Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто дапаможа сямʼі Равенкаў з шасьцю дзецьмі пабудаваць кватэру?


Шматдзетная маці Любоў Равенка з малымі сынамі ў найманай кватэры
Шматдзетная маці Любоў Равенка з малымі сынамі ў найманай кватэры

Сямʼя Равенкаў са Слоніма, у якой шасьцёра дзяцей, ня мае на першы ўзнос для будаўніцтва кватэры 3600 новых рублёў, або старымі 36 мільёнаў. У крэдыце банкі ім адмовілі. Раённыя чыноўнікі сказалі, што такой дапамогі даць ня могуць, і папярэдзілі: калі грошай ня будзе, то іх здымуць з ільготнай чаргі. Равенкі кажуць, што ня маюць нават дзе пазычыць такія грошы, і надалей жывуць у найманым доме.

Бюджэт сямʼі Васіля і Любові Равенкаў, у якіх шасьцёра дзяцей, складаецца на сёньняшні дзень з заробку спадара Васіля — каля 500 рублёў, і з 350 рублёў сацыяльнай дапамогі на дзяцей. Спадарыня Любоў у дэкрэтным адпачынку — малодшаму хлопчыку два годзікі.

Малодшы сын Равенкаў — Міша, яму два гады
Малодшы сын Равенкаў — Міша, яму два гады

Дом, які яны наймаюць у прыватным сэктары Слоніма, даволі прасторны — нават пры такой вялікай сямʼі месца ўсім хапае. За арэнду штомесяц плацяць дзьвесьце новых рублёў. Камунальныя паслугі без ацяпленьня набягалі да 70 рублёў.

— Вядома, для нас гэта ня танна. Але затое тут ёсьць і гарачая, і халодная вада, лазенка, прыбіральня, газ — для такой вялікай сямʼі, як наша, гэта вельмі значна, — кажа спадарыня Любоў.

Гаспадыня паказвае дом, праводзіць па пакоях, дзе сьпяць і вучацца дзеці. У хаце толькі два малодшыя хлопчыкі — Данік і Міша. Чатыры дзяўчаткі цяпер у школе, старэйшай ужо 14. Дома чыста і цёпла. Мэблі няшмат, але ёсьць дзіцячыя цацкі, кампутар, кніжкі.

Спальня малодшых дзяўчатак
Спальня малодшых дзяўчатак

Спадарыня Любоў трохі ўсхваляваная. Яна нешта гатавала для сямʼі. Кажа, што дзяўчаткі са школы вяртаюцца звычайна пасьля 18-й гадзіны, бо, акрамя ўрокаў, займаюцца танцамі, наведваюць гурткі, вучацца працаваць на кампутары. Муж, спадар Васіль, таксама вяртаецца з працы каля 19-й гадзіны. Ён працуе ў адным зь сельгаспрадпрыемстваў раёну вэтэрынарным лекарам.

Гатаваць даводзіцца амаль цэлы дзень
Гатаваць даводзіцца амаль цэлы дзень

Першае, што мяне цікавіць, — як выйшла, што шматдзетная сямʼя з шасьцю дзецьмі дагэтуль ня мае кватэры?

Спадарыня Любоў кажа, што спачатку жылі з мужам на вёсцы ў старэнькай хаце ягонай маці. У іх ужо было чацьвёра дзяцей, як прыйшла нейкая камісія з пажарнікамі, паабрывалі старую праводку і сказалі, што дзеці ў такіх умовах жыць ня могуць. Адразу паставілі на ўлік у сьпіс сацыяльна нядобранадзейных семʼяў і сказалі, што калі ня зьменяць жыльлё, то дзяцей забяруць у прытулак.

— Я тады вельмі моцна напалохалася, калі сказалі пра дзяцей. Мы сабралі свае рэчы і пераехалі ў другую вёску, нанялі там дом і пачалі жыць. Я ўжо тады адчула стаўленьне дзяржавы да шматдзетнай сямʼі, бо нам не прапанавалі дапамагчы адрамантаваць дом, не прапанавалі іншага жыльля — а адразу, маўляў, забяром дзяцей...

Данік і Міша любяць гуляць на кампутары
Данік і Міша любяць гуляць на кампутары

У Слоніме сямʼя Равенкаў апынулася пасьля таго, як гаспадар хаты запатрабаваў вызваліць памяшканьне. Ісьці не было куды, і таму паехалі ў горад. Знаёмыя дапамаглі знайсьці кватэру, спадар Васіль знайшоў працу, сталі на ільготную чаргу. А пазьней сытуацыя склалася так, што прыйшоў гаспадар кватэры і запатрабаваў, каб праз тры дні выселіліся, бо знайшоў пакупніка і прадае кватэру.

— Я ня ведала тады, што рабіць, і пайшла на прыём да старшыні райвыканкаму Алега Таргонскага. Распавяла яму ўсю сваю гісторыю. Ён выклікаў падначаленую і загадаў, каб мне паказалі арэнднае жыльлё, дзе б мы маглі жыць. Кватэры, якія нам паказалі, былі непрыдатныя для жыцьця, без камунальных выгодаў, у страшэнным стане. Я сказала, што не магу туды завесьці шасьцёра дзяцей.

Альбом зь дзіцячага садка
Альбом зь дзіцячага садка

Спадарыня Любоў кажа, што безвыходнасьць прымусіла зноў ісьці да старшыні райвыканкаму. Той прапанаваў адзін варыянт: уносьце 3600 рублёў узнос, маўляў, пазычайце дзе хочаце, шукайце — будуецца дом, і вы атрымаеце кватэру. Але гэта было нерэальна, бо ніхто такіх грошай пазычыць ня мог.

— Муж напісаў заяву на працы, ён тады працаваў на камвольным камбінаце, каб далі пазыку. Але там адмовілі, спаслаўшыся на тое, што грошай няма, а прадпрыемства ў стадыі банкруцтва. Спрабавалі прасіць крэдыт у банку, але і там адмовілі, спаслаўшыся на закон, што ня могуць гэтага зрабіць, бо даходы ў сямʼі малыя. Мы пахадзілі яшчэ па розных кабінэтах і зразумелі, што ніхто нам нічым не дапаможа. Добра пакуль толькі тое, што ўдалося знайсьці дом, каб наймаць. І вось цяпер тут жывём.

Прыйшло паведамленьне — унесьці ўзнос 3600 рублёў на кватэру
Прыйшло паведамленьне — унесьці ўзнос 3600 рублёў на кватэру

Спадарыня Любоў паказвае ліст, які нядаўна атрымалі з райвыканкаму, пра неабходнасьць уносіць узнос у памеры 3600 рублёў на будоўлю кватэры.

З спадаром Васілём размаўляю праз тэлефон. Цікаўлюся — як плянуе выходзіць з сытуацыі, ці ўдасца знайсьці грошы на першы ўзнос? Паводле яго, выйсьця папросту не відаць.

— Нам людзі падказалі падчас выбарчай кампаніі зьвярнуцца да кандыдатаў у дэпутаты. Я зьвярнуўся да сябраў БХД. Пакуль яны дапамагаюць нам юрыдычнымі парадамі, а гэта ў нашай сытуацыі ўжо хоць нешта. А грошай узяць ну нідзе ня можам. А яшчэ ж дом здаецца так, што ў самой кватэры рамонт давядзецца рабіць. А гэта зноў немалыя сродкі.

Шматдзетная маці Любоў Равенка
Шматдзетная маці Любоў Равенка

Спадарыня Любоў дадае, што ўзнос у суме 36 мільёнаў старымі — гэта ўсё, што яны маюць заплаціць за кватэру. Астатні крэдыт на будаўніцтва, паводле заканадаўства, павінна аплочваць дзяржава, бо ў сямʼі шасьцёра дзяцей.

— Але і гэтая сума самая што ні на ёсьць сурʼёзная праблема — дзе ўзяць такія грошы? У мяне бацькоў няма, родныя ня могуць дапамагчы, у мужа — тая ж сытуацыя.

Размаўляю са слонімскім актывістам БХД Іванам Бедкам. Цікаўлюся, якім чынам іхняя партыя можа дапамагчы шматдзетнай сямʼі, якая зьвярнулася да іх па дапамогу. Бедка кажа, што праблему абмяркоўвалі ня толькі зь мясцовымі актывістамі, але і ў Менску сябры партыі шукаюць выйсьця з гэтае сытуацыі.

Іван Бедка
Іван Бедка

Паводле яго, уражвае тое, што дзяржава нібыта дапамагае шматдзетным семʼям, але ў канкрэтным выпадку сямʼя з шасьцю дзецьмі ня можа рэальна пабудаваць кватэру. І ў законе дзеля гэтага нічога не прадугледжана. Актывіст дзівіцца, што і ў мясцовых уладаў на такі выпадак не прадугледжана ніякай дапамогі.

— Пакуль адзінае, што мы маглі зрабіць, — наладзілі юрыдычную кансультацыю для сямʼі Равенкаў, а таксама зьвярнуліся да СМІ з просьбай агучыць гэтую сытуацыю. Бо так ня можа быць, каб сямʼя, у якой шасьцёра дзяцей, ня мела свайго жыльля. Мы нават думаем, што пачнём зьбіраць грошы па ўсёй краіне для сямʼі Равенкаў, калі дзяржава ня здольная нічым дапамагчы. У нас жа толькі ў тэлевізары паказваюць шчасьлівыя шматдзетныя семʼі, а ў жыцьці мы бачым і іншыя прыклады...

Цікаўлюся ў спадарыні Любові — ці не спрабавалі яны атрымаць кватэру ў вёсцы, дзе працуе муж? Аказваецца, спадар Васіль цікавіўся гэтым пытаньнем. Але яму адказалі, што там няма адпаведнага дома для іхнай сямʼі.

— І цяпер, пажыўшы ў горадзе, ні я, ні дзеці ня хочам на вёску. Тут усё побач, дзеці лепей разьвіваюцца, школа добрая, ходзяць паўсюль на танцы, кампутарам займаюцца, у іншыя гурткі. Тут усе выгоды, а ў вёсцы ўзімку нават хуткая дапамога часам ня можа даехаць. Дзецям тут падабаецца. І чаму мы тады павінны ехаць ізноў у вёску?

Спадарыня Любоў кажа, што па жыцьці ня любіць хадзіць і прасіць дапамогі, але сытуацыя склалася так, што давялося зьвяртацца. Праўда, спадзеву вялікага ня мае, бо рэальнага выйсьця ня бачыць.

— Я і па ўладных кабінэтах пахадзіла, адчула стаўленьне да сябе. У мяне шасьцёра дзяцей, а ніводнага разу нават на Дзень маці нікуды не запрасілі, не павіншавалі, нават паштоўку ніхто не даслаў. Не люблю скардзіцца, але проста канстатую ўсё гэта. Ва ўладных кабінэтах нават даводзілася чуць ад чыноўнікаў: "А пра што ты думала, калі нараджала столькі дзяцей?.. Мне знаёмыя казалі, каб брала шасьцёра дзяцей і ішла ў кабінэт да старшыні райвыканкаму і не выходзіла адтуль да таго часу пакуль не дадуць кватэры. Але, разумееце, я не такі чалавек...

Я паспрабаваў датэлефанавацца да старшыні райвыканкаму Алега Таргонскага, але ў прыёмнай мне патлумачылі, што ён бярэ ўдзел у мерапрыемстве, прысьвечаным Дню маці, якое ладзіцца сумесна з праваслаўнай царквой на цэнтральнай плошчы гораду.

Ва ўпраўленьні працы, занятасьці і сацыяльнай абароне насельніцтва Слонімскага райвыканкаму намесьніца старшыні Вера Антоненка, выслухаўшы расказ пра праблему, патлумачыла, што сямʼя і цяпер можа зьвярнуцца ў аддзел сацыяльнай дапамогі па месцы жыхарства, і там можа быць выдзеленая адрасная дапамога. Але сума пэўна ня будзе 3600 рублёў. Зрэшты, Антоненка паабяцала, што давядзе гэтую сытуацыю да кіраўніка райвыканкаму на чарговай плянэрцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG