітыкі»

На зьезьдзе праўладанй партыі «Белая Русь»
На зьезьдзе праўладанй партыі «Белая Русь»

— Вераніка, вы аналізавалі мінулыя мясцовыя выбары ў Беларусі з гендэрнага пункту гледжаньня. На якія асаблівасьці зьвярнулі ўвагу?

— У мясцовых органах улады жанчын стала больш. Гэта сьведчыць пра тое, што ўлады хочуць паказаць заходнім партнэрам, што Беларусь дэмакратызуецца хаця б у пытаньнях гендэрнай палітыкі, што жанчыны атрымліваюць больш улады і паўнамоцтваў. Але мы разумеем, як функцыянуюць у Беларусі мясцовыя органы ўлады, мы разумеем, што яны насамрэч нічога асабліва не вырашаюць. Мы ведаем, што гэтая лічба сапраўды расьце, але ці дае яна рэальную ўладу жанчынам, застаецца пад пытаньнем. Мала хто і ходзіць галасаваць на мясцовых выбарах, мала хто ведае, што засядае ў мясцовых саветах.

«Грамадзтва ня будзе чакаць, што мужчына павінен запрацоўваць сябе да сардэчных прыступаў, дэпрэсій і шкодных звычак»

— Калі казаць пра так званую «жаночую павестку дня», якія тры праблемы найбольш актуальныя?

— Галоўная праблема беларускіх жанчыны — праблема самаацэнкі, якая зьвязваецца з няўпэўненасьцю ў сябе. Адтуль растуць ногі да ўсіх іншых праблем. Жанчыны ня вераць, што яны могуць нечага дасягнуць, што могуць працаваць, дзе хочуць. Гэта вельмі глыбокая праблема, зьвязаная зь мінулым, са стаўленьнем да жанчын у грамадзтве і з эканамічнымі цяжкасьцямі. Жанчына, якая добра зарабляе, самадастатковая, у яе больш упэўненасьці ў сваіх сілах.

Жанчыны ня вераць, што яны могуць нечага дасягнуць, што могуць працаваць, дзе хочуць.

Другая праблема — глыбокая патрыярхальнасьць грамадзтва, калі па-ранейшаму лічыцца, што для жанчыны самае галоўнае ў жыцьці — выйсьці замуж, а праца, карʼера можа пачакаць. Хаця мы ўсе ведаем прыклады, калі жанчына цудоўна спалучае абедзьве ролі, калі хоча. А калі ня хоча, то заўсёды павінен быць выбар. Тое самае павінна быць і з мужчынамі. Калі будзе добрае стаўленьне да жанчын, то будзе і адпаведнае стаўленьне да мужчын. Грамадзтва ня будзе чакаць, што мужчына павінен толькі працаваць і запрацоўваць сябе да сардэчных прыступаў, дэпрэсій і шкодных звычак. Ён таксама павінен мець магчымасьць выбіраць. Можа, ён хоча прысьвяціць сябе сямʼі. Мне падабаюцца заходнеэўрапейскія мадэлі, дзе мужчына можа пайсьці ў дэкрэтны адпачынак, калі жанчына хоча разьвіваць карʼеру. Павінны быць партнэрскія адносіны.

А трэцяя праблема — гвалт у дачыненьні да жанчыны, якія вынікае зь першых двух праблемаў, з адсутнасьці ўпэўненасьці ў сябе і з адсутнасьці альтэрнатывы. Усе тры праблемы зьвязаныя.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG