Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія дзеці будуць атрымліваць па 130 даляраў штомесяц. Ажно да 18 год


Стары горад у Варшаве

Сэйм Польшчы прыняў сёньня зьмены ў закон аб дапамозе ў выхаўваньні дзяцей. Ад ліпеня кожнае польскае дзіця будзе атрымліваць штомесяц па 500 злотых (130 даляраў) ажно да паўналецьця, паведамляе Gazeta Wyborcza.

Ранейшы закон прадугледжваў такую дапамогу толькі ў выпадку надзвычай нізкіх даходаў сям’і. Усеагуальная дапамога ў памеры 130 даляраў прадугледжвалася толькі пачынаючы ад другога дзіцяці.

Папраўкі ў закон здымаюць усе абмежаваньні наконт даходаў. Дапамогу атрымае кожнае польскае дзіця, у тым ліку і дзеці, якія знаходзяцца ў дзіцячых дамах. Урад краіны падлічыў, што гэтай дапамогай скарыстаецца 6 млн 800 тысяч дзяцей.

Моцны сацыяльны ўхіл у Польшчы пачаўся пасьля перамогі на парлямэнцкіх выбарах кансэрватыўнай партыі «Права і Справядлівасьць» у 2015 годзе. Сёньняшняя папраўка ў закон — гэта рэалізацыя аднаго з пяці абяцаньняў лідэра партыі Яраслава Качыньскага.

Тыдзень таму прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў закон аб «Пэнсіі плюс». Гэта таксама адно з абяцаньняў Качыньскага. Раз у год польскія пэнсіянэры будуць атрымліваць так званую 13-ю пэнсію. «На рукі» яны атрымаюць па 206,5 эўра. Выплаты павінны пачацца ў траўні. Трэцяй абяцаньне, якое таксама рэалізуецца, вяртаньне адмененых раней аўтобусных маршрутаў у правінцыі. Два апошнія — гэта адмена падатку для рабочых да 26 гадоў і зьмяншэньне падатку для рабочых.

Польская апазыцыя жорстка крытыкавала ўрад за празьмерную сацыяльную скіраванасьць, але сёньня закон быў падтрыманы дэпутатамі і ад апазыцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG