Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няма ніякага гену, які адказвае за пасіўнасьць у жанчыны»


Ілюстрацыйнае фота.
  • «Гендэрная роўнасьць — гэта не пра жанчын і мужчын, а пра патрыярхат і нас усіх».
  • «Калі вам даюць лімон, вы робіце... кактэйль "Маргарыта"».
  • «Калі мы будзем гаварыць пра гендэрную роўнасьць як факт, а ня як прадмет змаганьня?»
  • «Як мы можам рэкрутаваць жанчын ва ўладу, калі іх першы досьвед гвалт ці харасмэнт?»

Гэта частка глябальнай стратэгіі Швэцыі па забесьпячэньні гендэрнай роўнасьці, якая была агучаная на Глябальным гендэрным форуме, які днямі прайшоў у Стакгольме. Пра фэмінізм, гендэрную роўнасьць і стэрэатыпы гаворым з удзельніцай форуму ад Беларусі, старшынёй праўленьня міжнароднага аб’яднаньня «Гендэрныя пэрспэктывы» і сябрай нацыянальнай рады па гендэрнай палітыцы Ірынай Альхоўкай.

«Бясьпечнае месца для фэміністак і фэміністаў са 100 краінаў сьвету».

— Ірына, вы толькі вярнуліся са Стакгольму. Я сачыла за вашымі допісамі ў Фэйсбуку. У адным зь іх вы напісалі, што «гэты форум быў бясьпечным месцам для фэміністак і фэміністаў са 100 краінаў сьвету». Раскажыце наколькі прадстаўнічым быў форум, ці прагучалі на ім дэклярацыі, якія можна лічыць пэўным крокам у дасягненьні гендэрнай роўнасьці?

— Глябальны форум сабраў больш за 700 удзельнікаў са 100 краінаў сьвету зь вельмі высокім прадстаўніцтвам. Форум наведалі ўрадоўцы Сэрбіі, Малдовы, краінаў «Усходняга партнэрства», заходнеэўрапейскіх краінаў, ЗША, краінаў Лацінскай Амэрыкі, кіраўнікі праграмы разьвіцьця ААН, выканаўчая дырэктарка агенцтва «ААН-жанчыны». Пры гэтым былі прадстаўнікі і прадстаўніцы грамадзянскай супольнасьці розных краінаў сьвету.

Чаму я казала пра бясьпечнае месца для тых, хто называе сябе фэміністкамі і фэміністамі? Мы гаварылі на адной мове, нам ня трэба было пераконваць адзін аднаго, што гендэрная роўнасьць — гэта вялікая каштоўнасьць. Сёньня і актывісты, і ўрады многіх дэмакратычных краінаў сьвету гавораць пра тое, што ідзе вельмі вялікі адкат у сфэры абароны правоў жанчыны і гендэрнай роўнасьці. Ёсьць вялікі антыгендэрны рух. У ім бяруць удзел і правыя палітычныя сілы, можна паглядзець на Польшчу, Вугоршыну, Расею, у Беларусі таксама такія сілы ёсьць.

Ёсьць вялікі антыгендэрны рух.

У антыгендэрным руху лічаць, што гендэрная ідэалёгія разбурае прыроднае наканаваньне жанчыны, тое, дзеля чаго былі народжаныя Богам ці прыродай мужчыны і жанчыны. І гэтыя сілы вельмі моцныя супрацьстаяць у нашым рэгіёне прыняцьцю Стамбульскай канвэнцыі. Гэтая канвэнцыя Рады Эўропы накіраваная на папярэджаньне хатняга гвалту і абарону жанчын ад любых відаў гвалту.

Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Важна, што Глябальны форум агучыў прынятае напярэдадні рашэньне швэдзкага ўраду аб стварэньні і пачатку працы Глябальнай стратэгіі па абароне правоў жанчын і дзяўчынак і гендэрнай роўнасьці на 2018-2022 гады. Гэта першая стратэгія швэдзкай дзяржавы, якая цалкам накіраваная на падтрымку працэсаў дзеля гендэрнай роўнасьці, забесьпячэньня роўных правоў мужчын і жанчын. На гэтую стратэгію вылучаецца 1 мільярд швэдзкіх крон. Гэта дастаткова сур’ёзныя грошы для пяці гадоў.

Яна будуецца на трох пастулятах — абарона правоў жанчын, забесьпячэньне роўнага прадстаўніцтва, пераважна палітычнага, у сфэрах, дзе прымаюцца рашэньні, і доступ да рэсурсаў. Як дамагацца трансфармацыйных зьменаў, а ня проста разавых зьменаў? Зьменамі мы ня лічым колькасьць сэмінараў, якія мы правядзем. Зьмены павінны адлюстроўвацца ў тым, каб мужчыны і жанчыны мелі роўныя правы і магчымасьці для рэалізацыі.

Адным зь ключавых мэтадаў называецца стварэньне фэмінісцкага ўраду, пра што Швэцыя абвясьціла яшчэ ў 2014 годзе, калі зьмяніўся ўрад у папярэдніх выбарах. Міністрам замежных справаў стала Маргот Вальстрам, якая абвясьціла галоўнай задачай свайго кабінэту фэмінісцкую палітыку. Швэцыя — першая дзяржава ў сьвеце, якая ставіць прынцы гендэрнай роўнасьці і прынцып роўнай рэалізацыі правоў і магчымасьцяў мужчын і жанчын у цэнтар сваёй вонкавай і ўнутранай палітыкі. Разглядае такое пытаньне і Канада. Прэмʼер Трудо вядомы сваімі выказваньням у падтрымку правоў жанчын, ён называе сябе фэміністам.

«Паступова фэмінізм ператварыўся ў абразьлівы тэрмін»

— Я як раз нядаўна выставіла на старонку «Толькі жанчыны» у Фэйсбуку відэа, дзе канадзкі прэмʼер Трудо кажа пра тое, што мужчыны ня толькі могуць, але і павінны быць фэміністамі. Чый голас у Беларусі вы хацелі бы пачуць з падобным мэсыджам?

— Найперш я хацела бы пачуць гэта ад тых нешматлікіх жанчын на высокіх дзяржаўных пасадах. Найчасьцей мы чуем ад іх адмаўленьне: «Я не фэміністка, я, канечне, за роўныя правы і магчымасьці, але я не фэміністка». Мне сумна гэта чуць, таму што вельмі многае, што мы маем у палітыцы, забесьпячэньні роўных правоў і магчымасьцей для мужчын і жанчыны ў нашай краіне, бярэ свой пачатак у фэмінізьме.

Каб забясьпечваць раўнапраўе, нам трэба не баяцца фэмінізму.

Савецкі ўрад (мы ў пэўнай ступені зьяўляемся спадкаемцамі) у 1918 годзе абвясьціў пра прынцып раўнапраўя, гледзячы на тое, як актыўна ў сьвеце адбывалася барацьба жанчын за свае правы, найперш палітычныя. Шмат пакаленьняў зьмянілася з тых гадоў, 100 гадоў мінула, і мы забылі пра гэта. І паступова фэмінізм ператварыўся ў абразьлівы тэрмін, і слова «фэмінізм» нясе нэгатыўную канатацыю. З другога боку, каб забясьпечваць раўнапраўе, нам трэба не баяцца фэмінізму, трэба не баяцца прызнаваць сябе прафэміністамі і фэміністкамі. Я часта чую, калі мне гавораць: «Вы такая кампэтэнтная, разумная, прафэсійная, адзінае, што вы фэміністка. А так бы мы вас падтрымалі. Тое, што вы фэміністка, палохае нас, адштурхоўвае».

«Прыродай не дадзена, што жанчыны ня хочуць быць начальнікамі, ня хочуць прымаць рашэньні»

— У працяг тэмы я ізноў жа працытую ваш допіс з Фэйсбуку: «У апошнія гады аднымі з ключавых слоў у маім лексыконе былі словы барацьба і змаганьне. Я стамілася тлумачыць відавочныя рэчы...». У Беларусі слова фэмінізм сапраўды дагэтуль ня тое што табу, але мае для многіх нэгатыўную канатацыю, мала хто зь вядомых людзей уголас называе сябе фэміністкай і фэміністам. Як гэта мяняць? Што мяняць? Ці прагучалі парады ад удзельнікаў форуму? Як гэта мянялася ў іншых краінах?

— Гэта комплексны і працяглы працэс. Ёсьць некалькі стратэгій. Па-першае, стратэгія прыняцьця сацыяльнага характару роляў у грамадзтве. Прыродай не дадзена, што жанчыны ня хочуць быць начальнікамі, ня хочуць прымаць рашэньні. Няма ніякага гену, які адказвае за пасіўнасьць у жанчыны. І няма ніякага гену, які забараняў бы мужчынам умець мяняць пампэрсы, заплятаць косы ці ўмець гатаваць ежу для сваёй сямʼі.

Хто такі сапраўдны мужчына? Той, хто ўжывае гвалт?

Наша культура фармуе нашы ролі. Ад таго, як мы выхоўваем хлопчыкаў і дзяўчынак, залежыць, якія зь іх вырастаюць мужчыны і жанчыны. Пакуль іх выхоўваюць па-рознаму і рыхтуюць да розных роляў. Зразумела, што біялягічная роля жанчыны вынасіць і нарадзіць дзіця будзе заўсёды захоўвацца, але гэта не адзіная роля, якую адыгрываюць жанчыны ў грамадзтве. Сёньня многія эканомікі вельмі моцна завязаныя на працы жанчын. Таму трэба выхоўваць хлопчыкаў і дзяўчынак такім чынам, каб гэтыя нормы іх ролі не абмяжоўвалі.

Для Швэцыі вельмі важнае пытаньне ўцягваньня мужчынаў у падтрымку каштоўнасьцяў гендэрнай роўнасьці. Размова ідзе пра тое, што трэба пераглядаць маскуліннасьць. Хто такі сапраўдны мужчына? Той, хто ўжывае гвалт? Швэцыя рэальна інтэгруе гендэр у розныя сфэры. Гендэрная роўнасьць там ёсьць ня толькі ў палітыцы, дзе збалянсаваны склад кабінэту міністраў, 50 на 50 практычна. Гендэрная роўнасьць пранікла і ў сфэру культуры. Некалькі гадоў дзейнічае спэцыяльны тэст фільмаў, калі фільмы ацэньваюць паводле крытэру, наколькі ён нясе ідэі раўнапраўя.

Некалькі гадоў дзейнічае спэцыяльны тэст фільмаў, калі фільмы ацэньваюць паводле крытэру, наколькі ён нясе ідэі раўнапраўя.

Швэцыя вельмі моцна прасоўвае ідэю гендэрнай роўнасьці ва ўсе сфэры — напрыклад гендэрнага бюджэтаваньня. Як працуе грамадзкі транспарт? Як працуюць дзяржаўныя інстытуты? Наколькі яны ўлічваюць патрэбы мужчын і жанчын? Напрыклад, калі прыходзіць зіма і выпадае сьнег, якія дарожкі трэба чысьціць першымі? Дарогі, па якіх езьдзяць машыны, ці па якіх ходзяць пешаходы? Гэта мае наўпроставае дачыненьне да роўных правоў, таму што сярод аўтааматараў найбольш мужчын, а сярод пешаходаў, сярод тых, хто вядзе дзяцей у школу, больш жанчын. Калі мы больш увагі надаём расчыстцы аўтадарог (хаця бясьпека ўсіх тычыцца), і менш увагі надаём расчыстцы ходнікаў, тым самым ставім людзей у няроўныя умовы.

На форуме казалі пра вялікую ролю палітычнай волі. Можна колькі заўгодна мець нізавых ініцыятываў, яны будуць цікавыя, інавацыйныя, але пакуль у жанчыны няма ўлады прымаць рашэньні, разьмяркоўваць рэсурсы, сядзець за сталом перамоваў дзеля вырашэньня канфліктаў. Ва Ўкраіне, у афрыканскім рэгіёне жанчыны выключаныя з перамоваў аб мірных працэсах. Мужчыны, як правіла, пачынаюць войны, і яны, як правіла, і зьяўляюцца часткай перамоўнага працэсу.

«Гендэрная роўнасьць — гэта не пра мужчын і жанчын, гэта пра патрыярхат і ўсіх нас»

— Часам вельмі важна мець добра сфармуляваныя правілы, дэвізы, якія эфэктыўна працуюць дзеля дасягненьня гендэрнай роўнасьці, як напрыклад некаторыя тэзы швэдзкай стратэгіі. Ці не маглі бы вы іх агучыць.

— Я ўзяла для сябе наступны дэвіз: гендэрная роўнасьць — гэта не пра мужчын і жанчын, гэта пра патрыярхат і ўсіх нас. Мы не зьяўляемся ворагамі адзін для аднаго. Жанчыны не змагаюцца супраць мужчын, а мужчыны супраць жанчын. Мы павінны абʼяднацца, каб расхістаць сыстэму патрыярхальных адносінаў, якая прымушае нас дзейнічаць пэўным чынам, выконваць ролі, якія нас абмяжоўваюць. Гэта ключавое для мяне.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG