Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2 з 57. Чаму сярод беларускіх амбасадараў амаль няма жанчын


Удзельнікі штогадовага сэмінару кіраўнікоў дыпляматычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў Беларусі, які прайшоў у сярэдзіне ліпеня ў Менску, зрабілі на памяць агульны здымак з міністрам замежных спраў Уладзімерам Макеем.

Фота зьявілася на сайце Міністэрства замежных спраў, на ім нельга не заўважыць «гендэрнага перакосу»: сярод амаль 60 чалавек толькі 2 жанчыны.

На сёньня дзень амбасадаркамі Беларусі за мяжой працуюць толькі дзьве жанчыны — Марына Даўгаполава ў Латвіі і Алена Купчына ў Аўстрыі.

Бацян: Рудымэнт савецкага мінулага

Выкладчык факультэту міжнародных дачыненьняў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Міхась Бацян мяркуе, што гэта праблема ня толькі беларуская:

«Самая цывілізаваная дыпляматыя — швэдзкая. Там амаль палова амбасадараў — жанчыны (амбасаду Швэцыі ў Беларусі ачольвае Крысьціна Юханэсан). Але агульная тэндэнцыя ў сьвеце — арыентавацца на амбасадараў-мужчын».

Міхаіл Бацян, у мінулым сам прафэсійны дыплямат, лічыць, што перавага мужчын на пасадах застаецца рудымэнтам мінулага, калі жанчын наагул ня вельмі дапускалі да дзяржаўных спраў.

«Неяк так склалася, што за мяжу едзе працаваць мужчына, а жонка за ім, як жартуюць, прычэпам. Звычайна жонкі ў такіх выпадках не працуюць. А калі наадварот, то мужчынам даволі складана псыхалягічна — муж, які не працуе, пры жонцы-амбасадарцы. Гэта балюча адбіваецца на мужчынскіх амбіцыях», — перакананы Бацян.

Ён кажа, што ў апошнія гады на факультэце міжнародных дачыненьняў БДУ вучацца пераважна дзяўчаты:

«Іх цяпер болей за 80%. Але гэта не гарантыя, што нават зь цягам часу беларускіх амбасадарак істотна паболее. Справа ў тым, што зь іхніх выпускнікоў у МЗС трапяць усяго двое-трое на год. У найлепшым выпадку — чацьвёра».

Дамінуе мускульная мужчынская інтэрпрэтацыя палітыкі

Валянціна Лявоненка
Валянціна Лявоненка

Валянціна Лявоненка восем гадоў уваходзіла ў камісію Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах. Яна лічыць, што перакос на карысьць дыпляматаў-мужчын — адлюстраваньне сытуацыі, якая склалася на ўсёй постсавецкай прасторы.

«Гэтая мускульная мужчынская інтэрпрэтацыя палітыкі дамінуе. І ў Беларусі таксама. Хоць у нас шмат здольных жанчын. І калі б паставілі мэту — знайсьці жанчын на пасаду амбасадара, то гэта было б няцяжка. Але існуе традыцыя — чамусьці прадстаўляць краіну за мяжой павінен мужчына», — кажа Валянціна Лявоненка.

Былая дэпутатка упэўненая — жанчыны ўпрыгожваюць палітыку.

«Вярніцеся да футбольнага чэмпіянату сьвету. Хто з палітыкаў там найбольш запомніўся? Мне, і, я думаю, яшчэ шмат каму, менавіта жанчына — прэзыдэнтка Харватыі. Ну люба-дорага глядзець было. Яна прыўносіць такую пяшчотнасьць у палітыку, робіць яе нашмат больш прывабнай».

Прэзыдэнтка Харватыі Калінда Грабар-Кітаравіч падчас фінальнага матчу чэмпіянату сьвету па футболе
Прэзыдэнтка Харватыі Калінда Грабар-Кітаравіч падчас фінальнага матчу чэмпіянату сьвету па футболе

Садоўскі: Мужчыны лепей прадаюць тавары за мяжой

Першы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Пётра Садоўскі кажа, што ў беларускай дыпляматыі ёсьць адна спэцыфічная рыса — Лукашэнка ацэньвае працу амбасадара найперш паводле таго, колькі беларускіх тавараў прадалі ў краіну, дзе месьціцца дыпмісія.

«У нас нацыянальны імідж, культура, гісторыя дзесьці на трэцім месцы. Наколькі я бачу, Латушка нешта робіць карыснага ў гэтым пляне ў Францыі ды Партугаліі. Пра іншых амаль нічога не чуваць», — кажа Садоўскі.

Пётра Садоўскі
Пётра Садоўскі

На першым пляне ў беларускага дыплямата цяпер эканоміка, таваразварот, на гэта неаднойчы ўказваў Аляксандар Лукашэнка.

«Канечне, і сярод жанчын ёсьць людзі, здольныя да бізнэсу, эканомікі. Але гэта справа ўсё ж мужчынская. І калі глядзець на замежных дзеячоў ад эканомікі, там таксама пераважаюць мужчыны. І сярод жанчын ёсьць файныя бізнэсоўцы, але пераважна са сфэраў шоў-бізнэсу, „гарачых“ фінансаў. Аднак калі глядзець, як кажуць немцы, на прадстаўнікоў „рэйнскага індустрыяльнага капіталізму“, то і там жанчын мала. Гэтая праца лепш удаецца мужчынам. Таму і такія прызначэньні», — падсумоўвае Пётра Садоўскі.

Усяго амбасадарак у Беларусі было сем

За ўсю гісторыю сучаснай беларускай дыпляматыі ранг амбасадара мелі сем жанчын. Акрамя ўжо згаданых Даўгаполавай і Купчыной, дыпмісіі ачольвалі:

  • у Італіі і Турэччыне — Натальля Дрозд;
  • у Канадзе і Францыі — Ніна Мазай;
  • у Казахстане — Ларыса Пакуш;
  • у Нідэрляндах — Алена Грыцэнка;
  • у Рэспубліцы Карэя — Натальля Жылевіч.

«Дзяўчаты, вы ўсё роўна ніколі ня зробіце кар’еры дыплямата»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG