Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мінпрацы адмовіліся камэнтаваць зьвесткі пра скарачэньне дэкрэтнага водпуску з 3 да 2 гадоў


Дапамога на выхаваньне дзіцяці, ілюстрацыйнае фота

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны адмовілася камэнтаваць зьвесткі дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай пра нібыта падрыхтаваныя зьмены ў тэрміны дэкрэтнага водпуску — ад цяперашніх 3 да 2 гадоў.

Напярэдадні дэпутатка пацьвердзіла журналістам, што падобная прапанова агучвалася падчас абмеркаваньня канцэпцыі «Прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусь і асноўных макраэканамічных парамэтраў да 2022 году», якую рыхтуе прэзыдэнцкая адміністрацыя. ​

Як адзначыла Свабодзе прадстаўніца ведамства Вольга Шцін, няма патрэбы зьвяртаць увагу на кожнае выказваньне, якое зьяўляецца з той ці іншай нагоды.

Размовы пра неабходнасьць скарачэньня часу догляду дзіцяці гучаць ня першы год. Яшчэ ў 2016-м тагачасны памочнік прэзыдэнта ў эканамічных пытаньнях Кірыл Руды, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў, казаў пра зьмяншэньне дэкрэтнага водпуску — маўляў, нідзе ў сьвеце няма падобнай палёгкі, нават у заможняй Заходняй Эўропе гэты тэрмін складае блізу году.

Летась на адмысловым паседжаньні Савету рэспублікі, прысьвечаным сацыяльнай палітыцы, таксама ўздымалася пытаньне перагляду працягласьці водпуску, які даецца жанчынам зь дзецьмі да 3 гадоў.

Неабходнасьць такога кроку аргумэнтавалася тым, што фінансавая дапамога сем’ям выплочваецца са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, што кладзецца ўсё больш адчувальнай нагрузнай на бюджэт. З другога боку, жанчыны за такі тэрмін трацяць кваліфікацыю і адрываюцца ад прафэсійнай рэальнасьці.

У Беларусі памер выплаты прывязаны да сярэднемесяцовага заробку па краіне: на першае дзіця ён складае 35%, на другое і наступных — 40%. У эўрапейскіх краінах дапамога прывязаная непасрэдна да заробку бацькоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG